Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У Маскоўскім судзе Менску распачаліся суды над маладафронтаўцамі за ўдзел у антыфашыстоўскай акцыі, якая адбылася мінулай пятніцай. Большасьць зь іх прывезьлі ў суд са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка.

У міліцэйскіх пратаколах запісана, што маладафронтаўцы трымалі сьвечкі, кветкі й здымкі забітых 26 кастрычніка 1941 году падпольшчыкаў. На думку міліцыянтаў, гэта ёсьць парушэньнем грамадзкага парадку.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец запатрабаваў сабе адваката, таму суд перанесьлі на чацьвер. Паколькі ў Паўла гэта трэцяе запар затрыманьне, яму пагражае альбо максымальны штраф, альбо арышт на 15 сутак.

Аляксея Чарняева і Алеся Панцялея арыштавалі на трое сутак, але ў гэты тэрмін уваходзіць той час, які хлопцы правялі ў спэцпрыёмніку. Пасьля вынясеньня прысуду Аляксея Чарняева і Алеся Панцялея яшчэ некалькі гадзінаў трымалі ў міліцэйскім пастарунку, каб не выпусьціць на некалькі хвілінаў раней за прызначаны тэрмін.

Алена Валынец атрымала папярэджаньне. Яна паведаміла Радыё Свабода:

(Валынец: ) "Вельмі абурае той факт, што ў 1941 годзе тых падпольшчыкаў фашысты вялі ад Валадаркі да дражджавога заводу і там расстрэльвалі. Сёньня можна правесьці паралель, як нашыя ўлады абыходзяцца з намі за тое, што мы вырашылі ўшанаваць памяць расстраляных.

У РАУСе з намі абыходзіліся вельмі груба. Са мной як зь дзяўчынай паводзілі сябе больш-менш ляяльна, а на хлопцаў крычалі. Міліцыянты нецэнзурна лаяліся. Толькі гэта мы ад іх і чулі. Яны зьдзекаваліся і даволі часта ўзгадвалі Курапаты і падпольшчыкаў. Казалі, што нас трэба павесіць, як тых падпольшчыкаў ці завезьці ў Курапаты. Высьмейвалі тыя факты".

Аляксея Шэіна, Максіма Вінярскага, Алеся Нішчыка і Алега Лабатага супрацоўнікі міліцыі абвінавачваюць у паўторным парушэньні грамадзкага парадку падчас правядзеньня масавых мерапрыемстваў. За гэта прадугледжанае больш жорсткае пакараньне. Хлопцы папрасілі адвакатаў і суды над імі перанесьці на іншыя дні.

Уладзімер Рубінчык, асьпірант катэдры паліталёгіі Белдзяржунівэрсытэту, адмовіўся ў судзе размаўляць па-расейску. Ён заявіў хадайніцтва, каб у суд запрасілі перакладчыка. Судзьдзя тройчы адхіляў хадайніцтва. Апошні ягоны аргумэнт выклікаў рогат прысутных: "У нас дзьве родныя мовы — расейская і беларуская, і ня трэба тут рабіць шоў. Калі я разумею вашу беларускую, то і вы павінны разумець маю расейскую".

Тады Ўладзімер Рубінчык папрасіў запрасіць сьведкам Якава Гутмана — старшыню "Беларускіх габрэяў сьвету". Гаворыць Уладзімер Рубінчык:

(Рубінчык: ) "Я габрэй. Прыйшоў ушанаваць памяць трох менскіх падпольшчыкаў. Усклаў кветкі на вуліцы Валадарскага, вырашыў прайсьці тым жа шляхам, якім іх вялі, — да дражджавога заводу. У мяне былі фотаздымкі забітых Машы Брускінай, Кірыла Труса і Ўладзімера Шчарбацэвіча. Дарогу перакрыў АМОН і пачалі хапаць людзей. Мяне таксама кінулі ў "варанок". Кпіны там былі: "Ого, самога бін Лядэна схапілі". Зь беларускай мовай таксама былі праблемы ў пастарунку".

Суд над Уладзімерам Рубінчыкам перанесьлі на 2 лістапада.

Сярод дзесяці затрыманых удзельнікаў акцыі "Не фашызму ў Беларусі" апынуўся адзін выпадковы мінак — Павал Яловік. Міліцыянты самі ў судзе патлумачылі, што затрымалі хлопца толькі за малады ўзрост, і судзьдзя яго апраўдаў.

Такім чынам, напрыканцы тыдня адновяцца судовыя паседжаньні па справах затрыманых удзельнікаў акцыі.

Малады Фронт тым часам рыхтуе заявы ў пракуратуру, амбасады, міжнародныя і вэтэранскія арганізацыі.

Любоў Лунёва, Менск