Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    2627282930311
    2345678
    9101112131415
    16171819202122
    23242526272829
    303112345

Общество


Хаця ягоная праца на пасадзе кіраўніка КНГ АБСЭ афіцыйна завяршаецца толькі 31 сьнежня. Аднак жа Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі працягне сваю працу. Напярэдадні свайго ад'езду спадар Вік даў інтэрвію Рацыі, зь якім наш карэспандэнт знаёміць вас у сёньняшняй Тэме дня.

Ад'езд амбасадара Ганса-Георга Віка - адметная падзея палітычнага жыцьця Беларусі. На пасадзе кіраўніка КНГ АБСЭ ён адпрацаваў чатыры гады - з моманту адкрыцьця Місіі. Мэтай КНГ АБСЭ было кансультаваньне ўладаў, апазыцыі й няўрадавых арганізацыяў, як гэта занатавана ў Дэклярацыі Стамбульскага саміту АБСЭ, падпісанай асабіста Аляксандрам Лукашэнкам.

Асноўная мэта Місіі застаецца ранейшай: падтрыманьне дыялёгу па правядзеньні свабодных і сумленных выбараў. Апошнія парлямэнцкія й прэзыдэнцкія выбары не былі, з вызначэньня АБСЭ, свабоднымі й справядлівымі. Значыць, Місія АБСЭ ў Беларусі пакуль ня выканала свае задачы. І значыць: яна павінна падоўжыць сваю працу ў межах раней вызначанага мандату.

Справядлівая й незалежная ацэнка экспэртамі АБСЭ праведзеных у нашай кріане выбараў не спадабалася ўладам. Прэзыдэнт Лукашэнка беспадстаўна зьвінаваціў Ганса-Георга Віка й КНГ АБСЭ за ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі, і нават паабяцаў выслаць спадара Віка з тэрыторыі нашай краіны.

Дачыненьні ўладаў з АБСЭ сапсаваліся менавіта пасьля леташніх парлямэнцкіх выбараў. А потым, у часе прэзыдэнцкіх выбараў, улады змагаліся то з назіральнікамі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека, то з прадстаўнікамі ўпаўнаважанага АБСЭ па свабодзе прэсы, а то з КНГ АБСЭ й асабіста амбасадарам Вікам. Апошнім часам улады перасталі адкрыта пагражаць спадару Віку высылкай, аднак працягвалі "выжываць" яго з краіны ды ігнараваць як прадстаўніка АБСЭ.

Усё гэта выглядала непрыгожа й чынілася з парушэньнем усялякіх дыпляматычных нормаў. Нарэшце ніводзін прадстаўнік афіцыйнага Менску не зьявіўся на прыёме, ладжаным Гансам-Георгам Вікам з нагоды ягонага ад'езду зь Беларусі. Гэтакае стаўленьне да дыплямата, які рэпрэзэнтаваў АБСЭ ў нашай краіне. Гэткаю ёсьць пазыцыя беларускіх уладаў адносна ўсіх краінаў - сяброў гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі.

Грамадзянін Нямеччыны Ганс-Георг Вік на дыпляматычнай службе з 1954 году. Працаваў амбасадарам ФРГ у Іране, з 1977 да 1980 году ачольваў дыпляматычную місію ФРГ у Савецкім Саюзе. Затым цягам пяці гадоў спадар Вік быў сталым прадстаўніком Нямеччыны ў NАТО. З 1990 да 1993 году кіраваў амбасадай ФРГ у Індыі. Нарэшце, з 1998-га да 2001-га, амбасадар Вік - ачольнік КНГ АБСЭ ў Беларусі.

Напярэдадні ад'езду зь Менску Ганс-Георг Вік даў эксклюзіўнае інтэрвію Рацыі, у якім падвёў вынікі сваёй працы ў Беларусі й вызначыў пэрспэктывы місіі АБСЭ.

RR: - Маё першае пытаньне да Вас, спадар Вік: як Вы ацэньваеце вынікі дзейнасьці місіі АБСЭ ў Беларусі за гэтыя чатыры гады пад Вашым кіраўніцтвам?

Г.-Г.В.: - Ёсьць і пазытыўныя, і нэгатыўныя вынікі чатырохгадовай працы. Адной з мэтаў было правядзеньне свабодных і дэмакратычных выбараў. Гэтая мэта дагэтуль не была дасягнута. Улады супрацьдзейнічалі ўсім прапановам КНГ АБСЭ й Эўрапейскіх інстытутаў па правядзеньні выбараў у адпаведнасьці з прынцыпамі АБСЭ. Выбары аказаліся паказным мерапрыемствам уладаў і мэханічна пацьвердзілі паўнамоцтвы структур, якія знаходзяцца пры ўладзе. Місіі па назіраньні за выбарамі, якія былі накіраваны Эўрапейскімі інстытутамі, у розных формах выказалі незадаволенасьць рамкавымі ўмовамі: найперш, умяшаньнем структур "вэртыкалі" ў выбарчы працэс, незбалянсаваным фармаваньнем складу выбарчых камісіяў, нарэшце парушэньнямі пры падліку галасоў. Сетка ўнутраных назіральнікаў пацьвердзіла парушэньні парадку галасаваньня й падліку галасоў. Зь іншага боку, на працягу чатырох мінулых гадоў адбываліся важныя зьмены ў грамадзянскай супольнасьці: восем палітычных партыяў аб'ядналіся ў 1999 годзе ў Кансультацыйную раду. У тым жа годзе гэтая Рада правяла перамовы з прадстаўнікамі ўладаў наконт падрыхтоўкі першых, пакуль яшчэ абмежаваных, рэформаў. Прэзыдэнт Лукашэнка скасаваў пагадненьне, падпісанае 5 лістапада 1999 году, па доступе апазыцыі да электронных і друкаваных СМІ, кантраляваных дзяржавай, і потым перашкаджаў усім іншым ініцыятывам у правядзеньні перамоваў такога кшталту. Ад гэтага часу Рада партыяў працуе ў якасьці каардынатара палітычнай пазыцыі й адначасова сацыяльнай апазыцыі ў пытаньнях дэмакратычнага разьвіцьця краіны, стасункаў з Эўрапейскімі інстытутамі й наагул з замежжам. Усталяваўся дастаткова добры палітычны клімат, а таксама добрыя чалавечыя ўзаеміны. Пасьля заканчэньня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня ў студзені 2001 году Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў разглядаецца як важны партнэр у перамовах на міжнароднай арэне. Нарэшце палітычная й сацыяльная апазыцыя дамовіліся напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у гэтым годзе аб стварэньні кааліцыі й вылучылі адзінага кандыдата, які дасягнуў добрых вынікаў, нягледзячы на дыскрымінацыйныя рамкавыя ўмовы правядзеньня кампаніі. Эўрапейскія інстытуты вельмі пазытыўна азначылі палітычнае разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Натуральна, Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў павінна зноў і зноў даказваць сваю дзеяздольнасьць на нацыянальным і міжнародным роўнях. Яна яшчэ не зусім аптымальна падрыхтавана для гэтага. Такая мая ацэнка 4-гадовай дзейнасьці.

RR: - Спадар Вік, зь якой мэтай была заснаваная КНГ АБСЭ? Вядома ж: такія місіі існуюць толькі ў гэтак званых "праблемных" краінах...

Г.-Г.В.: - Пастаянная Рада АБСЭ заснавала КНГ АБСЭ ў верасьні 1997 году з мэтай судзеяньня ўладам у разьвіцьці дэмакратычных інстытутаў, а таксама яна закліканая сачыць за выкананьнем Рэспублікай Беларусь сваіх абавязкаў у рамках АБСЭ й дакладаць па гэтым пытаньні. Пад час саміту кіраўнікоў краін і ўрадаў дзяржаваў - удзельніц АБСЭ ў 1999 годзе ў Стамбуле падпісаная дэклярацыя, у тым ліку й прэзыдэнтам Лукашэнкам, у якой адзначалася: КНГ АБСЭ павінна супрацоўнічаць з уладамі, апазыцыяй і няўрадавымі арганізацыямі для пераадоленьня канстытуцыйных супярэчнасьцяў, якія ўзьніклі з 1996 году, а таксама ў накірунку стварэньня падмурку для свабодных і дэмакратычных выбараў. Місіі АБСЭ ствараюцца з розных прычынаў і ў розных формах. У іншых краінах пераходнага пэрыяду місіі АБСЭ павінны выконваць тыя ж задачы, якія выконвае КНГ АБСЭ ў Беларусі.

RR: - Афіцыйныя ўлады, кіраўнік краіны нэгатыўна рэагавалі на Вашую дзейнасьць. Некаторыя апазыцыянэры ў Беларусі зьвінавачвалі Вас за тое, што Вы праводзілі ў нашай краіне няправільную палітыку. Як Вы ацэньваеце сваю ролю ў палітычным жыцьці Беларусі? Што ўдалося й што хацелася б пажадаць?

Г.-Г.В.: - Было б пажадана, каб у інтарэсах краіны й яе грамадзян Беларусь праз дэмакратычныя пераўтварэньні знайшла шлях да ўваходжаньня ў Эўрапейскія інстытуты: напрыклад, у Раду Эўропы й Парлямэнцкую асамблею АБСЭ. Важныя перадумовы для гэтага створаны ў грамадзянскай супольнасьці. Дыялёг, пабудова кааліцыяў і ўдзел у выбарах, нават калі яны праводзяцца не ў адпаведнасьці з прынятымі дэмакратычнымі нормамі, зьяўляюцца сёньня трывалымі элемэнтамі палітычнага клімату, які ствараецца грамадзянскай супольнасьцю. Аўтарытарная й цэнтралізаваная структура дзяржаўных органаў дагэтуль дыстанцуецца ад гэтых палітычных пэрспэктываў. Мы спадзяёмся, што аўтарытарныя дзяржаўныя структуры будуць арыентавацца на агульнапрызнаныя нормы.

RR: - Спадар Вік, на Ваш погляд, ці зьменіцца палітыка АБСЭ адносна Беларусі?

Г.-Г.В.: - Я не чакаю зьменаў у пазыцыі АБСЭ й краінаў - сяброў АБСЭ.

RR: - На Ваш пгляд, што павінна памяняцца ў Беларусі ў першую чаргу?

Г.-Г.В.: - Воля да сапраўдных дэмакратычных рэформаў павінна быць усьвядомлена й праявіцца ў канкрэтных кроках у накірунку паўнамоцтваў парлямэнту, рамкавых умоваў для выбараў, дзяржаўных СМІ й талерантнасьці да палітычнай апазыцыі.

RR: - Спадар Вік, зь якімі ўражаньнямі Вы пакідаеце Беларусь?

Г.-Г.В.: - Пры дэмакратычных і рынкавых умовах Беларусь мае добрыя магчымасьці, каб дасягнуць дабрабыту й стаць важным элемэнтам эўрапейскай эканамічнай прасторы. Я спадзяюся, што гэтага ўдасца дасягнуць у бліжэйшай будучыні.

RR: - І апошняе пытаньне: што Вы пажадаеце нашым грамадзянам, палітыкам, уладам?

Г.-Г.В.:- Свабодных і дэмакратычных выбараў, панаваньня закону й незалежнасьці судоў, а таксама абароны правоў чалавека.

На гэтакіх зычаньнях нашай краіне завершылася інтэрвію з амбасадарам Гансам-Георгам Вікам, якое ён даў Рацыі напярэдадні свайго ад'езду зь Беларусі. Зь ягоных словаў, Місія АБСЭ застанецца ў Беларусі да таго часу, пакуль тут ня будуць праведзеныя дэмакратычныя рэформы. Спадар Вік таксама не назваў імя свайго пераемніка на пасадзе кіраўніка КНГ АБСЭ - з тае прычыны, што гэтае імя пакуль не названае й старшынём АБСЭ.

Аляксандар Дашчынскі

Радыё Рацыя