Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    2627282930311
    2345678
    9101112131415
    16171819202122
    23242526272829
    303112345

Общество


Вітаньне вам на самым парозе сьвят. Сабралася вось пагаварыць з вамі пра Каляды, да якіх падступаемся, з гледзішча рацыяналіста: што яшчэ памятаем і шануем сабе на абярог з прадаўніх звычаяў, а што й зусім адышлося ў нябыт; шкодзіць веданьне традыцыі, зводзячы да прымітыву мысьленьне, альбо паджыўляе тысячагадовай энэргіяй? Ці мае гэта які-кольвек сэнс у разуменьні сучаснага чалавека? Здаецца ж, усё набытае, вынайдзенае людзтвам у тысячагадовай дарозе цывілізацыі ніяк не выдае на горшае за каторы старажытны абрад.

Дынамічна зьмяняецца час, валадараць новыя рытмы, складаюцца зусім інакшыя, чым у продкаў, адносіны чалавека й прыроды, неба й зямлі. Перажытае ўжо, адбытае земляробчае мысьленьне. Пашырэлі інтэлектуальныя далягляды. Чалавек урбанізаваны, замкнёны ў гарадзкой арганізаванай прасторы, страціў, пэўне што, духовае энэргіі, адлучыўшыся ад жывых крыніц, але вінен быў здабыць новых кантактаў, збудаваць іншую, адпаведную зь перамененымі сусьветнымі варункамі, супольнасьць.

Выглядае, што сучасьніку даволі камфортна пачувацца ў аб'ектыўна створаных умовах. Прынамсі, не чутно, каб нехта турботна настойваў на павяртаньні да прадзедавых народных календароў ды намагаўся ўкараняць у жыцьцё рытуалы, безь якіх некалі аніяк ня мог абысьціся ў днёх і справах, у намерах і плянах наш папярэднік. Аднак жа наўрад ці каго з сучасьнікаў абмінула сустрэча зь сівой архаікай, увасобленай у зваротах да роду па дазвол - ці то на сяўбу, ці на вясельле, на загуканьне вясны альбо распачын жніва.

І на Каляды, і на Дзяды найперш клічуць да стала, на покуць, Духі продкаў: наладжваюць кантакт сьвету Гэтага й Таго, скуль усе зьяўляемся й куды выпраўляемся ад зямлі. Аднаму гэта бачыцца недарэчным рэліктам, іншаму - сьвятадзеяй, здатнай уплываць на лёс, а яшчэ камусьці - дзівам дзіўным: як, маўляў, магло выжыць і захавацца праз усе забароны й забыцьці.

Акурат паводле ўспрыманьня традыцыйнае культуры мы й перабываем падзеленымі ў сваёй краіне. І не старэйшыя людзі - насуперак лёгіцы - выяўляюць найбольшую прыхільнасьць да народных сьпеваў, танцаў і абрадаў, але якраз моладзь, адлучаная, здавалася, назаўжды й пазбаўленая мала-мальскай мажлівасьці дазнаццца каранёў. Прычым, дашукваюцца падмацаваньня з вытокаў гараджане, не абцяжараныя комплексам непаўнавартаснае "дзярэўні".

Памкненьне чалавека з асфальтаванага пляцу да сьвятарнае дубровы ёсьць натуральным. Адметным падаецца тое, што на ветаху тысячагодзьдзя адчужанасьць ад свайго стала замінаць інтэлектуалу, інтэлігенту, узгадаванаму ў пустцы, прыгаломшанай ад чужых песень і сурагатнае гаворкі. Усялякай жывой істоце бо хочацца абароны, пэўнасьці. Аказалася, што нацягненая на сябе рускасьць - каб стаць культурнейшым - ні трошкі не ахоўвае й не надае магуты. Адно прыгінае. Жывеш рыхтык не ва ўласную сьвітку ўлезшы.

Перадусім гэта адчулі тонка зарганізаваныя асобы, а таму прагна сталі жывіцца з помнага й цёплага грунту, уважаючы сябе за пераемнікаў тае абрадавасьці, якой адцураліся бацькі й якую яшчэ ня позна ўратаваць на суцеху дзядом. У народзе, дарэчы, лякарскі й вядунскі досьвед гэтаксама перадаваўся й набываў дзейснасьць адно праз пакаленьне: ад бабулі - унукам. Можа быць, сярэдняе зьвяно ў гэтым ланцужку мае ролю адно мосту-злучніка?..

Ведама ж, уся сыстэма павер'яў, суадносінаў з Космасам ладавалася несупынна. Але ж мы апынуліся ў стане хворым, змарнелым, і з таго мусім ратавацца надзвычайнымі сродкамі. Прырода й памяць выкіравалі мудра: зьбераглося тое, што найбольш адпавядае нам цяперашнім, што ёсьць нашаю праяваю ў сьвеце - хай сабе мы таго й не сьвядомім.

Прыкмецім: з усяго багацьця Калядаў на рытуалы, сымбалі й тэатральныя дзеі, якія вызваляюць чалавека ад штодзённасьці й выводзяць на ўзаеміны з Вышнасьцю, сёньня беларус выбірае... варожбы. Не бывае ў сьвеце нічога выпадковага, і надзвычайнае цягненьне да прадказальніцтва, варажбаваньня, выяўленае на зьмене эпох на ўсёй плянэце, у нас мае свае характарыстычныя адметнасьці.

Бо мы, як ніхто іншы, - прынамсі, пасярод Эўропы - пасьпяшаліся пераапрануцца ў модныя строі, прыхаваўшы за прыпечкам усё народнае - а значыць ахоўнае. І паўсталі перад зьдзіўленым сьветам ...аголенымі. Нам зрабілася халодна й няўтульна, ніякавата, быццам не сваё месца прыхапілі, ня свой дастатак да рук прыгрэблі.

Насамрэч усё якраз наадварот: не чужое, да якога хінецца жывое стварэньне, замінае яму, бо яно дапаўняе, пабагачае сутнасьць, калі прыжыўляецца да душы. Але без уласнага, прыродна-прызначанага ўсялякая істота чуецца калекаватай, недасканалай, няпоўнай.

Гэтак, мне колькі разоў выпадала выслухоўваць балючыя спаміны сталых ужо людзей, якія ўцякалі зь Беларусі куды-небудзь недалёка - на шахты альбо ў морскія порты, пазбываючыся вясковае мовы, зь якое вычварна зьдзекаваліся гэткія ж, ды нібыта ўжо акультураныя, гарадзкія землякі.

У Латвіі ці Эстоніі, дый на Ўкраіне, дзе гаворка гэтак цешыць роднаю мэлёдыкай, паціху напрацоўвалася самадастатковасьць, бо з быдлячага, мужыцкага маўленьня ніхто не збыткаваў. Разумееце ж: хіба толькі прафэсіянал-лінгвіст умее не паказаць свае беларускасьці ў плыні іншае моўнае культуры. Бальшыня ж нас чутная беларусамі паўсюль, дзе ні апынуліся б.

Аднак мала хто гэтым ганарыцца, як тое ўласьціва іншым нацыям. Мала хто адважваецца дэманстраваць беларушчыну як вартасьць - пакуль што гэтакіх можна на пальцах пералічыць. Бо далёка ж ня кожны з тых, каго завем сёньня адраджэнцамі, запраўду ўсюды й заўжды годна чуецца прыналежным да Беларусі й не засланяецца таею самаю расейскасьцю, якая зноў-такі выдае асабовую няўклюднасьць.

Вось яна дзе карэніцца, нашая прыцягненасьць да варажбы: у спадзеве вызнаць тое, што не адужваеш зладаваць сам, чаго не сягнеш усьляпую. Нявольніку, які баіцца, сарамаціцца самога сябе, застаецца толькі ўчапіцца за надзею: нехта невядомы ўсё даўно спраграмаваў яму на карысьць і шчасьце дый пакажа тое ў каляднай магіі. Выходзіць, быццам ты сам усё творыш, а ў Каляды адкрываецца вакенца ў будучынь. І гэтакіх шчылінак, празь якія намагаемся прагледзець наступнасьць і якія ўцешна лічым за вокны альбо й брамы, у нашай традыцыі процьма. Чаму й не скарыстаць?

Зважма: ня надта каб верылі цяпер ды ўлічвалі народныя прыкметы. Глыбінна мы ўразумелі: парушаючы экалягічную гармонію, разбурылі й праўдзівую повязь прыродных зьяваў. Таму ні навошта ня трэба цяпер тыя прыкметы.

Да радасьці, тут гэтаксама адбываецца паваротка: маладзейшыя намацваюць энэргетычныя кропкі судакрананьня з Сусьветам. Шкада: іх адно жменька. Ды затое ж зьяўленьне іх на гэтай зямлі вястуе пра спадчыннасьць народнае культуры. Калі хочаце, - пра няўміручасьць таго нацыянальнага коду, які прачытваецца звыш.

Гэтакім чынам дзеецца ўсяленскі закон падабенства "як уверсе, гэтак і ўнізе". Ведама ж, закон працуе й у процілеглым кірунку: што дасылаем, на тое прыходзіць адказ. Прычым, як на зямлі, гэтак і ў небе з інфармацыяй працуюць - і атрымаем інакшае, чым выпраўлялі.

Дык што ж мы яшчэ здольныя засвоіць з каляднае Веды й перадаць у сьвет Тонкі, скуль мусіць быць рэагаваньне, ці падмога ў рэалізацыі нашых задум і плянаў? Наколькі захавалася майстэрства магіі - мастацкага й псыхалягічнага збудаваньня сытуацыі, якую хочам скласьці ў рэчаіснасьці?

Сьпяваньня калядак - стварэньня вібрацыйнае плыні ад долу да сёмага неба, дзе месьціцца рай, замала цяперака на ўсю краіну, каб крышталёвы мост паяднаньня перакінуўся ад Бога да нас і збылося жаданае. А мы ж цяпер сталіся маўкліваю супольнасьцю ў сьвеце, хаця й валодаем агромністым сьпеўным скарбам. Містэрыі з удзелам пэрсанажаў, знакавых для Каляд - моманту зварушэньня касьмічнага жыцьця ў чэраве сьмерці-сну - ёсьць ужо гульнёю, але не магічнай дзеяй.

Застаецца самым даступным і ўплывовым сродкам супрацы з Вышнімі сіламі варажба. Бо мы яшчэ не дарасьлі наноў, як некалі прадзеды, да адказнасьці за свой лёс, мы адно дазваляем сабе паваражыць, памаракаваць пра яго. І гэтае наша адсланеньне ад сьпеваў, што ёсьць гімнам самым сабе й краю, ад існае значнасьці абрадаў, якія ператвараем у забаву, люструе разгубленасьць народу, згоднага пакуль хутчэй даверыцца некаму невядомаму, хто фармуе з варожбаў рэальныя падзеі, чым самым сабе альбо дзяржаве.

Неадольны недавер жыцьцю, сабе, людзтву, зыходзячы зь неадменнага закону падабенства, адбіваецца ў варожбах, якія ёсьць мэханізмамі магічнымі: нам паказваецца тое, што гатовыя ўгледзець. Памятаеце: Багдановіч у вершы "Ты ночкаю каляднай варажыла" прамалёўвае, што адкрыла дзяўчыне вада - утрымальнік інфармацыі ў запытаньні пра любага: знак сьмерці. Інакш і быць не магло: паэт знаходзіўся ў стане прадчуваньня сьмерці, і адказ засьведчыў факт збытым. Бо ў падсьвядомасьці аўтара гэта было замацавана.

Таму добра было б дакеміць: пакуль ня верым сабе й шукаем шляху, варожачы, але адхіляючыся ад прынцыпаў суўдзелу з быцьцём у збудове інакшае рэчаіснасьці, - не здабываем пэўнасьці й моцы. А Каляды - дый усе іншыя старавечныя абрады - выводзяць-такі на дарогу ўзыходжаньня. Мяркуйце самы, ці варта да тае дарогі выходзіць, ці прысьпела пара ўзяць кіраваньне доляй у свае рукі. Тады й кожная традыцыя абернецца падказкай і падмогай з прамінулых эраў.

Бывайце ж дзеля гэтага здаровы, як рыжык баровы, - кажу вам па-каляднаму. І зычу здабыць адпачатнага сьвятла, якое зьнізойдзе да зямлі ў Вялікую куцьцю, першую, калі продкі расчыняюць сусьветныя весьніцы ад статыкі-зімы да руху-сонца, чыняць паварот з начы ў дзень, са спакою ў дзеяньне. Нам трэба гэтае энэргіі набрацца, каб ўвайсьці ў весну - спрадвечны Новы Год-нараджэньне - таленавітымі й гордымі майстрамі жыцьця.

Антаніна Хатэнка

Радыё Рацыя