Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


А ведаеце што, мае любыя? Ня так ужо й шмат засталося нашых сустрэч у гэтым міленіюмаватым годзе! Дык што, можа патроху вынікамі зоймемся? Рана паміраць яшчэ, рана рысачкі падводзіць, прыкладна да каранацыі яшчэ пазмагаемся, хаця, на жаль, далёка ёй да цырымоніяў кшталту МTV амэрыкан… Але ў параўнаньні зь нядаўна прайшоўшай эўрапейскай, не такія ўжо мы безнадзейныя.

Зьвернемся да навінаў, як гэта раней было, пра тое, што зараз адбываецца.

Прайшоўшая MTV Europe Music Awards шчыра расчаравала. Па-першае, сваёй прадказальнасьцю; па-другое, цалкам фанэрнымі выступамі амаль усіх артыстаў; па-трэцяе, суцэльным глупствам вядоўцы Ўайкліфа Джына (Wyclef Jean) з былых Fugees і артыстаў, прыцягненых да абвяшчэньня пераможцаў. Ізноў Backstreet Boys, Мадонна ды Eminem у якасьці фаварытаў. Эўрапейскі MTV пацьвердзіў свой статус прыдатка да амэрыканскага.

Ня вельмі добра складаецца сытуацыя ў беларускіх музыкаў з турамі. Няўдалай лічаць удзельнікі "Zet'у" свой апошні заезд у Варшаву на імпрэзу БАСу "Беларускі рок на жыва". БАС такім чынам рэалізуе сваю падтрымку намінантам і ляўрэатам "Басовішча", але атрымалася так, што рэклямы амаль не было, гук - паскудны, дый, шчыра кажучы, музычны матэрыяльчык… Дадайце да гэтага ранішняе высяленьне музыкаў з аплочанага гатэля - і камплект будзе поўны. Па адзнаках відавочцаў, добра выглядалі хіба што "Сонца Мао", як звычайна наладжаныя супроць усяго й усіх.

Разрэклямаваны тур "NRM'у" па Беларусі пачаўся з таго, што адмянілася ўжо тры канцэрты. Падставы простыя: няма продажу білетаў. Цікава й тое, што ў той жа час, па тых жа гарадох едуць з гастролямі "Мумий Троль" ды Земфіра, і адміністрацыі канцэртовых заляў адмаўляюцца прадаваць таньнейшыя NRM'аўскія квіткі. Магчыма, тур будзе расьцягнуты на месяц ці паўтара. Але мушу падкрэсьліць, што тур "NRM" і "Вольных Танцаў" - рэчы розныя! 1-га сьнежня пачынаем вольна танчыць па краіне, і 1-га ж сьнежня "Народны Альбом" будзе ізноў зь візытам у Беластоку.

У гурце Rage Against The Mashine страта. Сышоў вакаліст Зак дэ ла Рока (Zak de la Rocha), заявіўшы, што агульны маральна-палітычны клімат у групе сапсаваўся. Гітарыст і лідэр Том Марэла (Tom Morello), у нейкай ступені згадзіўся з такой ацэнкаю былога калегі, але абодва бакі падзякавалі адно аднаму за плённую творчую працу й выказаліся ў тым сэнсе, што "калі б ня вы, дык і ня мы". Дэ ла Рока зараз актыўна заняты сольнымі праектамі, а на месца вакаліста па чутках запрапанаваны вакаліст і лідэр рэпэраў Cypress Hill Бі Рыал (B Real). Новы альбом "Рэйджаў" выйдзе 27 лістапада й будзе мець назву "Renegades".

Цікава выглядае беларускі музычны рынак у тым, што да новых альбомаў замежных выканаўцаў. Новы альбом "Offspring" лёгка можна было б набыць у нашых крамах амаль за тыдзень да афіцыйнага рэлізу, прычым з 15-цю бонусамі лепшых рэчаў. Альбом Smashing Pumpkins, які распаўсюджваецца толькі ў Інтэрнэце, таксама прадаецца - і па вельмі сьмешным кошце. А з альбомам Marylin Mansan, які выйшаў 14 лістапада, у гадавіну вынясеньня пажыцьцёвага прысуду забойцу Чарльзу Мэнсану, наагул атрымалася анэкдатычна. Пласьцінка Holly Wood зьявілася на беларускіх паліцах за дзесяць дзён да пазначанае даты, але чамусьці ў якасьці, характэрнай больш да МР-3 файлаў, скрадзеных з таго ж Інтэрнэту.

Лішне казаць, што паўсюль на дысках пазначана, што ліцэнзія на вытворчасьць ёсьць! Зь іншага богу, каб гэта былі сапраўды творы грунтоўныя, эпахальныя, дык можа мела б сэнс пазмагацца зь піратамі. А насамрэч, усё вышэйазначанае - ня вартая ўвагі звычайная музычная жуйка, з гістэрычна-дэпрэсіўным мэнсанаўскім прысмакам. Папярэдні альбом быў цікавейшы.

Новая мадэль старога манэкена. Гэта былі Мэнсаны. А я хацеў бы затрымаць вашую ўвагу на мадэлях, якія ўжо зьяўляюцца клясыкай. Мадэлі музычныя маю на ўвазе. Наконт паводзінаў у жыцьці, прыкладаў - вырашаць вам. Сустракайце нашага сёньняшняга госьця праграмы "Танцы На Даху", лідэра гурту "Крама" Ігара Варашкевіча.

Кароткая даведка:

Гурт "Крама" зьявіўся недзе ў 1989 г. на руінах "Бонды". Варашкевіч набраў маладых музыкаў, за выключэньнем бас-гітарыста. Склад цалкам не ўкамплектаваны да сёньняшняга дня, асноўная праблема - гэта гітарысты. "Крама" дала сусьвету як мінімум два гітарныя таленты - Аркадзя Юшына, які жыве зараз у Амэрыцы, і Сяргея Трухановіча, які змагаецца тут. Другі гітарыст Ільля Шэўчык нядаўна ізноў ажаніўся, і з гэтай нагоды заявіў, што болей ня будзе займацца музыкай. За адзінаццаць гадоў існаваньня гурт запісаў 5 альбомаў. Музыкі актыўна супрацоўнічаюць зь іншымі калектывамі, кшталту "Нейра-Дзюбель", "Палац" і "Сябры".

Гэта пакуль што адзіны новы запіс за апошнія два гады ў "Крамы". Да таго ж песьню гэтую можна знайсьці толькі на касэце другой часткі "Вольных танцаў". На кампакце яе няма. Як няма, на жаль, новага альбому. Дакладней, ён існуе, але пакуль не запісаны?

Песьня New Day з англамоўнага альбому "Крамы" Vodka On Ice, выдадзенага ў Ангельшчыне ў 1992 г. Песьня гэтая, нягледзячы на тое, што ёсьць і беларускамоўная вэрсія тэксту, ніколі нікуды, апрача гэтага запісу, не ўваходзіла й больш ніколі не выконвалася. Спадзяюся, што новыя дні для "Крамы" будуць складацца болей удала.

Аляксандар Памідораў

Радыё Рацыя