Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    2627282930311
    2345678
    9101112131415
    16171819202122
    23242526272829
    303112345
  • Популярное

Общество


Не спадзявацца, а тварыць - тысячагодзьдзе толькі пачынаецца!

Мінуў першы год трэцяга тысячагодзьдзя. Чым ён запомніўся нам, беларусам, нашым суродзічам за мяжою? Якія падзеі ў нашай памяці вылучацца як падзеі 2001 году? З чым і з кім мы будзем атаясамліваць у нашай памяці першы год ХХІ стагодзьдзя? З просьбаю ўспомніць найважнейшыя падзеі мінулага году, згадаць, што вызначала апошнія 12 месяцаў нашае жыцьцё Рацыя папрасіла ведамых культурных і грамадзкіх дзеячоў: Адама Мальдзіса, Зінаіду Бандарэнку, Міхаіла Фінбэрга, Валянціна Акудовіча, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Барыса Кіта, Аляксандра Надсана, Івана Пашкевіча, Аляксея Марачкіна, Івонку Сурвілу, Радзіма Гарэцкага, Вольгу Іпатаву, Cяргея Панізьніка, Захара Шыбеку й Яна Запрудніка.

2001 год у нашай памяці застанецца, бясспрэчна, дзьвюма падзеямі - выбарамі й тэрактамі: чарговым пераабраньнем Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта й жудаснаю трагедыяй у ЗША ды зьвязанаю зь ёю антытэрарыстычнай кампаніяй у Аўганістане.

Адам Мальдзіс, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру кажа, што для яго найгалаўнейшай падзеяй 2001 году сталіся тэракты ў Амэрыцы: "Я, калі гэта ўсё адбывалася, быў якраз у Варшаве й неяк так бяздумна ляпаў па ўлучальніку тэлевізара, і раптам нейкая італьянская тэлекампанія стала паказваць толькі адзін малюнак: самалёты, якія ўрэзваліся ў будынак Усясьветнага Гандлёвага цэнтру. Я спачатку не зразумеў: падумаў, што гэта фантастычны фільм. І толькі пералучыўшыся на нямецкі канал, я дакеміў: гэта страшная катастрофа, якая насьпявала ў сьвеце даўно, якая павінна прымусіць нас адумацца. Пачалася эпоха блізкая да апакаліптычных часоў. У чалавецтве пасеяўся страх. Страх паралізоўвае волю чалавека й пазбаўляе яго магчымасьці прымаць самастойныя рашэньні. Гэты страх трэба пераадолець".

На думку сп. Мальдзіса падзел эпох нашыя нашчадкі будуць праводзіць не па традыцыйных крытэрах - ня да й пасьля новае эры, але да й пасьля даты 11 верасьня.

Былая папулярная тэлевядоўца Зінаіда Бандарэнка кажа: "1-ы год 3-га тысячагодзьдзя бязьлітасна зьмяніў нашае жыцьцё. Дагэтуль мы, беларусы, асэнсоўвалі сваё жыцьцё як да Чарнобылю й пасьля Чарнобылю. Цяпер нашая трагедыя як быццам бы адышла на другі плян. Цяпер мы ўсё часьцей чуем, што сьвет уступіў у Трэцюю Ўсясьветную вайну: гэта страшна й балюча. А Беларусь перажывае новы эканамічны стрэс, і жыць становіцца цяжэй.

У жыцьці Зінаіды Бандарэнкі ў 2001 годзе таксама адбыліся значныя зьмены. Яе звольнілі зь Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Міхаіла Фінбэрга за тое, што сп-ня Зінаіда падтрымала на прэзыдэнцкіх выбарах Уладзімера Ганчарыка. Як падкрэсьлівае сама сп-ня Бандарэнка, цяпер яна пайшла на "цалкам вольнае самастойнае жыцьцё, дома сядзець не даводзіцца".

А Міхаіл Фінбэрг увесь год жыў бясконцымі музычнымі імпрэзамі. Галоўны ж вынік 2001 году, на думку Міхаіла Фінбэрга, гэта захаваньне стабільнасьці ў нашай краіне: "Шмат чаго было ў гэтым годзе. Для мяне галоўнай падзеяй быў Фэстываль беларускае паэзіі й песьні ў Маладэчне. Я мяркую: галоўная падзея, што мы працуем".

2001 год шмат для каго стаў годам разьвітаньня з ілюзіямі. Беларуская інтэлігенцыя пазбаўляецца ад рамантызму, фармуецца іншы, больш рэалістычны, погляд на жыцьцё. Вось што кажа пра гэта філёзаф Валянцін Акудовіч: "У гісторыю чалавецтва 2001 год увойдзе тэрактамі ў Амэрыцы. У гісторыю Беларусі - прэзыдэнцкімі выбарамі. А ў маю асабістую гісторыю - тым, што для мяне канчаткова выразілася футурыстычная формула рэальнае Беларусі. Гэта значыць, што я канчаткова разьвітаўся з адраджэнскім мітам і ведаю, якой Беларусь будзе й павінна быць, каб захаваць сваю нацыянальную істу".

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін прызнаўся, што для яго 2001 год быў у нечым незвычайны: "1-ы год 3-га тысячагодзьдзя быў багаты на падзеі: як на сумныя, гэтак і на прыемныя. Ён быў багаты на роспач і на спадзеў. Адзінае, што радуе мяне, - гэта рост нацыянальнае сьведамасьці сярод маладых".

Аднак сп. Барадуліна, як ён прызнаўся, засмуціла сёлета дэмакратычная апазыцыя й яе паводзіны ў часе выбарчае кампаніі: "Ня важна было, каго выбіраць, а важна, відаць, - мяняць рэжым. Уся надзея мая ўсё ж на моладзь, на моладзь і яшчэ раз на моладзь. Прыйдзе новае пакаленьне - і Беларусь усё ж будзе беларускаю".

Дапамагчы беларусам стаць адзіным народам павінна нацыянальная ідэя, ідэя незалежніцкая - мяркуе Ніл Гілевіч: "Каб аб'яднацца й кансалідавацца, трэба ведаць, на чым, на якім грунце, на якой вялікай грамадзкай ідэі задзіночвацца. Аб'яднаньне й кансалідацыя могуць ісьці толькі на грунце беларускае нацыянальнае ідэі, ідэі беларускае дзяржаўнасьці. Тут нам варта спасылацца на досьвед былых дзяржаваў Савецкага Саюзу, якія будуюць свае незалежныя дзяржавы, можам паглядзець у гэтым сэнсе й на прыклад краін былога сацыялістычнага лягеру: Польшчы ды іншых".

"Беларусам трэба перайсьці да дэмакратыі", - уважае ўсясьветна вядомы прафэсар матэматыкі, доктар філязофіі й фізыкі, акадэмік Міжнароднай Акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы, беларус Барыс Кіт, які цяпер жыве ў Нямеччыне: "Трэба перайсьці як-небудзь на дэмакратычны лад жыцьця. Абавязкова. Дыктатуры ва ўсім сьвеце замучылі людзей. У Савецкім Саюзе была дыктатура, было цяжка, а пасьля зноў перайшлі на такую самую сыстэму. І гэта вельмі дрэнна. Вось на Захадзе людзі нашмат шчасьлівей жывуць з дэмакратыяй, як на Ўсходзе".

З пасланьнем да слухачоў Рацыі зьвярнуўся апостальскі візытар для беларусаў-каталікоў ува ўсім сьвеце айцец Аляксандар Надсан: "Хацеў бы для нас усіх шчасьця й ласкі Божае. Каб мы навучыліся адно аднаго слухаць, слухаць, што іншыя гавораць. Можа, дойдзем да якое згоды, каб запэўніць лепшую долю ўсяму народу. Тое, што нас лучыць, - тое Божае. Тое, што нас дзеліць, - людзкое. Гэта вельмі важна: каб мы дайшлі да згоды, да паразуменьня".

"Як дойдзем да згоды - то будзе й еднасьць народная", - кажа айцец Надсан.

Галоўнай падзеяй мінулага году для сябе дэпутат Іван Пашкевіч назваў працу ў Палаце прадстаўнікоў. "Упершыню за апошнія гады парлямэнт пачаў паказваць сваю самастойнасьць", - зацеміў сп. Пашкевіч. Самаю ж галоўнаю падзеяй году, разам з трагедыяй 11 верасьня, Іван Пашкевіч адзначыў прэзыдэнцкія выбары ў нашай краіне - у адмоўным кантэксьце: "Яны не змаглі вывесьці краіну з палітычнага й эканамічнага крызысу. Для мяне гэта скрушна. Гэтая палітычная сытуацыя будзе ўплываць на мяне й у 2002 годзе".

Старшыню Саюзу пісьменьнікаў Вольгу Іпатаву найбольш уразіла сёлетняя ініцыятыва групы энтузіястаў кланаваць Хрыста: "Для мяне гэта сьведчаньне вялікага крызысу нашае цывілізацыі: неразуменьне таго, што толькі дух робіць чалавека тым, чым ён ёсьць... І змагары за Беларусь моцныя менавіта духоваю вышынёю, якое паўтарыць практычна немагчыма, бо ў гэтым унікальнасьць чалавека".

Для Вольгі Іпатавай, як яна прызналася, найважнейшай падзеяй мінулага году стаў ХІІІ Зьезд Саюзу пісьменьнікаў, які, як кажа сп-ня Іпатава, "пацьвердзіў курс беларускіх пісьменьнікаў на абарону роднае мовы й незалежнасьці Беларусі": "Менавіта Саюз пісьменьнікаў - галаўны саюз сярод усіх творчых саюзаў, і ад таго, якім ён будзе, вельмі многае залежыць у нашым духовым жыцьці".

Мастак Аляксей Марачкін прызнаўся, што 2001 год стаў найбольш плённым у ягонай творчасьці: "Што нас турбавала ў гэтым годзе? Гэта і выбары, гэта і тэрарызм, а ў асабістым жыцьці гэты год быў для мяне найважнейшы - упершыню ў Палацы мастацтва адбылася мая юбілейная маштабная выстава. І я зусім нядаўна вярнуўся зь Нямеччыны, дзе ў Мюнстэрляндзе я паказаў сэрыю сваіх акварэляў на матыў твору старагрэцкага пісьменьніка Лёнга "Дафніс і Хлёя"".

Для Радзіма Гарэцкага 2001 год быў больш сумны, як вясёлы, - прызнаўся наш ведамы акадэмік-геоляг: "Я хварэў вельмі моцна. Другі мінус - так званае рэфармаваньне нашае Акадэміі навук: мне ня вельмі падабаецца, як гэта ідзе. І яшчэ сёлета мяне ўзрушыў усплеск крымінальнага руху: і 11-га верасьня ў Амэрыцы, і ў нас ня вельмі спакойна. Дзе ж тая наасфэра, да якое мы імкнёмся? На нашым нацыянальным фронце падзеі таксама ня надта добрыя: і вынікі выбараў мне ня надта падабаюцца, і падзеі з Курапатамі, і наступ на нацыянальнае адраджэньне нашае. На жаль, больш сумных падзеяў, як вясёлых".

"Аднак будзем змагацца й спадзявацца на лепшую будучыню", - ня страчвае аптымізму сп. Гарэцкі.

А пісьменьнік Cяргей Панізьнік ці не найбольш аптымістычны ў ацэне пэрспэктваў нацыянальнага руху. Трагічныя падзеі 2001 году сп. Панізьнік не разглядае як фатальныя: "Я ўсьцешаны, што малады век, які пачаўся, больш кіпцюрыстым стаў, больш стала развагі, аналітыкі, паразуменьня й выпрацоўваецца праграмнасьць нашае хады. Паболела будзіцеляў. Будзіцелі працуюць найперш на глыбінцы, а гэта значыць - меншае безназоўнасьці. Ёсьць нешта агульнае, тое, што яднае ўсіх насельнікаў дзеля ідэі. Так, мне шкада, што мяне назвалі фашыстам за тое, што я размаўляю па-нашаму. Але гэта значыць, што ў грамадзтве ёсьць папраўдзе нейкая варажнеча. І нам трэба таксама працаваць дзеля нашага суіснаваньня. Не спадзявацца, а тварыць, не расслабляцца, бо гэтулькі яшчэ многа работы - тысячагодзьдзе толькі пачынаецца!"

Гісторыку, былому дырэктару Нацыянальнага гістарычнага музэю, а цяпер рэдактару часопісу "Спадчына" Захару Шыбеку сёлета найбольш запомніўся ягоны хатні тэлефон.

З.Ш.: - У гэтым годзе ён празьвінеў, як мне здаецца, рэкордную колькасьць разоў. І я гэта ўважаю за найбольшае сваё дасягненьне, бо гэта сьведчыць, што я ня толькі захаваў сваё кола сяброў, але значна яго пашырыў.

RR: - Вы сёлета сталі галоўным рэдактарам "Спадчыны", часопісу, які пэўны час існаваў у няпэўным стане. Наколькі важная была для Вас гэтая падзея?

З.Ш.: - Для мяне гэтая падзея была важная, бо зьявілася магчымасьць зрэалізаваць свой творчы й навуковы патэнцыял.

Вядомы дзеяч беларускага руху на эміграцыі, гісторык і журналіст Ян Запруднік мінулы, 2001-ы, год таксама адзначыў як плённы для навуковае працы, не зважаючы на неспрыяльную сытуацыю ў сьвеце: "Год 2001 будзе запомніцца як год гвалту ўва ўсясьветным маштабе, год гвалту над свабодаю выбару ў Беларусі, дзе адбылося махляваньне галасамі выбарнікаў. Год гэты быў і годам працы: працы над беларуска-ангельскім слоўнікам, працы над рэдагаваньнем "Запісаў" Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку, над кніжкаю "Дванаццатка", якую я цяпер канчаю пісаць. Гэты год быў таксама годам прыбываньня ў краіны Захаду людзей зь Беларусі, што сьведчыць пра несвабоду ў Беларусі. Словам, 2001 год прайшоў трагічна й драматычна, але адначасна творча, з надзеяй на тое, што нашая праца дасьць плён і спрычыніцца да таго, каб наступны, 2002 год, быў лепшым".

З пажаданьнем плёну ў справе ўмацаваньня дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі да сукрэвічаў зьвярнулася Івонка Сурвіла, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі: "Дарагія суродзічы! Вітаю вас з каляднымі сьвятамі й з глыбіні сэрца жадаю вам добрага здароўя, асабістага шчасьця й дабрабыту ў новым годзе. Усё жыцьцё верыла ў якасьці беларускага народу, у нашую жыцьцяздольнасьць, у нашую годнасьць у нядолі, у нашую мужнасьць. Моцна веру ў гэтыя якасьці й сёньня. І таму моцна прашу вас: ня дайце нікому адабраць у вас ваш беларускі дом, вашую незалежную дзяржаву, пакажэце ўсяму сьвету, што вы годныя яе гаспадары, што вас аніхто не абдурыць. Толькі ў сваім доме народ наш можа дасягнуць спакою, дабрабыту й шчасьця для сваіх дзетак і ўнукаў. Дык жадаю вам, дарагія суродзічы, веры ў свае здольнасьці, у сваю будучыню, што дазволіць вам абараніць свой дом. Памажы вам Божа! Жыве Беларусь!"

"Можна пры любой уладзе заставацца беларускім чалавекам, самым сабою. Для гэтага ня трэба гераізму. Адно крыху павагі да сябе й да тых, хто цябе нарадзіў. Беларусь мае цудоўныя пэрспэктывы. Неістотна, што тут многае трэба пачынаць з нуля. Галоўнае, што ёсьць з кім", - так мяркуе вядомы бард Зьміцер Бартосік. І пад гэтымі словамі падпішацца, мабыць, кожны, хто верыць у лепшую будучыню роднага краю. Нават непрыемныя драбніцы мінулага году ня здольныя спыніць нашага руху да вольнага й заможнага жыцьця.

Віктар Корбут

Радыё Рацыя