Днямі са школы № 4 гораду Салігорску перад апошнім іспытам быў выключаны намеснік старшыні “Маладога Фронту” Іван Шыла, які ў выніку такіх дзеянняў не атрымае дыплём аб сярэдняй адукацыі. Раней праблемы са школай былі яшчэ ў адной намесьніцы гэтай арганізацыі Насты Палажанкі, якую спрабавалі прымусіць добраахвотна сысьці са школы. Ці будуць узмацняцца рэпрэсіі ў дачыненьні да актыўнай дэмакратычнай моладзі?
Старшыня Беларускага Хэльсінскага камітэту Алег Гулак спадзяецца, што ў далейшым такія рэпрэсіі ўзмацняцца ня будуць.
- Я мяркую, што бліжэй да выбараў улада будзе больш стрыманая, хаця, канешне, такія кропкавыя, мэтавыя рэпрэсіі былі і будуць, і ад іх мы нікуды, на жаль, не падзенемся, - лічыць праваабаронца. - Але я спадзяюся, што ўва ўладаў хопіць розуму перад выбарамі не пагаршаць сытуацыю ў краіне, таму што яны павінныя быць зацікаўленыя перш за ўсё й перш за ўсіх у тым, каб было нейкае зьмякчэньне з боку міжнароднае супольнасьці. А ў сувязі з выбарамі да гэтага будзе прыкаваная пільная ўвага.
- Адназначна сказаць вельмі цяжка, бо гэтыя рэпрэсіі маюць такі хвяляпадобны характар, яны то ўзмацняюцца, то робяцца менш жорсткімі, - адзначае экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Людміла Гразнова. - Адназначнай такой тэндэнцыі няма, таму тут вельмі шмат будзе залежаць ад самых розных абставінаў, у тым ліку і зьнешнепалітычных. Калі Эўропа будзе праводзіць больш жорсткую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, то ў такім выпадку ўлады могуць адумацца й спыніцца.
Старшыня Цэнтральнага аргкамітэту “Народнай грамады” (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі) Мікалай Статкевіч упэўнены, што ціск на моладзь будзе расьці.
- Таму што такая лёгіка разьвіцьця гэтае сыстэмы, - тлумачыць палітык. - Сыстэма збудаваная як рэпрэсіўная, яна, як і любая сыстэма, павінна разьвівацца ў нейкі бок, і разьвівацца яна можа толькі ў бок узмацненьня рэпрэсіяў. Бо калі яна будзе разьвівацца ў нейкі іншы бок, яна рызыкуе страціць пазыцыі і разваліцца. Тым больш напярэдадні электаральнай кампаніі гэтыя рэпрэсіі будуць узмацняцца.
Паводле Мікалая Статкевіча, улады невыпадкова ўзяліся ўжо нават не за студэнтаў, але за школьнікаў.
- Таму што яны зьяўляюцца прыкладам для многіх сваіх аднакляснікаў, - падкрэсьлівае экспэрт “Заўтра тваёй краіны”. - Гэта міна пад будучыню ўлады, і яна цудоўна гэта разумее.
Генадзь КОСАРАЎ