Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Як паведаміла карэспандэнту Рацыі адна з іх, Любоў Санковіч, іх мэта - асабістая аўдыенцыя ў Аляксандра Лукашэнкі. Бабруйчанкі вераць, што толькі прэзыдэнт можа вырашыць іх праблемы.

Любоў Санковіч, Ева Усьцімчык, Яніна Аўсянік і Галіна Гусева ў сёлетнім жніўні ўжо галадалі дзесяць дзён на цэнтральнай плошчы Бабруйску, на прыступках помніка Леніну. У кожнай - свае праблемы.

Любоў Санковіч, былая бухгальтарка на Бабруйскім заводзе транспартных дэталяў і агрэгатаў, лічыць, што яе несправядліва звольнілі з прадпрыемства. Ева Усьцімчык упэўненая, што яе сям'ю ашукалі падчас разьмерканьня жыльля. Яніна Аўсянік, якая мае хворае дзіця, цягам 16 гадоў дамагаецца кватэры. Шматдзетная маці Галіна Гусева ўсе свае грошы аддала калісьці на пабудову катэджа, а цяпер ня можа знайсьці ні тых грошай, ні катэджу.

Улады ім шмат чаго наабяцалі - абы толькі жанчыны ў жніўні спынілі галадоўку. Маўляў, вывучым, разгледзім, вырашым. Наперадзе былі выбары, і галадоўкі на цэнтральных плошчах псавалі імідж мясцовых "вэртыкаляў". Але жанчыны тады заявілі - не спыняем, а прыпыняем акцыю пратэсту, і ў любы момант адновім галадоўку.

За восень бабруйчанкі наведалі шмат установаў, у тым ліку й адміністрацыю прэзыдэнта. Там чакалі вынікаў праверкі Камітэту дзяржкантролю, але калі яны зьявіліся, жанчыны заявілі, што вынікі іх не задавальняюць. "Там адны адпіскі, нейкая ўпрыгожаная фікцыя," - гаворыць Любоў Санковіч.

Шукаць праўду па ўстановах і начальніцкіх кабінэтах жанчыны больш не жадаюць. Яны лічаць, што трэба распачаць новую галадоўку - у сталіцы, каля адміністрацыі прэзыдэнта, каб іх заўважыў сам Аляксандар Лукашэнка. Бабруйчанкі будуць трымаць плякат: "Пераканаўча просім прэзыдэнта прыняць нас!" На асабістай аўдыенцыі жанчыны маюць намер расказаць Аляксандру Лукашэнку пра факты нядобрасумленнасьці ягоных падначаленых на месцах.

Бабруйчанкі вырашылі пачаць галадоўку 19 сьнежня, нягледзячы на адчувальныя маразы. Яны ня будуць ставіць цёплы намёт. Праўда, строгай галадоўкі на гэты раз не атрымаецца. Пасьля першай акцыі пратэсту жанчыны былі зьмешчаныя ў шпіталь, дзе выявіліся хваробы, якія не дазваляюць цяпер, улічваючы й паважны век, жыць колькі дзён на адной вадзе. Таму, акрамя вады, бабруйчанкі вырашылі дазволіць сабе трохі хлеба.

Яны не баяцца міліцыі - маўляў, далей за пастарунак не адвязуць. Цьвердзяць, што іншага выйсьця, акрамя новай галадоўкі, папросту не бачаць.

Ганна Юрчанкова

Радыё Рацыя