Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Новости компаний



Арганізатары Фестывалю AD.NAK! заклікаюць зруйнаваць старажытную беларускую традыцыю рабіць усё ў апошні момант! Завяршэнне прыёму працаў на Фестываль AD.NAK! — ужо 1 чэрвеня.
 
Удзел у Шостым фестывалі, як і ў мінулыя гады, бясплатны. Да ўдзелу ў фестывальных намінацыях запрашаюцца аўтары рэалізаваных беларускамоўных рэкламных і камунікацыйных праектаў, якія не ўдзельнічалі ў фестывалях мінулых гадоў.
 
Адметнасці і цікавосткі Фестывалю
 
Сярод новых намінацый, на якія варта звярнуць увагу ўдзельніку AD.NAK!-2015, — “Маркетынгавая эфектыўнасць”, “Інавацыі” і “Мабільная рэклама”.
 
А сярод новых паднамінацый можна адзначыць:
- C-12. Product design (дызайн прадметаў інтэр’еру, музычных інструментаў, упрыгожанняў, цацак, гаджэтаў і г.д.) намінацыі “Графічны і камунікацыйны дызайн”;
- G-6. Interactive applications у намінацыі “Інтэрактыўная рэклама і дызайн”;
- N-4. Digital намінацыі “Сацыяльная рэклама”.
 
Таксама арганізатары вырашылі вярнуць “Конкурс нерэалізаваных праектаў”, у якім могуць узяць удзел крэатыўныя і неардынарныя праекты, не прынятыя кліентам або створаныя для няіснага брэнду.
 
Партнёр фестывалю, кампанія Universal Press, запрашае прафесійных дызайнераў і ілюстратараў, студэнтаў профільных навучальных установаў узяць удзел у конкурсе "Вольны друк на Elevate". У межах конкурсу ўдзельнікам трэба прапанаваць дызайн сучасных беларускіх прынтоў на адзенне. А менавіта распрацаваць новыя беларускія сімвалы, патэрны і арнаменты для брэнду гарадскога адзення Elevate.
 
Далучыцца да фестывальнага конкурсу “Каша сувораўская” можа ЛЮБЫ назіральны і неабыякавы чалавек! Каб паўдзельнічаць у ім, трэба даслаць фота з прыкладамі непрафесійнай рэкламы, што ігнаруе факты беларускай гісторыі і традыцыі айчыннай культуры.
 
Таксама на гэтым тыдні, 28 мая ў 19.00, у культурнай прасторы Studio67 (г. Мінск, пр. Партызанскі, 2А, 2 паверх) адбудзецца паказ найлепшых беларускамоўных рэкламных відэаролікаў за ўсю гісторыю існавання Фестывалю.
 
Уваход вольны! Каб стаць удзельнікам відэапаказу, дастаткова націснуць пімпачку “Пайду” ў фэйсбуку.
 
Як узяць удзел у Фестывалі?
 
У гэтым годзе на сайце Шостага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! падача работ для удзельнікаў зробленая максімальна проста і зручна.
 
Для падачы работы неабходна зарэгістравацца. Пасля гэтага ўдзельнік мае на сайце Фестывалю прыватны кабінет, у якім бачны спіс пададзеных работ і іх статус.
 
Форма рэгістрацыі работы таксама вельмі простая. Выбіраеце намінацыю і паднамінацыю або конкурс, у якія хацелі б падаць сваю работу. У большасць намінацыяў прапануецца падаваць работы у адным з некалькіх варыянтаў. Каб лягчэй і хутчэй аформіць работу, у некаторых варыянтах удзельнікам прапануюцца гатовыя ўзоры, па якіх трэба іх афармляць.
 
Удзел у Фестывалі, як заўсёды, бясплатны!
 
Генеральны партнёр AD.NAK! у гэтым годзе — кампанія velcom.
Афіцыйныя партнёры: Група кампаній "А-100", Студыя брэндынгу On Foot, Interactive brand studio HA, Universal Press®, піва фестывалю — “Піўзавод Аліварыя”, частка Carlsberg Group.
 
Усе падрабязнасці пра Фестываль, намінацыі і ўмовы ўдзелу ў воркшопах шукайце ў адпаведных раздзелах сайта Фестывалю Adnak.by. Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся па тэлефонах: +375 29 177-0121, 29 755-1434 (Сяргей Скараход), e-mail: adnak@budzma.org.
  
Пра Фестываль
 
Асноўная канцэпцыя Шостага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! — "Годны шлях рэкламіста". У цэнтры ўвагі сёлетняга Фестывалю — асоба самога стваральніка.
 
Шосты AD.NAK! запрашае рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў аб’яднаць свае намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе прайсці гэты шлях: ад нерашучай коскі да значнага і ўпэўненага клічніка!