Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Сустрэчы беларускіх і расейскіх рэгіянальных лідэраў звычайна суправаджаюцца палітычнымі заявамі наконт вечнага й непарушнага сяброўства паміж двума народамі, а таксама расповядамі пра вялікія магчымасьці эканамічнага супрацоўніцтва, пэрспэктывы ўзаемавыгоднага гандлю й нават стварэньня сумеснай вытворчасьці. На жаль, пратаколы аб намерах, якімі звычайна заканчваюцца візыты расейцаў і паездкі беларусаў, так і застаюцца дэклярацыямі нерэалізаваных намераў. Магілеўская вобласьць заключыла больш за дзясятак пагадненьняў з расейскімі рэгіёнамі й рэспублікамі. Але ці ёсьць ад гэтага карысьць, ніхто дакладна ня ведае.

Днямі дэлегацыя Магілеўскай вобласьці вярнулася з Кемерава. Паездка была маштабнай: каля 40 кіраўнікоў розных прадпрыемстваў, у тым ліку й чыноўнікі Міністэрства эканомікі, вялі перамовы з кемераўскімі ўладамі наконт гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва й яго пэрспэктываў. Цяпер справа за рэалізацыяй плянаў.

Пагадненьне паміж Кемераўскай вобласьцю й Беларусьсю падпісана яшчэ ў 1998 годзе, але ў сувязі зь фінансавым крызысам ягоная рэалізацыя была адкладзена. Аднаўленьне супрацоўніцтва, каардынатарам якога прызначана Магілеўская вобласьць, адбылося ў час перадвыбарчай кампаніі сёлета, калі губэрнатар Кемераўскай вобласьці Аман Тулееў прыехаў у Беларусь і падтрымаў кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку гарачымі прамовамі са сцэны Сьвята беларускага пісьменства й друку ў Мсьціславе.

З вынікаў цяперашняга візыту ў Кемерава магілеўскай дэлегацыі падпісаныя сумесныя заявы губэрнатараў расейскай і беларускай вобласьцяў і пратакол. Згодна з гэтымі дакумэнтамі, мяркуецца даставіць у Кемерава магілеўскай прадукцыі на суму 20 мільёнаў расейскіх рублёў. "Прамысловая лізінгавая кампанія" з Магілеву атрымала права пастаўкі тэхнікі на 900 тысяч расейскіх рублёў.

Сумы ня вельмі значныя, асабліва па лізінгу - у вядомай тэлегульні можна выйграць больш грошай. Але ў сёньняшняй сытуацыі зь вялікімі запасамі прадукцыі на складох магілеўскіх прадпрыемстваў і гэта можа стаць падтрымкай для шэрагу заводаў.

Кемераўскія ўлады ў адказ на прапановы магілеўцаў нават згадзіліся даць на распараджэньне Рэспублікі Беларусь вугальны разрэз і прапанавалі супрацоўніцтва ў сфэры біяхіміі й вытворчасьці лекаў.

Аднак кіраўнікі беларускай дэлегацыіі разам з агучваньнем такіх грандыёзных плянаў заявілі, што патрэбны вялікі адміністратыўны рэсурс, кантроль і улік, каб выканаць усё азначанае.

Чыноўнікі сьцьвярджаюць, што прадпрыемствы звычайна робяць першыя пастаўкі й забываюцца на сувязі, усталяваныя на ўзроўні рэгіёнаў. Хаця яны, па сутнасьці, мусяць быць удзячнымі "вэртыкалі" за наладжваньне мастоў - уласная дылерская сетка магілеўскіх заводаў, як кажуць, хутчэй мёртвая, чым жывая, а пра Інтэрнэт-старонкі тут пакуль толькі мараць.

Улады вінавацяць дырэктарскі корпус за бязьдзеяньне. Дырэктары прадпрыемстваў даводзяць, у сваю чаргу, што выгоды ад супрацоўніцтва маюцца толькі на паперы, а не ў рэальнасьці. І ў таго ж Кемерава зусім няма грошай. Расейцы хочуць атрымаць беларускую прадукцыю у абмен на вугаль, а прадпрыемствам Магілеўшчыны больш за ўсё патрэбны грашовыя знакі, валюта.

Таму й не працуюць усе гэткія дамовы з расейскімі рэгіёнамі й застаюцца ад вялікіх пэрспэктываў супрацы адны палітычныя заявы ды намеры. У Магілеўскай вобласьці падобных дамоваў 14, і яны не працуюць, бо экспарт істотна не павялічыўся, а рэнтабэльнасьць вытворчасьці падае - гэта гаворыць пра тое, што прадукцыя не прадаецца з выгодай.

Дарэчы, на гэтым тыдні ў Магілеве перабывала яшчэ адна расейская дэлегацыя - на гэты раз з Тулы. Падпісана чарговая дамова, паводле якое нават мяркуецца стварыць сумеснае прадпрыемства па зборцы камбайнаў. У мясцовай прэсе зьявіліся аптымістычныя нататкі кшталту "Тула стала бліжэй". А ці спраўдзіцца хоць што з гэтага, - ніхто ня ведае.

Ганна Юрчанкова

Радыё Рацыя
0058648