Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Сёньня мы пагутарым пра бюджэт Беларусі на наступны год - які галоўны фінансавы дакумэнт краіны павінен быць у ідэале й якім ён стане ў рэальнасьці.

15 лістапада праект бюджэту, прапанаваны Міністэрствам фінансаў, быў прыняты Палатай Прадстаўнікоў у першым чытаньні. Згодна з гэтым праектам, прыбытковая частка кансалідаванага бюджэту складае 7,5 трыльёна рублёў, выдаткавая - 7,9 трыльёна. Ягоны дэфіцыт, такім чынам, складзе 345 мільярдаў. Міністар фінансаў Мікалай Корбут называе бюджэт вельмі напружаным. Сапраўды, дэфіцыт даволі значны, а рэальных шляхоў для ягонай кампэнсацыі, па сутнасьці, няма.

Мінфін лічыць, што для гэтага трэба павялічыць рост валавага ўнутранага прадукту (6-7% у параўнаньні зь сёлетнімі паказьнікамі), прыцягнуць крэдыты Нацбанку ды расейскія крэдыты, а таксама ўнесьці некаторыя зьмены ў сыстэму падаткаабкладаньня: напрыклад, павялічыць падатак на даданую вартасьць. Але як усё будзе выглядаць у рэальнасьці, - сказаць цяжка. Хаця б таму, што заплянаваны эканамічны рост трэба ставіць пад сумнеў: калі ва ўсім сьвеце назіраецца падзеньне, то чаму раптоўна маленькая Беларусь можа расквітнець?

Аднак мы спамянулі толькі тое, што, так бы мовіць, ляжыць на паверхні. Рэч у тым, што занадта шмат артыкулаў застаюцца непразрыстымі, закрытымі, таму вызначыць, наколькі эфэктыўна працуе беларускі ўрад, дастаткова складана. Калі ж прааналізаваць асобныя артыкулы праекту бюджэту, то можна зрабіць высновы: найбольш неабароненым у сацыяльныім пляне грамадзянам Беларусі ў наступным годзе давядзецца нялёгка. Ня дзіўна, што праект бюджэту-2002 атрымаў шмат супярэчлівых ацэнак. Дастаткова сказаць, што ў першым чытаньні яго прынялі далёка не адзінагалосна: 67 дэпутатаў - за, 25 - супраць. Такая разьбежка галасоў адбылася ўпершыню.

Дарэчы, зусім нечакана зьявілася альтэрнатыва афіцыйнаму праекту. Падрыхтавалі гэты альтэрнатыўны бюджэт экспэрты аналітычнага цэнтру "Стратэгія". І лічаць яго сацыяльна арыентаваным, паколькі ў ім закладзенае значнае павелічэньне заробкаў бюджэтнікаў, пэнсіяў, а таксама грашовых дапамогаў і кампэнсацыяў інвалідам, малазабясьпечаным і некаторым іншым катэгорыям насельніцтва. Прычым, дэфіцыту бюджэту няма.

Усё гэта можа адбыцца найперш за кошт правядзеньня грунтоўнай рэформы фіскальнай сыстэмы, у выніку якой колькасьць усіх падаткаў скароціцца з 39 да 6-ці. На думку экспэртаў цэнтру "Стратэгія", зьніжэньне падаткавага цяжару дасьць усім прадпрыемствам магчымасьць адчуць пэўную палёгку: яны будуць плаціць падаткі больш рэгулярна й дысцыплінавана. Спрашчэньне фіскальнай сыстэмы паспрыяе й прыцягненьню замежных інвэстыцыяў. А гэта ж таксама дадатковыя грошы ў дзяржбюджэце. Яны якраз і пойдуць на падвышэньне заробкаў ды розныя сацыяльныя патрэбы. Формула простая. Гаворыць распрацоўшчык альтэрнатыўнага бюджэту-2002 Яраслаў Раманчук.

Я.Р.: - Так, гэта рэч, якая адрозьніваецца ад таго, над чым працаваў урад апошнія сем гадоў. Але я ўпэўнены, што касмэтычныя папраўкі гэтага бюджэту нікога не ўратуюць - ні краіну, ні прамысловасьць, ні, тым больш, сацыяльную сфэру. А гэты праект мае вельмі добрыя пэрспэктывы, зь якімі мы можам адкрыта ісьці ў сьвет эканомікі й заваёўваць сваю нішу.

Апроч таго, спадар Раманчук прапануе пакуль не прымаць бюджэту-2002, а перанесьці пачатак фінансавага году, прыкладам, на 1 верасьня. Да гэтага часу можна будзе падрыхтаваць належную заканадаўчую базу для рэфармаваньня падаткавай сыстэмы. Ад таго, што бюджэт будзе прыняты са спазьненьнем на дзевяць месяцаў, нічога страшнага ня здарыцца.

Я.Р.: - Ня трэба надаваць ранг важнага закону бюджэту-2001, які быў прыняты. Гэта не закон - у тым сэнсе, што за яго хтосьці нясе адказнасьць. Яго можна назваць асноўнымі накірункамі фінансаваньня дзяржавай розных праектаў. Не было яшчэ прэцэдэнтаў, каб міністра фінансаў пасадзілі ў турму за невыкананьне закону аб бюджэце. Ёсьць таксама практыка ў сьвеце: калі закон не прымаецца, то фінансаваньне ўсіх праектаў праводзіцца згодна са старым бюджэтам. Таксама ёсьць працэдура сэквэстраваньня - унясеньня ў закон зьмяненьняў. Такая практыка ўжывалася ў Беларусі некалькі разоў, і тут я ня бачу ніводнай праблемы. Ня будзе такога, напрыклад, каб перасталі плаціць заробкі, пэнсіі ці перастала функцыянаваць сыстэма, бо няма закону аб бюджэце. Проста ня будзе паперкі, запісанае ў якой і без таго парушаецца кожны год.

Альтэрнатыўны праект бюджэту быў прэзэнтаваны ў Палаце Прадстаўнікоў у часе разгляду афіцыйнага праекту. Міністар фінансаў Мікалай Корбут паставіўся да гэтага дакумэнту вельмі адмоўна. Ён адразу заявіў, што такі бюджэт будзе сапраўдным ударам па эканоміцы. І ў нечым меў рацыю: незалежныя эканамісты прапануюць адмовіцца ад субсідаваньня стратных прадпрыемстваў ды іншых праектаў, што ніяк ня могуць прынесьці прыбыткаў. Але заканадаўцаў гэты праект зацікавіў. Прэзэнтаваў яго ў парлямэнце дэпутат Юры Марозаў. Ён лічыць дакумэнт занадта радыкальным, ды асобныя яго палажэньні пры гэтым называе пэрспэктыўнымі.

Ю.М.: - Один из главных аспектов - его социальная направленность за счет того, что изменяется принцип и формирования, и расходования бюджета. Налогооблагаемая база расширяется с одновременным уменьшением количества налогов: больше предприятий охватывается этими налогами, и в то же время совокупный доход получается не 33,9%, как планирует правительство, а 30%. Таким образом, этот бюджет укладывается в те же цифры. Ну, а с точки зрения распределения, значительная часть средств высвобождается: убираются все внебюджетные фонды, отменяются все местные налоги и сборы, ликвидируются все льготы и преференции. Тот же фонд сельхозпроизводителей - это около 500 миллионов долларов. Вот откуда берутся деньги на зарплаты тех же бюджетников. Плюс отмена дотаций тем предприятиям, которые должны сами работать при переходе с плановой экономики на рыночную, - тот же "Гомсельмаш". Зачем финансировать те проекты, которые не приносят дивидендов? Все равно мы к этому придем. Может быть, мы не сразу примем тот бюджет, который предлагается, но многие его положения действительно перспективны.

Яшчэ адзін дэпутат, Іван Пашкевіч, падаў свае прапановы да праекту бюджэту. Гэтак, ён лічыць немэтазгодным фінансаваньне пэўных грамадзкіх арганізацыяў і аб'яднаньняў за кошт дзяржаўных сродкаў, у той час калі іншыя структуры, што таксама маюць у гэтых грашох патрэбу, застаюцца абдзеленымі.

І.П.: - Напрыклад: калі я заўважыў, што асобна фінансуецца арганізацыя БПСМ, у мяне ўзьнікла пытаньне: чаму толькі яна, калі ў нас ёсьць 75 іншых моладзевых арганізацыяў?

RR: - Дарэчы, а колькі прадугледжана ў праекце бюджэту на фінансаваньне БПСМ?

І.П.: - Сума вельмі вялікая, каля 4 мільярдаў рублёў. Гэта шмат, нават зашмат. Таму я лічу, што гэтыя грошы трэба перадаць у Міністэрства адукацыі, дзе створаны дэпартамэнт у справах моладзі. І няхай туды зьвяртаюцца як БПСМ, гэтак і 75 іншых арганізацыяў. Няхай там даводзяць неабходнасьць сваіх праграмаў, а Міністэрства адукацыі будзе вырашаць, каму трэба выдаваць гэтыя грошы, а каму - не.

RR: - Як вы лічыце, ці будзе ўсё ж фінансавацца Руская праваслаўная царква?

І.П.: - Я прапанаваў, каб грошы, прадугледжаныя для фінансаваньня беларускага Экзархату, перадаваліся іншым структурам. Напрыклад, калі гэтыя грошы ідуць на будаўніцтва Дому міласэрнасьці ў Менску, трэба аднесьці іх у каштарыс Міністэрства архітэктуры й будаўніцтва. Калі ж гэтыя грошы ідуць на заробак прафэсарскаму складу Жыровіцкай духоўнай сэмінарыі, дык няхай гэтыя грошы ідуць цераз Міністэрства адукацыі.

Але, на думку нашага суразмоўцы, наўрад ці большасьць дэпутатаў усё ж падтрымае афіцыйны праект бюджэту, які нават з касмэтычнымі папраўкамі будзе непрымальным. Што ж да альтэрнатыўнага бюджэту, то яго праігнаруюць хаця б з палітычных матываў. Ня важна, што праект знаходзіцца на рэцэнзіі ў эканамічнага дарадцы прэзыдэнта Расеі Андрэя Іларыёнава, да думкі якога беларускія ўлады прыслухоўваюцца. Ня важна, што праектам зацікавіўся вядомы польскі эканаміст прафэсар Дамброўскі. Аўтарам праекту ёсьць намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, а прызнаць за апанэнтамі здольнасьць да разумнай эканамічнай палітыкі - гэта значыць расьпісацца ў сваёй няздольнасьці весьці гаспадарку.

Вядома, тое, што вакол галоўнага фінансавага дакумэнту краіны ўпершыню, напэўна, у гісторыі Рэспублікі Беларусь разгарнуліся дэбаты, ужо добра. Значыць, ёсьць гатовасьць змагацца за рэформы й прапаноўваць рэальныя спосабы выйсьця з эканамічнага крызысу. Але на наступны год рэвалюцыяў у бюджэтнай палітыцы дакладна не прадбачыцца. Як мы ўжо казалі, дэпутаты падтрымаюць афіцыйны праект галоўнага фінансавага дакумэнту краіны й у другім чытаньні. Бо запатрабаваў жа Аляксандар Лукашэнка прыняць гэты закон у сьнежні, яшчэ да Новага году. У Савеце Рэспублікі бюджэт таксама зацьвердзяць без асаблівых праблемаў, а пасьля дакумэнт падпіша кіраўнік краіны. У выніку зноў атрымаецца, што парлямэнт у нашай краіне існуе толькі ў якасьці дэмакратычнай заслоны, за якой хаваецца непадзельная ўлада аднаго чалавека.

Юлія Шарова

Радыё Рацыя
0058648