Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Эўрапейскі суд справядлівасьці прыняў пастанову, што прастытуткі з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы маюць права адкрываць свой бізнэс у тых краінах, дзе гандаль сэксам дазваляецца законам. Пастанова суду была прынятая на падставе скаргаў чэшкі і некалькіх палячак, якім улады Галяндыі не давалі права на працу.

Жанчыны арандавалі гэтак званыя вокны ў раёне чырвоных ліхтароў у Амстэрдаме. Гэта звычайная практыка ў гэтым горадзе, калі прастытуткі могуць сядзець нібыта ў вітрынах, даючы кліентам магчымасьць ацаніць іх. Паводле славянскіх прастытутак, яны сумленна выконвалі свае абавязкі, атрымлівалі заработную плату, зь якой рэгулярна плацілі падаткі – штомесячны заробак дасягаў 1800 гульдэнаў альбо 720 даляраў.

Аднак чатыры гады таму Міністэрства юстыцыі Нідэрляндаў адмовілася выдаваць ім дазвол на працу. У якасьці аргумэнтаў адмовы быў выбраны такі: прастытуцыя – гэта сацыяльна непрымальны від дзейнасьці і, апрача таго, нерэгулярная праца.

Жанчыны знайшлі дасьведчаных адвакатаў, якія дапамаглі даказаць суду, што прастытуцыя ёсьць эканамічная дзейнасьць. Раней галяндзкія ўлады выдалі ліцэнзію на працу італьянскай прастытутцы. Аднак зь Міністэрства юстыцыі Нідэрляндаў на адрас чэшкі і палячак прыйшла чарговая адмова. Тады жанчыны зьвярнуліся непасрэдна ў Суд Эўрапейскай камісіі – Эўрапейскі суд справядлівасьці. Польшча і Чэхія маюць пагадненьні з ЭЗ, паводле якіх грамадзянам гэтых краінаў дазволена ладзіць свой бізнэс у эўразьвязаўскіх краінах. Такія пагадненьні, дарэчы, маюць і Славаччына, Вугоршчына, Баўгарыя, Славенія, Румынія, Эстонія, Літва і Латвія.

Калі пагадненьні распаўсюджваюцца на ўсе віды бізнэсу, дык чаму прастытуцыя павінна быць выключэньнем? Тым больш, што ў Нідэрляндах гэты від працоўнай дзейнасьці легалізаваны. Суд пагадзіўся і пастанавіў, што прастытуткі з краінаў-кандыдатаў маюць права працаваць там, дзе прастытуцыя дазволеная, пры ўмове, што яны працуюць самі на сябе, маюць пачатковыя сродкі і шанцы на бізнэсовы посьпех.

Тым часам, па-за межамі Эўразьвязу сталі актыўна дыскутаваць пытаньне адносна шырокіх магчымасьцяў ўсходне-эўрапейскіх прастытутак у справе стварэньня свайго бізнэсу ў Заходняй Эўропе.

Хрысты Тэн Брук зьяўляецца прадстаўніцай прафсаюзу сэксуальнных працаўнікоў у Нідэрляндах. Яна лічыць, што ў гэтых краінах могуць не зусім карэктна трактаваць пастанову Суду справядлівасьці ў Люксэмбургу.

(Тэн Брук: ) "Мы спадзяемся, што жанчыны атрымаюць ўсё ж такі правільную інфармацыю, таму што зараз шмат чуткаў наконт таго, што ўсе тут могуць працаваць, а гэта ня ёсьць праўдай. Фактычна, ўсе жанчыны павінны прайсьці шмат фармальнасьцяў на сваім шляху, перш чым іх залічаць у сэксуальныя працаўніцы Нідэрляндаў. Каб быць здольнай даказаць, што вы зможаце тут самастойна працаваць, вы, прыбыўшы у Галяндыю, павінны мець пэўны капітал. Вы павінны мець свой бізнэс-плян, як і любы іншы прадпрымальнік. Акрамя таго, мы настойліва раім жанчынам зарэгістравацца ў нашым прафсаюзе, паколькі гэта для іх адна зь нямногіх магчымасьцяў даказаць, што яны дзейнічаюць незалежна".

Алена Панкратава, Прага