Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Популярное

Общество


Аляксандр Лукашэнка скасаваў дзеянне свайго сумнавядомага дэкрэту нумар 40, якім дапускалася пазасудовая канфіскацыя маёмасці грамадзян і кампаніяў. Незалежныя эксперты сцвярджаюць, што каб аднавіць давер паміж прадпрымальнікамі і ўладай, Лукашэнка павінен увогуле адмяніць дэкрэтны стыль у эканоміцы.

Дэкрэт нумар 40 - адзін з самых скандальных дэкрэтаў Аляксандра Лукашэнкі, быў падпісаны 23 лістапада 1999 года. Паводле дэкрэту, маёмасць фізiчных ды юрыдычных асобаў, якія падазраюцца ў нанясенні шкоды дзяржаве, рашэннем прэзiдэнта магла перадавацца ва ўласнасць дзяржавы яшчэ да вынясення абвінаваўчага прысуду. 40-ы дэкрэт стаў своеасаблівым сiмвалам уседазволенасці ўлады і выклікаў крытыку не толькі сярод апазiцыі, але і нават сярод лаяльных да Лукашэнкі дэпутатаў "Палаты прадстаўнікоў". Дэкрэт па сутнасці адмяняў прэзумпцыю невінаватасці, хаця, трэба адзначыць, прымяняўся ён даволі рэдка.

Старшыня Саюзу прадпрымальнікаў Беларусі Аляксандар Патупа ў цэлым станоўча ацэньвае рашэнне Лукашэнкі, але называе гэта толькі паўкрокам.

(Патупа: ) "Патрэбна, каб прэзiдэнт (які вельмі любіць тэлебачанне), папрасіў прабачэнне ў прадпрымальнікаў ды ўсяго грамадcтва. Мы не маем гарантыяў, што гэта нейкі вектар, нейкі прынцып у наступных кроках. Калі Лукашэнка мае магчымасць рабіць гэтыя дэкрэты, дык ён можа праз тыдзень альбо праз гадзіну надрукаваць новы дэкрэт – і ўсё!

Патрэбна, каб сам указна-дэкрэтны прынцып быў забаронены ў сферы эканомікі для пачатку. Вось гэта i ёсць прынцыповы крок. Бо большасць дэкрэтаў у эканамічнай сферы былі вельмі дрэннымі і нанеслі вялікую шкоду".

(Карэспандэнт: ) "Ці можа адмена дэкрэту нумар 40 станоўча адбіцца на магчымасці прыходу ў Беларусь замежных інвестыцыяў?"

(Патупа: ) "Галоўнае для замежных і айчынных інвестыцыяў – гэта сiстэма гарантыяў. 40-ы дэкрэт – гэта нейкая прававая шызафрэнія, гэта відавочна. Патрэбныя сур’ёзныя гарантыі. Я пакуль не бачу такіх гарантый".

Міжнародная грамадcкая асацыяцыя "Дзелавая ініцыятыва", якую ўзначальвае Міхал Марыніч, прапанавала ў "Палату прадстаўнікоў" шэраг паправак у дзеючае заканадаўства, якія дазволяць пэўным чынам лібералізаваць беларускую эканоміку. Вось што кажа Марыніч пра адмену 40-га дэкрэту.

(Марыніч: ) "У цэлым улада пачынае ўсведамляць, што яна знаходзіцца ў тупіку, і не прадпрымаць якіх-небудзь рухаў – зараз проста смяротна. Аднак гэтыя дзеянні не гавораць пра нейкія буйнамаштабныя зрухі – гэта сама сiтуацыя дыктуе свае ўмовы. І гэта ўжо добра".

Сапраўды, варта адзначыць, што зараз на Аляксандра Лукашэнку ўзмацніўся ціск з розных бакоў – з Расiі, Захаду, ад беларускай бізнэс-эліты. Напрыклад, як нам стала вядома, у адміністрацыі прэзiдэнта разглядаецца магчымасць адмены так званай залатой акцыі – якая замацоўвае за дзяржавай 50 адсоткаў акцыяў прадпрыемстваў. Відавочна, аднак, што першы крок урада пакуль не аднавіў даверу паміж прадпрымальнікамі і беларускімі ўладамі.

Віталь Цыганкоў, Прага