Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY

Общество


Міністэрства Прадпрымальніцтва ды Інвэстыцыяў ладзіць новую рэклямную акцыю. Атрымаўшы на апошняй калегіі Саўміну высьпятка за недастатковую ўвагу да праблемаў малога й сярэдняга бізнэсу, ведамства пачало даводзіць кіраўніцтву краіны й грамадзкасьці, што яно насамрэч вельмі патрэбнае Беларусі.

Яшчэ зусім нядаўна Мінпрадінвэст праяўляю, лагодна кажучы, адбыякавасьць да таго, як жыве й выжывае беларускі бізнэс. Цяпер жа й міністэрства выказвае поўнае разуменьне праблемаў прадпрымальнікаў і дэманструе гатовасьць змагацца за іх правы хоць з самім Лукашэнкам.

Сёньня першы намесьнік міністра Аляксандар Швец нарэшце пракамэнтаваў падпісаны на мінулым тыдні Дэкрэт №22. Паводле спадара Швяца, гэта даволі прагрэсіўны дакумэнт у параўнаньні з Дэкрэтам №11, бо статутныя фонды для ўсіх суб'ектаў гаспадараньня зьніжаныя ў некалькі разоў.

А.Ш.: Плянка статутных фондаў для найбольш папулярнай арганізацыйна-прававой формы - таварыства з абмежаванай адказнасьцю - была занадта высокая. Гэта прымушала трансфармаваць прадпрыемствы ў таварыствы з дадатковай адказнасьцю, унітарныя прадпрыемствы й гэтак далей. Вялікая колькасьць фірмаў ліквідавалася й грамадзяны пераходзілі ў індывідуальныя прадпрымальнікі, што з нашага меркаваньня, таксама ня надта прагрэсіўная тэндэнцыя.

Кажучы аб вартасьцях новага дакумэнта, А.Швец сьпяшаецца адзначыць, што гэта таксама й плён намаганьняў Міністэрства Прадпрымальніцтва. Як высьветлілася толькі зараз, ведамства цэлых паўтара года даводзіла ўраду неабходнасьць прыняцьця гэтага Дэкрэту. Чым яно займалася два гады таму, калі рыхтаваўся сумна вядомы Дэкрэт №11, застаецца невядомым.

Але гэта стаўленьне толькі да фірмаў і кампаніяў. Іншая справа - індывідуальныя прадпрымальнікі, асабліва чаўнакі. Пагроза чарговага страйку абудзіла ў Мінпрадінвэста шчырае спачуваньне да дробных бізнэсоўцаў. Цяпер ведамства выступае за тое, каб хутчэй увесьці для гандляроў адзіны падатак і зьменшыць армію кантралёраў.

А.Ш.: Немагчыма кантраляваць дробнага прадпрымальніка, які гандлюе на рынку. Немагчыма адсачыць яго зварот. Каб кантраляваць больш за 150 тысячаў прадпрымальнікаў, трэба ўтрымоўваць як мінімум удвая большую колькасьць кантралёраў. А выдаткі на ўтрыманьне кантралёраў будуць перавышаць звароты ўсіх гэтых прадпрымальнікаў.

Міністэрства Прадпрымальніцтва выступае заклятым ворагам кантралёраў і ў пытаньні аб адмене мыта на расейскія тавары з трэціх краінаў. У мінулую пятніцу на сустрэчы з кіраўніцтвам Мытнага Камітэту й прадпрымальніцкіх прафсаюзаў з боку Мінпрадінвэста выказвалася цалкам канструктыўная прапанова: індывідуальныя прадпрымальнікі не павінны плаціць мыта на тавары сумаю, меншаю за паўтары тысячы эўра. Мытны Камітэт прапанову катэгарычна не падтрымаў. Аднак Аляксандар Швец абяцае дамагчыся ў кіраўніка ўраду зьменаў у пастанову нумар 55. А для чаўнакоў яго заява гучыць музыкай.

А.Ш.: Я лічу, што гэта слушны варыянт. Гэта дазволіць нам зэканоміць на кантролі і забясьпечыць насельніцтва таварамі, якія карыстаюцца ў апошнія гады ўстойлівым попытам. Агульная доля падаткавых паступленьняў ад прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках, складае прыкладна паўадсотка. Гэта мізэр у параўнаньні з тымі выдаткамі, якія будуць несьці й мытныя, і падаткавыя органы, каб прымусіць прадпрымальнікаў плаціць тое мыта.

Міністэрству Прадпрымальніцтва ўжо ня першы месяц пагражае рэарганізацыя: ператварэньне ў камітэт пры Міністэрстве Эканомікі, скарачэньне штатаў, зьмяншэньне заробкаў. Усё гэта прымушае Міністэрства выконваць ролю сапраўднага абаронцы прыватнага бізнэсу. Але ўсялякае сцэнічнае відовішча патрабуе пачуцьця меры. Што калі на самым версе выканаўчай улады знойдуць заявы сп. Швяца занадта крамольнымі й пакараюць міністэрства за апазыцыйнасьць?!

Юлія Шарова

Радыё Рацыя