Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Слуханьне справы аб закрыцьці Рэспубліканскага моладзевага грамадзкага аб'яднаньня "Задзіночаньне беларускіх студэнтаў" (ЗБС) распачнецца 27 лістапада ў Вярхоўным судзе Беларусі. Афіцыйныя прычыны закрыцьця - чатыры папярэджаньні з боку Мінюсту, нястача дакумэнтаў для перарэгістрацыі. Кіраўніцтва ЗБС лічыць абвінавачваньні беспадстаўнымі. Нямецкі й амэрыканскі амбасадары ды намесьнік кіраўніка Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі выказалі Задзіночаньню беларускіх студэнтаў сваю падтрымку.

Мінюст мае цэлы шэраг прэтэнзіяў да Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. З гэтага шэрагу, на думку Хрысьціны Сідун, старшыні арганізацыі, асабліва цікавым выглядае патрабаваньне да налепкі на паштовай скрыні офіса ЗБС. На ёй напісана: "Задзіночаньне беларускіх студэнтаў". А Мінюст лічыць, што мусіць падавацца ўся афіцыйная інфармацыя: "Рэспубіканскае моладзевае грамадзкае аб'яднаньне "Задзіночаньне беларускіх студэнтаў".

Не вытрымлівае крытыкі, на думку сп. Сідун, і пытаньне перарэгістрацыі: Мінюст перарэгістраваў ЗБС у 1999 годзе. А праз год палічыў уласнае рашэньне несапраўдным, бо ў 2000 годзе выдаў новае патрабаваньне - праводзіць перад зьездам паседжаньне мандатнае камісіі. Натуральна, ЗБС не магла прадугледзець гэта ў 1999 годзе.

Галоўную сярод прэтэнзіяў з боку Мінюсту агучыў сп. Галаванаў, новы міністар юстыцыі.

Х.Сідун: - Спадар Галаванаў дазволіў сабе заявіць, што мы самі мусім здагадвацца, за што нас зачыняюць. А спадар Харытон, прадстаўнік упраўленьня грамадзкіх аб'яднаньняў Міністэрства юстыцыі, у папярэдняй размове са спадаром Бабковым, судзьдзём, які будзе разглядаць справу, спасылаўся на тое, што прычына закрыцьця - палітычная літаратура, якая быццам бы знойдзена на офісе. Я прысутнічала на гэтай размове, гэта было знаёмства з судзьдзём і матэрыяламі справы, - прадстаўнік з боку Міністэрства юстыцыі сп. Харытон і з боку нашай арганізацыі я. Дык вось у якасьці прыкладу палітычнай літаратуры сп. Харытон дэманстраваў налепку, дзе намаляваныя два хлопцы, напісана "Не тармазі", а далей гэтыя хлопцы п'юць піва, альбо дзяўчынка з лялькамі й подпіс: "Я выбіраю здаровую Беларусь" ды іншыя такога кшталту.

Мая суразмоўца таксама заявіла, што ЗБС - першая, але далёка не апошняя зарэгістраваная арганізацыя, якую паспрабуюць зьнішчыць:

Х.С.: - Цэлы блёк грамадзкіх арганізацыяў падрыхтаваны да закрыцьця. Пра гэта таксама вялася неафіцыйная гаворка ў міністэрстве ў маёй прысутнасьці. Такім чынам, мы першыя, але далёка не апошнія. МІЦ - наступны, скажам. Паглядім, хто будзе далей.

Міжнароднаму Інфармацыйнаму Цэнтру (МІЦ) ужо выставілі вінавачаньні, як паведаміў яго старшыня Алесь Міхалевіч: фіктыўнае стварэньне рэлігійнае камісіі ды фальсыфікацыя пратаколу. Да зыскавай заявы далучаны ліст Камітэту дзяржаўнай бясьпекі з просьбай праверыць дзейнасьць МІЦу.

Тым часам, партнэры ЗБС з Галяндыі, Чэхіі, Харватыі, Бэльгіі, Латвіі ды Літвы накіравалі ў Мінюст запыты абгрунтаваньня ліквідацыі гэтай арганізацыі. Намесьнік кіраўніка Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі ды амбасадары Нямеччыны й ЗША выказалі ЗБС сваю падтрымку.

Юлія Дранчук

Радыё Рацыя