Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Місія Міжнароднага валютнага фонду пачне сваю працу ў Беларусі праз тыдзень, 30 кастрычніка. Экспэрты МВФ будуць працаваць у Менску амаль два тыдні. Узначальвае дэлегацыю намесьнік дырэктара Другога эўрапейскага дэпартамэнту Марта дэ Кастэля-Бранка. На працягу некалькіх дзён у Менску таксама будзе працаваць выканаўчы дырэктар МВФ па Беларусі Вілі Кікэнс.

У часе візыту экспэрты МВФ зробяць канчатковыя высновы наконт таго, як беларускі ўрад выканаў праграму маніторынгу. Прадстаўнікі МВФ таксама завершаць штогадовыя кансультацыі па 4-м артыкуле пагадненьня з фондам.

Кансультацыі па 4-м артыкуле пагадненьня зьяўляюцца абавязковымі для кожнай краіны - сябра фонду. Фактычна гэта не кансультацыі, а штогадовы агляд эканамічнай палітыкі.

Больш значнае пытаньне - аналіз выкананьня праграмы маніторынгу. Я нагадаю, што гэтая праграма была падпісаная сёлета ў красавіку. Гэта першая праграма пасьля больш як пяцігадовага перапынку. Яна ня прадугледжвае фінансаваньня з боку МВФ. Аднак у выпадку пасьпяховай працы па праграме, Беларусь можа атрымаць магчымасьць распачаць перамовы, у выніку якіх наша краіна можа разьлічваць на крэдыт стэнд-бай.

Галоўная ўмова - паспяховая праца па праграме маніторынгу. Абвешчаньне высноваў, наколькі пасьпяхова працаваў урад па праграме, павінна адбыцца да 9 лістапада. Хутчэй за ўсе, экспэрты МВФ будуць казаць пра тое, што посьпехі былі частковыя.

Аліна Ісакоўская

Радыё Рацыя