Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Сёлета ў Жлобіне за незаконныя выраб, захаваньне й гандаль наркотыкаў адкрыта 57 крымінальных справаў - на трынаццаць адсоткаў болей, чым летась.

Жлобін даўно вядомы як перавалачны пункт на шляху наркотыкаў з Аўганістану праз Таджыкістан, Казахстан і Расею ў Эўропу. Мытны саюз чатырох былых савецкіх рэспублік якраз і паспрыяў арганізацыі таннага й бесперашкоднага транзыту наркотыкаў з Аўганістану ў Эўропу. Кантраляваны расейскай наркамафіяй шлях для нармальнага функцыянаваньня патрабуе разьвітае інфраструктуры, а найперш - людзей, якія лёгка пагаджаюцца на крымінальныя злачынствы. А найпрасьцей дзялком ад наркабізнэсу прыцягваць да свае дзейнасьці самых наркаманаў.

Таму й ня дзіўна, што насёньня ў Жлобіне налічваецца каля трох тысяч нарказалежных, зь якіх на ўліку ў наркадыспансэры знаходзяцца 350 чалавек. У Сьветлагорску зарэгістраваных наркаманў - 605. Гэтае войска ня толькі спажывае наркотыкі, але й забясьпечвае наркабізнэс згоднымі на ўсё выканаўцамі, 78 з паловай адсоткаў зь якіх, дарэчы, ёсьць ВІЧінфікаванымі.

З афіцыйнае статыстыкі, у Жлобіне за дзевяць месяцаў году заведзена 57 крымінальных справаў за незаконныя выраб, захаваньне й гандаль наркотыкаў - на 13 адсоткаў болей, чым летась. Міліцыяй сканфіскавана больш за 20 кіляграмаў макавае саломкі й 210 грамаў гераіну - усяго на суму каля 16 тысяч даляраў. Апошнім жа часам доля гераіну сярод спажываных наркотыкаў няўхільна павялічваецца.

За апошнія пяць гадоў на Гомельшчыне ў тры разы пабольшала асобаў, якія ўжываюць наркатычныя рэчывы. З прагнозаў адмыслоўцаў, да 2005 году колькасьць наркаманаў мае падвоіцца, як і колькасьць злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі, на якія мы за прамінулае дзесяцігодзьдзе пабагацелі больш чым у дзесяць разоў.

Анэля Шчыпакоўская

Радыё Рацыя