Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY

Общество


Беларускае радыё, што мае ўжо вельмі сталы ўзрост - больш за 75 гадоў, - ізноў на парозе рэформаў. Новае кіраўніцтва мае намер зрабіць эфір інфармацыйна-забаўляльным - і ў выніку дамагчыся, каб людзі слухалі нацыянальнае вяшчаньне.

Сапраўды, крыўдным падаецца меркаваньне пра тое, што цяпер слухаць нашу радыёкропку можна толькі ў прымусова-папраўчых мэтах. Нешта кшталту лекаваньня працаю ў адпаведных установах. Гэтак выказаўся адзін са слухачоў, які спраўна плаціць падаткі й хацеў бы за свае грошы мець вартае дзяржаўнае радыё. Творцы эфіру - журналісты, гукарэжысэры, апэратары - таксама хацелі б працаваць з большым плёнам. Але асаблівых спадзяваньняў на тое, што з прыходам новага кіраўніцтва справы пойдуць непараўнальна лепей, ні ў кога няма.

"Радыё павінна быць інтэлігентным, а новае кіраўніцтва лічыць, што яно павінна быць вясёлым", - гэтак сказаў адзін з вэтэранаў беларускага радыёвяшчаньня, чалавек, які адпрацаваў на Чырвонай, 4 больш за 20 гадоў, камэнтуючы новыя пляны. Новы кіраўнік радыё Аляксандар Саламаха толькі днямі прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў. А нядаўна прызначаны генэральны дырэктар дырэкцыі праграмаў Уладзімер Мартынаў пазнаёміўся ўжо з калектывам і тое-сёе распавёў пра будучыню.

Між тым, пэўнасьці ў супрацоўнікаў няма. Вядома толькі, што рэдакцыі пакуль застануцца, бо зь людзьмі пасьпелі падпісаць кантракты і, кажучы словамі самых кантрактнікаў, будуць яны працаваць "на гэтых капейках". Але паводле новае схемы, галоўныя рэдактары ўлады мець ужо ня будуць, таму што маюць стварацца часовыя творчыя калектывы. Ды гэта яшчэ ня ўсё. Што чакае людзей, якія маюць мажлівасьць гаварыць да ўсяе краіны, ніхто ня ведае. А ці маюць яны якія журналісцкія правы? Вось што сказала адна з рэдактараў Дому Радыё.

Голас: - Там нейкія камісіі ў нас складзеныя, камісіі нешта працуюць, а я абсалютна ні пры чым. Нават ня ведаю, што яны там плянуюць. На цяперашні момант нічога канкрэтнага ня сказана й ня зроблена.

Адмысловых камісіяў створана для рэарганізацыі цэлых тры. Адна зь іх будзе занятая непасрэдна сеткаю вяшчаньня. Другая мусіць думаць, як аформіць так званую непраграмную прастору, то бок, як запаўняць эфір, каб не было паўзаў. Сатворана яшчэ й камісія па праслухоўваньні й адборы галасоў вядоўцаў праграмаў. Уладзімер Мартынаў пад час сустрэчы з рэдакцыямі паўтары гадзіны прыгожа й натхнёна расказваў пра тое, якім будзе абноўленае радыё. Наконт таго, ці спадабаліся супрацоўнікам новыя пляны новага кіраўніцтва, адказ быў гэтакі.

Голас: - Ну, як... Гэтыя ж пляны не канкрэтныя, гэта размовы пра тое, якім зрабіць гэтае наша радыё, каб слухачы таксама слухалі.

Намеры пра тое, каб беларускае радыё гучала на высокім узроўні, - мэта высакародная, супраць якое ніхто - ні творцы, ні слухачы - пэўне ж, нічога ня маюць супраць. А вось якім чынам дамагчыся гэтых высокіх мэтаў? Гэтае пытаньне заўсёды наўпрост зьвязанае з фінансаваньнем. Магчыма, новае кіраўніцтва радыё, распавядаючы пра пэрспэктывы цікавага, апэратыўнага й аб'ектыўнага радыёвяшчаньня, у якасьці стымулу паведаміла супрацоўнікам пра матэрыяльны бок справы?

Голас: - Ну, пра аплату... мы ўсе чакаем, што (сьмяецца) будуць складзеныя новыя пляны, а потым, як скажуць, якія грошы, - дык усе заплачуць. Пра аплату пакуль нічога не сказана.

RR: - А калі фінансаваньне не павялічыцца, ці можна весьці размову пра нейкую рэарганізацыю?

Голас: - Тэхнічнае становішча радыё такое, што ня можа быць размовы пра тое, каб тут - на гэтым абсталяваньні, у гэтых умовах - нешта вартае зрабіць. Але, здаецца, у нашага кіраўніцтва ёсьць пляны гэтую карціну моцна зьмяніць. Яны ведаюць, дзе ўзяць грошы, каб усё абнавіць.

RR: - А стымул для людзей?

Голас: - Пра стымул для людзей пакуль нічога не сказана. Я так разумею, што бюджэтных грошай будзе столькі ж, колькі й было, а астатняе... Плянуецца, што радыё будзе зарабляць рэклямаю. Калі будзе добрае радыё - будзе й рэкляма. Будзе рэкляма - будуць і грошы.

У працяг можна сказаць: для таго каб была рэкляма, павінны быць бізнэсоўцы, зацікаўленыя ў рэклямаваньні сваёй дзейнасьці. Зрэшты, тады павінны быць і заможныя спажыўцы, за ўвагу якіх мусяць змагацца бізнэсоўцы, што рэклямуюць свае тавары й паслугі. Відочна, супрацоўнікі дзяржаўнага радыё на заможных спажыўцоў тавараў і паслугаў не выглядаюць. Між тым, аптымістам далі шанец на спадзяваньне. Да 30 лістапада ўсім супрацоўнікам радыё прапанавалі падаць праекты тых праграмаў, якія яны хацелі б стварыць, а вынікі разгляду гэтых праектаў будуць вядомыя 12 сьнежня. Іншых зьменаў да новага году не мяркуецца.

Галіна Жарко

Радыё Рацыя