Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Так ужо павялося, што цягам першых ста дзён не прынята крытыкаваць новага кіраўніка любога ўзроўню - ад брыгадзіра калгасу ці начальніка цэху да міністра або нават прэзыдэнта краіны. Маўляў, трэба даць час чалавеку адаптавацца на новым месцы, прыгледзецца, вызначыцца з галоўнымі мэтамі, калі трэба, зрабіць кадравыя перастаноўкі... Але пасьля ста дзён можна ўжо падводзіць першыя вынікі...

Для Аляксандра Лукашэнкі, які фармальна перамог на выбарах у верасьні 2001-га, гэта пачатак нават не другога прэзыдэнцкага тэрміну, - пры ўладзе на той час ён быў ужо 7 гадоў і 3 месяцы. Амаль паўтара тэрміна. 2650 дзён.

Памятаеце, як на пачатку свайго кіраваньня Аляксандар Рыгаравіч жартуючы сказаў, што прыйшоў да ўлады ўсур'ёз і надоўга: як мінімум на 12 год. Падобна, лукашэнкаўскія прадказаньні сямігадовай даўніны насамрэч спраўдзяцца. А магчыма, тады ён быў вельмі сьціплы й не заглядваў далёка наперад. На прэсавай канфэрэнцыі сёлета 10 верасьня (на наступны дзень пасьля выбараў) на пытаньне, ці магчыма, што будзе ў ягоным лёсе й трэці прэзыдэнцкі тэрмін, Лукашэнка недвухсэнсоўна адказаў: "Нічога немагчымага няма". Хто ведае, колькі ў яго яшчэ наперадзе...

І ўсё ж такі, якія галоўныя вынікі першых ста дзён другога прэзыдэнцкага тэрміну?

Фармальна галоўны вынік 100-дзённага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі - гэта фармаваньне новага ўраду. На пасадах віцэ-прэм'ераў - новыя людзі, у крэсьле прэм'ера - таксама новы чалавек, але добра ведае справу, бо працаваў раней ва ўрадзе віцэ-прэм'ерам. Істотна скарацілася колькасьць міністэрстваў, дзяржкамітэтаў, ведамстваў, адбылася рэарганізацыя ўраду. Быццам бы паменела ўпраўленцаў, чыноўнікаў. Літаральна на пяты дзень свайго другога з паловай прэзыдэнцкага тэрміна Лукашэнка набраўся грамадзянскай мужнасьці й пазбавіўся свайго адыёзнага атачэньня: вызваленыя ад пасадаў кіраўнік адміністрацыі Міхаіл Мясьніковіч, ягоны першы намесьнік, сумнавядомы палкоўнік Уладзімір Замяталін і проста намесьнік генэрал Юры Сівакоў. Мясьніковіча, праўда, празь месяц Лукашэнка "ўганараваў" пасадаю правадыра беларускіх акадэмікаў. Замяталін і Сівакоў дагэтуль без партфэляў.

У кантэксьце замежнапалітычнай сытуацыі становішча Беларусі істотна не зьмянілася: уплывовыя эўрапейскія структуры - АБСЭ, Рада Эўропы, Эўразьвяз - прызналі, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не былі свабоднымі й дэмакратычнымі. Чатыры ўмовы, вылучаныя эўрапейскай парлямэцкай тройкай, застаюцца ў сіле. Палітыку ізаляцыі ў дачыненьні Беларусі эўрапейцы ўжываць ня будуць, але яны чакаюць ад афіцыйных беларускіх уладаў рэальных зьменаў унутрыпалітычнай сытуацыі ў краіне. Вельмі трапна й дакладна аб цяперашняй сытуацыі выказаўся кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка: Беларусь знаходзіцца ў рэжыме "stand-by" - "уключанага чаканьня". Чакаем, ці будзе занятае пакуль вакантнае месца Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.... Ці адновяць статус спэцыяльна запрошанай у Радзе Эўропы... Ці запросяць нашага кіраўніка на Захад. Пакуль запрашаюць толькі на Ўсход. Лукашэнка з рабочым візытам за першыя 100 дзён наведаў толькі Расею. Цягам бліжэйшага часу зьбіраецца ў Расею, Украіну, Малдову. Праўда, у першым квартале Лукашэнка зьезьдзіць яшчэ ў Ярданію...

Што да зьменаў у эканаміцы, то тут для значнага росту няма аніякіх падставаў. Яшчэ падчас інаўгурацыі 20 верасьня Аляксандар Лукашэнка сказаў, што не дазволіць "зьдзекавацца з народу шляхам шокавых непапулярных альбо папулярных захадаў. Будзе ўсё сумленна, так, як гэта было ўсе сем гадоў. Ніякага шоку, нармальная справавая атмасфэра".

Да шокавай тэрапіі ўрад і сапраўды яшчэ не дайшоў. Пра істотнае павышэньне з Новага году квартплаты й камунальных паслугаў пакуль толькі гавораць. Але й росту няма - ні нацыянальнага валавага прадукту, ні інвэстыцыяў. Затое ёсьць толькі рост цэнаў - за апошнія тры месяцы на 10,3 адсоткі. Расьце запазычанасьць па заробку: на пачатку жніўня яна складала 16 мільярдаў рублёў. Напярэдадні выбараў запазычанасьць па заробках зьнізілася да 2-х мільярдаў рублёў. Напрыканцы кастрычніка даўгі па заробках перавысілі 40 мільярдаў. І ўсё вышэй, і вышэй, і вышэй... Абяцаны ўзровень заробкаў у 100 даляраў у бюджэтнікаў вытрымліваецца толькі ў сілавых структурах ды банкаўскай сфэры. Дабрабыт жа беларусаў за гэтыя сто дзён не палепшыўся.

Абяцанай лібэралізацыі пакуль не відаць, але слова гэтае паўтараецца. Кіраўніцтва Беларусі спадзяецца, што яго пачуюць расейцы, ад якіх чакаецца чарговы крэдыт. Расея з крэдытамі не сьпяшаецца, а вось наступ расейскага капіталу на беларускія прадпрыемствы відавочны.

Пачалася чарговая хваля барацьбы з карупцыянэрамі й хабарнікамі. Заведзеныя гучныя крымінальныя справы на кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў Леаніда Калугіна й Віктара Рахманько. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гэта першыя ластаўкі, на чарзе яшчэ чалавек 15. Чакаюць за кратамі вырашэньня свайго лёсу дырэктары стадыёну, рынкаў, агенцыяў нерухомасьці. У трывожным чаканьні й вэртыкальшчыкі, начальнікі, дырэктары: хто наступны?..

А ў астатнім гэтыя першыя сто дзён - такія самыя, як папярэднія сем гадоў.

Іна Студзінская

Радыё Рацыя