Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


ПАВЕДАМЛЕННЕ БЕЛАРУСКАЙ АСАЦЫЯЦЫІ ЖУРНАЛІСТАЎ

аб рэзкім пагаршэнні сітуацыі з СМІ ў Рэспубліцы Беларусь

1. Большасць незалежных газет Беларусі могуць быць зліквідаваныя ўжо ў студзені 2001 года. Гэтая выснова мае важкія падставы.

Згодна з распараджэннем Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па друку, які рэалізуе дзяржаўную палітыку ў галіне мас-медыя, да 1 студзеня 2001 г. рэдакцыі перыядычных выданняў павінны прайсці абавязковую рэгістрацыю ў адпаведнасці з прэзідэнцкім указам №11 ад 16 сакавіка 1999 г. "Аб упарадкаванні дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання". Грувасткая бюракратычная працэдура гэтага сумнеўнага з прававога пункту гледжання мерапрыемства не дазваляе здзейсніць яго ва ўсталяваныя тэрміны. Рэгістрацыя прадугледжвае прадастаўленне каля дзесятка сур'ёзных дакументаў, у тым ліку ўзгадненне размяшчэння рэдакцыі СМІ з мясцовымі структурамі ўлады. Таксама працэдура рэгістрацыі патрабуе значных фінансавых выдаткаў, чаго шмат якія выданні не могуць сабе дазволіць.

Да цяперашняга часу адсутнічае адпаведная нарматыўна-прававая база для рэгістрацыі (перарэгістрацыі) рэдакцый СМІ. Абсалютна беспадстаўна іх спрабуюць падвесці пад патрабаванні вышэйзгаданага прэзідэнцкага дэкрэта.

На сённяшні дзень з недзяржаўных газет грамадска-палітычнага характару (па звестках БАЖ, такіх больш за 50) прайшлі гэтак званую рэгістрацыю ўсяго некалькі рэдакцый СМІ. Астатнім рэальна пагражае ліквідацыя.

2. На працягу апошніх гадоў няўхільна пагаршаецца фінансава-эканамічны стан незалежных СМІ. Адна з асноўных прычынаў – іх эканамічная няроўнасць з дзяржаўнымі друкаванымі выданнямі. Значна даражэйшыя для незалежных СМІ папера, друкарскія ды іншыя паслугі, звязаныя з выпускам перыядычных выданняў. Найбольш дыскрымінацыйнымі з'яўляюцца тарыфы на распаўсюд друкаванай прадукцыі. Яны ў 4,5–5 разоў перавышаюць адпаведныя выдаткі дзяржаўных выданняў. Плянуецца чарговае павышэнне згаданых тарыфаў. Гэта можа прывесці да фінансавага знішчэння практычна ўсіх недзяржаўных мас-мэдыяў.

3. Узмацняецца рэпрэсіўная палітыка ў дачыненні незалежных СМІ. Выкарыстоўваючы найдрабнейшыя прычэпкі, кантрольныя дзяржаўныя органы выносяць рэдакцыям СМІ афіцыйныя папярэджанні за парушэнні заканадаўства аб друку. Падатковыя органы без дастатковых на тое прычын правяраюць фінансава-эканамічную дзейнасць рэдакцый незалежных газет, апісваюць іх абсталяванне і маёмасць, накладаюць арышт на рахункі. Найсвяжэйшы прыклад – інспэкцыя Дзяржаўнага падатковага камітэта па Гродзенскай вобласці прыпыніла аперацыі па рахунку галоўнага рэдактара "Новой газеты Сморгони" Р. В. Улана. Гэтым была практычна паралізаваная дзейнасць незалежнай газеты, якая карыстаецца вялікай папулярнасцю ў рэгіёне і па тыражы значна апярэдзіла мясцовую дзяржаўную газету "Светлы шлях".

Да сёння застаецца няпэўнай сітуацыя з арыштаваным 16 кастрычніка 2000 г. паліграфічным абсталяваннем прыватнай друкарні "Мэджык", дзе друкуецца больш як 20 недзяржаўных газет і часопісаў, у тым ліку такія ўплывовыя грамадска-палітычныя выданні, як "Народная воля" і "Белорусская деловая газета".

4. Апошнім часам арсенал сродкаў уціску на незалежную прэсу папоўніўся, здавалася б, крымінальнымі дзеяннямі. Уначы з 4 на 5 лістапада ў горадзе Баранавічы была абрабаваная рэдакцыя незалежнай газеты "Шаг". Злачынцы ўкралі пяць камп’ютэраў з маніторамі, два прынтэры ды іншую аргтэхніку. Адна з версій рэдактара – спроба прымусіць замаўчаць газету, якая зрабіла значны крок наперад як у пашырэнні рэгіёна распаўсюду газеты, гэтак і ў якасці публікаваных матэрыялаў. Характэрна, што следчыя органы не праяўляюць актыўнасці ў расследаванні злачынства.

5. Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" разумее, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 г. сітуацыя з СМІ ў Беларусі будзе яшчэ больш абвастрацца. Таму мы лічым неабходным:

прыпыніць працэс перарэгістрацыі рэдакцый СМІ да прыняцця нарматыўна-прававых актаў, якія адпавядаюць Канстытуцыі і міжнародным стандартам;

забяспечыць роўныя эканамічныя ўмовы дзейнасці СМІ ўсіх формаў уласнасці;

спыніць ідэалагічны, эканамічны і адміністратыўна-судовы ціск на недзяржаўныя выданні;

неадкладна зняць арышт з абсталявання прыватнай друкарні "Мэджык" і адмяніць абмежаванні на карыстанне рахункамі незалежных газет;

узмоцніць міжнародны кантроль за выкананнем беларускім урадам узятых на сябе абавязкаў у межах АБСЕ і іншых міжнародных дамоўленасцяў у галіне правоў чалавека.

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" лічыць мэтазгодным накіраванне ў Рэспубліку Беларусь на сталай аснове групы міжнародных назіральнікаў па СМІ.

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" пакідае за сабой права аператыўна інфармаваць беларускую і міжнародную грамадскасць пра любыя факты дыскрымінацыі незалежных мас-медыяў і журналістаў – сябраў арганізацыі.



Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"


17 лістапада 2000 г.