Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Прафэсар Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, доктар навук Віталь Севяранін трапіў у ганаровыя сьпісы Кэмбрыдзкага міжнароднага біяграфічнага цэнтру.

Паводле сэртыфіката, замацаванага пячаткаю гэтай аўтарытэтнай арганізацыі, Віталь Севяранін названы адным зь дзьвюх тысячаў выбітных навукоўцаў ХХІ стагодзьдзя, якія пакінулі ўласны сьлед у сусьветнай навуцы.

Навуковец зь Берасьця вызначыўся найперш сваімі інавацыйнымі распрацоўкамі ў галіне цеплаэнэргетыкі. Апроч таго, Віталь Севяранін - аўтар некалькіх дзясяткаў вынаходзтваў, зьвязаных з пульсацыйным гарэньнем. Усе вынаходзтвы маюць высокі каэфіцыент карыснага дзеяньня й не пагражаюць навакольнаму асяродзьдзю.

За распрацоўкамі Віталя Севяраніна даўно й вельмі ўважліва сочаць галяндцы й французы, немцы й амэрыканцы. Ужо неаднойчы яго запрашалі за мяжу ўдзельнічаць у навуковых сымпозіюмах і ў абмене досьведам.

А вось на радзіме ягоныя прапановы застаюцца без увагі. Напрыклад, гурт навукоўцаў пад кіраўніцтвам Віталя Севяраніна на падставе сваіх дасьледаваньняў прапанаваў камплект адмысловага абсталяваньня для так званага сэктарнага рамонту дарог і ходнікаў, якое дазваляе зь мінімальнымі выдаткамі, хутка й у любое надвор'е выпраўляць дэфэкты асфальтавага пакрыцьця. Аднак у Берасьці для гэтых мэтаў было набытае абсталяваньне, вырабленае ў Нямеччыне. Для яго эфэктыўнае працы неабходныя, па-першае, маштабныя дэфэкты дарожнае паверхні, бо на невялікіх плошчах ня акупляюцца энэргэтычныя выдаткі. Па-другое, яно працуе толькі ў ідэальнае надвор'е.

Сам Віталь Севяранін цьвердзіць, што гарадзкое й абласное кіраўніцтва ня толькі не заахвочвае берасьцейскіх навукоўцаў да вырашэньня мясцовых праблемаў, але не жадае нават сустрэцца зь імі, каб пазнаеміцца, параіцца, папытацца пра клопаты. Пра што можна гаварыць, калі ў праекце бюджэту вобласьці на наступны год выдаткі на навуку складаюць суму, амаль у 12 разоў меншую за выдаткі на ўтрыманьне абласнога выканаўчага камітэту.

На сёньняшні дзень Віталь Севяранін гатовы прапанаваць дзьве цалкам новыя тэхналёгіі спальваьня нізкаякаснага паліва - адкідаў, сьмецьця. Гэтыя тэхналёгіі былі правераныя на практыцы. Можна меркаваць, што ва ўмовах нафтагазавае залежнасьці ад Расеі вынаходзтвы берасьцейскага навукоўца прынесьлі б значную карысьць Беларусі.

Сяргей Місіюк

Радыё Рацыя
0058648