Два недзяржаўнах беларускіх выданні — рэгіянальная штотыднёвая "Газета Слонімская" і электронная газета "Ежедневник" — атрымаюць сёлета ўзнагароду "Свабодная прэса Усходняй Еўропы", вядомую таксама як "прэмія Цайта". Штогод яе ўручаюць прадстаўнікам незалежнай прэсы фонд Эбелін і Герда Буцэрыюса (фонд Zeit) і фонд "Свабоднае слова".
Пра гэта паведамляецца ў лісце на імя старшыні ГА "БАЖ" Жанны Літвіной ад кіраўніка праграмы фонду Zeit Фрауке Хаманн. Цырымонія ўручэння ўзнагарод адбудзецца 19 траўня г.г.
Акрамя беларускіх СМІ, прэмію атрымалі маскоўская газета "The New Times", заходне-сібірскае выданне "Мой город без цензуры", расійскія журналісткі Вікторыя Іўлева і Алена Ларыёнава і супрацоўнік азербайджанскай газеты "Зеркало" Раўф Мікадыраў.
Паводле ліста Фрауке Хаманн, "Газету Слонімскую" рэкамендавалі на атрыманне ўзнагароды дзяржаўны міністр міністэрства замежных спраў Германіі Гернот Эрлер, ГА "БАЖ", Нарвежскі Хельсінкскі камітэт, фонд "Дом правоў чалавека" (Human Rights House) і Нарвежскі Саюз журналістаў.
"Ежедневник" рэкамендавалі на прэмію ГА "БАЖ", фонд "Дом правоў чалавека" (Human Rights House) і Нарвежскі Саюз журналістаў.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"