Сёлета для паступлення на спецыяльнасцi "дзяржаўнае кiраванне", "дзяржаўнае кiраванне i права", "дзяржаўнае кiраванне i эканомiка", "мiжнародныя адносiны", "мiжнароднае права", "правазнаўства", "эканамiчнае права", "журналiстыка", "мiжнародная журналiстыка" i "мытная справа" абiтурыентам давядзецца прайсцi папярэднi прафесiйны адбор. I хоць унесеныя ў Правiлы прыёму ў ВНУ змяненнi сталi вядомыя яшчэ тры тыднi таму, палажэнне аб правядзеннi прафесiйнага тэсцiравання або гутаркi ўсё яшчэ не зацверджана. Мiж iншым, для абiтурыентаў сёння любая iнфармацыя — на вагу золата…

Прыадкрыць таямнiцу над механiзмам правядзення прафесiйнага адбору пагадзiўся ў гутарцы з журналiстамi рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта Васiль Стражаў:

— Паводле нашага меркавання, не трэба нiчога выдумляць. Можна скарыстацца амерыканскiм вопытам. Ва ўсiх вядучых амерыканскiх унiверсiтэтах маладыя людзi на ўваходзе ў ВНУ пiшуць эсэ. Дапусцiм, малады чалавек плануе паступаць на факультэт журналiстыкi БДУ. У сваiм эсэ ён павiнен будзе паведамiць, якiмi матывамi ён кiруецца, як ён бачыць сябе ў будучай прафесii, чаму абраў для навучання менавiта Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт. Абiтурыенту трэба будзе праявiць сваю самастойнасць i спеласць меркаванняў, — патлумачыў сваю думку Васiль Стражаў. — Гэта, так бы мовiць, сачыненне на прафесiйную тэму, чаму я хачу быць журналiстам або юрыстам. Але мы не збiраемся яго ацэньваць на адзнаку: яно або прымаецца, або не прымаецца, залiк цi не залiк. Плюс пры паступленнi абiтурыенты павiнны праходзiць таксама тэсцiраванне на агульнае развiццё. Падобнае тэсцiраванне ўжо шмат гадоў паспяхова праводзiць пры адборы навучэнцаў Лiцэй БДУ. Лiцэйскiя тэсты — добра адшлiфаваныя, i iх можна хоць сёння браць i прымяняць. Нiякiя складаныя задачы ў тэсты, што ацэньваюць агульнае iнтэлектуальнае развiццё маладых людзей, уключацца не будуць. I адзнакi за тэсты выстаўляцца таксама не будуць.

На пытанне, а як жа "экзаменатары" змогуць беспамылкова ацанiць, хто прыклаў руку да напiсання эсэ (толькi абiтурыент або яго настаўнiкi, бацькi, рэпетытары), цi тэкст для эсэ ўвогуле быў знойдзены ў Iнтэрнэце, Васiль Стражаў адказаў наступнае: "Па-першае, Iнтэрнэт таксама знаходзiцца ў полi нашай увагi, а па-другое, я не бачу нiякiх праблем, каб вызначыць аўтарства сачыненняў на прафесiйную тэму, бо рука дарослага чалавека заўсёды бачная. Дарэчы, у амерыканскiх унiверсiтэтах абiтурыенту могуць адмовiць увогуле без тлумачэння прычыны".

Але Беларусь, дзе на кожнае бюджэтнае месца прэтэндуюць па 3 чалавекi, усё ж такi не Амерыка, i, напэўна, механiзм i крытэрыi прафесiйнага адбору павiнны быць зразумелымi абсалютна для ўсiх. Як i прычына, па якой маладога чалавека прымусяць адмовiцца ад сваёй мары яшчэ да старту галоўных экзаменацыйных выпрабаванняў. Мiж iншым, Васiль Стражаў прызнаўся, што для аб’ектыўнасцi ажыццяўлення прафесiйнага адбору вельмi важнае значэнне будзе мець адзiнства падыходаў, паколькi прайсцi прафесiйнае тэсцiраванне можна будзе ў любой ВНУ, дзе рыхтуюць спецыялiстаў па згаданых вышэй спецыяльнасцях, у тым лiку i на базе прыватных ВНУ. I далей накiроўвацца з атрыманым дазволам на "штурм" любой вышэйшай навучальнай установы.

— Праўда, мы добра разумеем, што асноўная нагрузка па правядзеннi прафесiйнага адбору кладзецца ўсё ж такi на БДУ, таму што пераважная большасць пазначаных у правiлах прыёму спецыяльнасцяў знаходзяцца менавiта ў нашым унiверсiтэце, — дадаў Васiль Стражаў. — Таму i настойваем на пiсьмовай форме прафесiйнага адбору. Адначасова мы можам забяспечыць пасадачнымi месцамi да трох тысяч чалавек. Рабiць мы гэта будзем, зразумела, у адзiн з выхадных дзён, каб не зрываць адукацыйны працэс у навучальных установах.

На пытанне журналiста "Звязды", а цi давядзецца праходзiць аналагiчны прафесiйны адбор абiтурыентам, якiя паступаюць у Юрыдычны каледж БДУ, Васiль Стражаў адказаў, што гэта было б лагiчным, але спачатку новы механiзм трэба будзе апрабаваць, тым больш што ў "правiлах прыёму абiтурыенты сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў пакуль што не ўзгадваюцца".

Першы намеснiк мiнiстра адукацыi Аляксандр Жук дадаў, што доўгачаканы дакумент з’явiцца ўжо на наступным тыднi i будзе даведзены да ведама ўсiх вышэйшых навучальных устаноў i абiтурыентаў. Рэгiстрацыя для ўдзелу ў прафесiйным тэсцiраваннi будзе праходзiць у сакавiку, а сам адбор — у красавiку, яшчэ да рэгiстрацыi для ўдзелу ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi. Такiм чынам у абiтурыентаў, якiм на прафадборы па нейкай прычыне не пашанцуе, будзе магчымасць, каб пераарыентавацца ў выбары прафесii, i, адпаведна, у выбары дысцыплiн для здачы на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi. I дадаў, што праходзiць прафесiйны адбор давядзецца толькi грамадзянам Беларусi i асобам, якiя пастаянна пражываюць на тэрыторыi нашай краiны. Нi на грамадзян Расii, нi на прадстаўнiкоў iншых замежных дзяржаў гэты парадак не распаўсюджваецца…

Надзея НIКАЛАЕВА
-50%
-50%
-25%
-30%
-10%
-15%
-10%
-15%
-18%
0068162