Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Своеасаблівым чынам "павіншавала" кіраўніцтва Беларускага тэлебачаньня супрацоўнікаў Дырэкцыі пэрспэктыўнага вяшчаньня з Новым годам. Каля сарака чалавек не атрымаюць сёлета ўзнагароды з вынікаў году, вядомай у народзе як трынаццаты заробак. Сытуацыя магла падацца й звычайнай, каб ня склалася на галоўным інфармацыйным рупары дзяржавы й калі б не наводзіла на пытаньне пра выкананьне заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Дырэкцыю пэрспэктыўнага вяшчаньня БТ з сумным жартам клічуць "Дырэкцыяй беспэрспэктыўнага вяшчаньня". У ёй працуюць, а дакладней, лічацца колькі соцень чалавек. Згодна з плянамі рэфармаваньня БТ, цягам бягучага году супрацоўнікі рэдакцыяў падавалі творчыя заяўкі на новыя праграмы. Заяўкі Дырэкцыі пэрспэктыўнага вяшчаньня ігнараваліся. Тым ня менш, людзей не звальнялі, і нават плацілі, хай не вялікія, але заробкі. На думку сяброў прафбюро Дырэкцыі пэрспэктыўнага вяшчаньня, на іх робяць псыхалягічны й эканамічны ціск. Кажа Алена Давыдава.

А.Д.: - У большасьці выпадкаў выплаты былі зьнятыя беспадстаўна. З парушэньнем працоўнага заканадаўства. Таму што каб пазбавіць чалавека прэміі, трынаццатай зарплаты, павінны быць дысцыплінарныя спагнаньні з вынясеньнем загаду наймальніка. Але ў большасьці выпадкаў такіх распараджэньняў кіраўніцтва не было.

А вось меркаваньне Вячаслава Варкунова.

В.В.: - Могут аргументировать, например, таким образом: люди не были на проектах, у них нет программ, передач, они не выходили в эфир и т.д. Но это уже не наши проблемы! Мы как можем, так и работаем. Если нас не выпускают в эфир, - это уже проблемы руководства. Мотив действий руководства простой: надо убрать людей с телевидения. Мы для них - балласт.

Кіраўніцтва БТ прыдумала яшчэ некалькі навагодніх сюрпрызаў для шматлікага калектыву БТ. Цяпер на тэлевізію трэба прыходзіць, як на завод - роўна а дзявятай. Хто ведае спэцыфіку тэлевытворчасьці, - разумее, што на TV ня можа быць жорсткага графіку. Хтосьці бярэ камэру, хтосьці мантажуе, хтосьці займае студыю: і не зь дзявятай да сямнаццатай, а згодна з раскладам. Цяпер тэлевізійніку, які мусіць мантажаваць, напрыклад, а 17-й, давядзецца зь дзявятай - сем гадзінаў! - боўтацца бяз справы ў чаканьні ўласна працы.

Каб ніхто не ўмыкнуў, зрабілі адмысловы аддзел нутранога, так бы мовіць, контрвышуку. А ў дапамогу людзям уводзяць электронныя карткі, якія фіксуюць прыход і зыход з працы дакладна да сэкунды. Найперш навінкі працоўнага графіку б'юць па работніках Дырэкцыі пэрспэктыўнага вяшчаньня, якія фактычна адхілены ад творча-вытворчга працэсу. Тлумачыць кіраўнік прафбюро Дырэкцыі Віталь Сямашка.

В.С.: - Праекты працаўнікоў нашае Дырэкцыі папросту не разглядаліся, хаця мусілі разглядацца праграмным мастацкім саветам цягам месячнага тэрміну. Гэта значыць - на самой справе трынаццатага заробку павінны быць пазбаўленыя генэральны прадусар Хрусталёў і загадчык аддзелу спэцыяльных праектаў Сьцепаненка. Яны адказваюць за праход пададзеных творчых праектаў на разгляд у праграмным мастацкім савеце.

Пакуль прафсаюзныя дзяячы Дырэкцыі пэрспэктыўнага вяшчаньня паспрабуюць улагодзіць працоўны канфлікт унутры БТ. Калі не атрымаецца - справа пойдзе ў суд.

Севярын Квяткоўскі

Радыё Рацыя
0058648