Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


На фоне павышэньня коштаў на ўсе асноўныя тавары й паслугі, прыемным выключэньнем выглядае паведамленьне пра зьніжэньне цаны на хлеб і хлебныя вырабы ў трох памежных з Расеяй сельскіх раёнах Магілеўшчыны. Аднак насамрэч гэта заслуга расейскіх пекараў і прадпрымальнікаў. Беларускі хлеб папросту не вытрымлівае канкурэнцыі з расейскім.

Беларуска-расейскае памежжа вельмі чуйна рэагуе на эканамічную сытуацыю ў дзьвюх краінах, а насельніцтва на сутыкненьні іх абавязкова знаходзіць свой інтарэс, выгаду ад гандлю.

Праўда, даўно мінулі часіны так званых "чаўнакоў", якія цягалі зь Беларусі ў Расею кайстры з танным харчаваньнем. Цяпер усё наадварот: з расейскіх прастораў на памежныя беларускія найчасьцей трапляюць хлебныя вырабы. Смак прыстойны, а кошт адчувальна меншы.

Хлебны бізнес на памежжы атрымаў вялікі распаўсюд, а насельніцтва, якое вымушана ашчадна ставіцца да кожнай капейчыны, толькі вітае распродаж таннага хлеба й зусім не наведвае хлебныя сэкцыі мясцовых дзяржаўных крамаў.

У выніку аб'ёмы рэалізацыі прадукцыі хлебазаводаў памежных з Расеяй раёнаў зьнізіліся да крытычнай адзнакі. І неўзабаве вытворчае аб'яднанне "Магілеўхлебпрам" вымушанае было зьнізіць цэны на хлеб у трох сельскіх раёнах - Касьцюковіцкім, Клімавіцкім і Крычаўскім. У сярэднім кошты зніжаныя на 8%, і цяпер расейскі і беларускі хлеб каштуе прыкладна аднолькава.

У Магілеўхлебпраме тлумачаць гэта інтэрвэнцыяй расейскага хлеба на нашую тэрыторыю - ды такіх маштабаў, якія ўжо немагчыма было не заўважаць. Стратаў, праўда, ад такога зьніжэньня коштаў не прадбачыцца: памежныя хлебазаводы будуць працавць з нулявой рэнтабэльнасцю.

Праўда, карэннага пералому на хлебным рынку беларуска-расейскага памежжа й у гэтай сытуацыі чакаць не выпадае. Таму што нават ва ўмовах аднолькавых коштаў, расейскі хлеб больш якасны. І мука больш якасная, і выкрастоўваюць расейскія пекары адмысловыя дадаткі, якія робяць хлеб і булкі смачнейшымі.

У іх беларускіх калегаў не хапае грошай на такія дадаткі, а калі дадаткі й дамешваюцца ў цеста, то пры спалучэньні зь няякаснай беларускай мукою дадаткі "не працуюць". Праўда, ёсьць аматары ладу жыцьця, якія аддаюць перавагу менавіта беларускаму хлебу, які, лічаць яны, ёсьць цалкам натуральны прадукт.

Такім чынам, насельніцтва памежных раёнаў Магілеўскай вобласьці атрымала права выбару хаця б у хлебным пытаньні. Расейскаму ці айчыннаму хлебу аддадуць перавагу спажыўцы - пакажа канкурэтная барацьба й далейшае разьвіцьцё памежнага хлебнага бізнэсу.

Ганна Юрчанкова

Радыё Рацыя
,