Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Уначы спынілі рух праз памежны пераход "Брузгі", што на мяжы з Польшчай. Ён знаходзіцца за 20 кілямэтраў ад Горадні. Усе машыны едуць цяпер на памежны пераход "Бераставіца", да якога ад Горадні 80 кілямэтраў. Сытуацыя там вельмі ўскладнілася.

Гарадзенцы сёньня таксама маюць магчымасьць даехаць да першай польскай станцыі электрычкай. Яны ходзяць чатыры разы на дзень. Сёньня ўдзень я не заўважыў на чыгуначным вакзале асаблівага ажыятажу.

А на памежным пераходзе "Бераставіца" чарга значна падоўжылася. Намесьнік начальніка рэгіянальнай мытні Сяргей Підкапайла сказаў мне, што дагэтуль легкавікі чакалі на выезд каля 5 гадзінаў. Тыя, хто заехаў у Польшчу сёньня, прастаялі ў чарзе 15 гадзінаў. З польскага боку выезд адбываецца пакуль значна хутчэй. Намесьнік начальніка мытні паведаміў таксама, што супрацоўнікі, якія працавалі ў "Брузгах", цяпер перакінуты ў "Бераставіцу".

Зьмену будуць вазіць штодня туды і назад, 80 кілямэтраў у адзін бок. Пачаткова гэты пераход быў прызначаны для пропуску ўсяго 700 машын і аўтобусаў. Сёньня машын значна больш. Калі будуць праблемы, у "Бераставіцу" накіруюць дадатковых мытнікаў. Што датычыць "Брузгоў", дык гэты пераход зь сёньняшняга дня закансэрвуюць. І ніякага руху празь мяжу няма і ня будзе — да 31 сьнежня 2002 году. Пра гэта мне паведаміў намесьнік начальніка Гарадзенскай рэгіянальнай мытні Сяргей Підкапайла.

Сяргей Астраўцоў, Горадня