Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


На пачатку 2001 году адмыслоўцы анкетавалі каля 1000 старшаклясьнікаў менскіх школаў з мэтаю выявіць, пра што яны мараць, якія іхныя маральныя й прававыя арыенціры, уяўленьні пра будучыню. Між іншага, выявілася, што вялікая частка старшаклясьнікаў марыць ніколі не працаваць, амаль усе паляць, маюць сэксуальны досьвед і спрабавалі алькаголь. Бальшыня, аднак, назвалі сям'ю базавай каштоўнасьцю.

На пачатку году менскія навукоўцы зладзілі анкетаваньне сярод вучняў менскіх школаў. Анкета мела на мэце, найперш, вызначыць маральныя арыенціры старшаклясьнікаў; высьветліць, як яны пачуваюцца ў сям'і, школе, сярод раўналеткаў. Нядаўна вынікі апытаньня былі апрацаваныя.

Я папрасіла Алесю Карнейчык, навуковую супрацоўніцу НДІ крыміналёгіі Міністэрства юстыцыі, прааналізаваць іх.

А.К.: - Вельмі вялікая колькасьць апытаных увогуле не жадаюць працаваць. Вялікая колькасьць дзетак мае сяброў, у якіх канфлікт з законам. Практычна ўсе апытаныя ў той ці іншай меры ўжываюць алькаголь, практычна 100% апытаных паляць. Першыя інтымныя кантакты адбываюцца ў 13-14 гадоў. Мы ўсе начутыя пра разбэшчаную Галяндыю - сэкс, наркотыкі й г.д. А ў іх першыя сэксуальныя кантакты - у 18-19 гадоў. Я думаю, лічбы досыць красамоўныя.

Праваслаўная царква актыўна перашкаджае ўводзіць у школе ўрокі, зьвязаныя з сэксуальным выхаваньнем. І дзеці бяруць інфармацыю з вуліцы. Вось сытуацыя: падлеткі ўступаюць у першы сэксуальны кантакт у 13-14 гадоў, увесь час расьце колькасьць дзяўчынак, якія нарадзілі да 15 гадоў. А колькі яны абортаў робяць!

Сп-ня Карнейчык лічыць, што бацькі ня толькі павінныя ажыцьцяўляць сексуальнае выхаваньне дзяцей, але й падаваць прыклад маральных і прыгожых адносінаў у сям'і:

А.К.: - Лепш за ўсё распавядаць дзеткам аб сэксуальных кантактах паміж мужчынам і жанчынай у 3 гады. Гэта павінен быць вельмі высокі, узьнёслы ўзровень выхаваньня. А паглядзіце на сярэднюю сям'ю. Шчыра, адкрыта, нармальна паглядзіце. Мужчына й жанчына ходзяць у сябе дома ў абцёпканым адзеньні, як бамжы. Такое адчуваньне, што з вайны вярнуліся.

Навукоўцы робяць выснову пра вялікую закрытасьць як беларускага грамадзтва, гэтак і сям'і:

А.К.: - Калі задаваліся пытаньні наконт сям'і, дзеткі ці прапускалі пытаньні, ці адказвалі тое, што ад іх хацелі б пачуць. Сям'я настолькі закрытая, хавае ўсе свае праблемы. Людзі да апошняга трымаюцца, перш чым зьвярнуцца па дапамогу.

З вынікаў апытаньня можна зрабіць яшчэ колькі высноваў. У падлеткаў вельмі асаблівае разуменьне дабра й зла. Кожны пяты апытаны перакананы, што злых людзей болей, чым добрых. 16% зьбівалі чалавека або бралі ўдзел у зьбіваньні. Амаль 50% пагадзіліся б дапамагаць дзецям, але 35% ня маюць ніякага жаданьня дапамагаць старым. Аўтары анкеты гавораць пра пэўнае адмоўнае стаўленьне маладых да старэйшага пакаленьня.

Не чытаюць кніжак каля 70% падлеткаў, ня маюць сталага захапленьня каля 80%. У вольны час бальшыня падлеткаў глядзяць тэлевізію ці відэа. Каля 80% апытаных адмовілі ў даверы адміністрацыі школы й міліцыі. Каля 40% апытаных не давяраюць уласным бацьком. Выпускнікі школаў выходзяць у жыцьцё неабазнанымі й безабароннымі. Ім выкладаюць процьму навуковых дысцыплінаў, але ня вучаць жыць. Ладная частка маладых жывуць так, быццам заўтра настане сусьветны патоп, быццам у іх няма будучыні.

Сьвятлана Курс

Радыё Рацыя
0058648