Коронавирус
Выборы-2020
Задержание «бойцов ЧВК» в Беларуси


Ужо 18 дзён дакумент ляжыць у прэзідэнта непадпісаны. Для чаго ж была тая спешка, з якой прымалі законапраект?

23 траўня без паправак і адразу ў двух чытаннях, усяго за паўтары гадзіны, быў прыняты праект закону аб сацыяльных ільготах. 28 траўня ён ужо быў ухвалены Саветам Рэспублікі.І вось дагэтуль дакумент ляжыць у прэзідэнта непадпісаны. Для чаго ж была тая спешка, з якой прымалі законапраект?

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльнай абароне Валеры Лектараў, аднак, лічыць, што закон гэты рыхтаваўся не так хутка. Сем разоў ён паўтарыў Еўрапейскаму радыё, як доўга дакумент разглядаўся ў парламенце: “Закон чатыры гады быў у парламенце. Збіралі ўсіх людзей зацікаўленых. Чатыры гады — гэта не спешка”.

Чатыры гады, вядома, тэрмін вялікі. Аднак на працягу гэтага часу пра законапраект не было нічога чуваць. Толькі апошнія месяцы яго сталі актыўна абмяркоўваць. І не дзіўна - прэзідэнт загадаў прыняць праект у першую чаргу і без усякіх пытанняў. Аднак чаго ж цяпер чакае ён сам?

Між тым, уступіць у сілу закон мусіць ужо з 1 студзеня 2008 года. За паўгода да гэтай даты ён павінен быць не толькі падпісаны, але і надрукаваны. Свой прагноз, калі прэзідэнт падпіша закон, дае прэс-сакратар Адміністрацыі прэзідэнта Павел Лёгкі: “Я думаю, падпісанне закону, гэта справа найбліжэйшай будучыні. Не турбуйцеся. Падпіша прэзідэнт закон. Без яго подпісу закон у сілу не ўступае. Да пачатку працы закона прэзідэнтам будзе падпісаны ўказ, што тычыцца вызначэння катэгорыяў грамадзянаў, якім будуць давацца льготы. Я ведаю, што ўказ рыхтуецца. Але, на жаль, не магу назваць вам нейкія дакладныя тэрміны. Я проста ведаю, што такі ўказ павінен папярэднічаць уступленню ў сілу закону”.

Праект указа аб адраснай сацыяльнай падтрымцы насельніцтва, пра які гаворыць Павел Лёгкі, падрыхтаваны і асэнсоўваецца — сказаў міністр працы Уладзімір Патупчык. Прэс-сакратар Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Трафіменка распавяла “Еўрапейскаму радыё”, што на падрыхтоўку ўказа засталося пара тыдняў: “Нам усяго далі вельмі мала часу. Увогуле, там ужо ёсць нейкія напрацоўкі. Але ён яшчэ ў такім сырым выглядзе, што яшчэ асабліва няма чаго сказаць. Падпісаны ён павінен быць хутка. Па-мойму, усяго прэзідэнт даваў нам тэрмін тры месяцы. Што праз тры месяцы ўказ павінен ужо выйсці ў свет. Ну, вось ужо прайшло каля месяца-паўтара. Так што я думаю, яшчэ паўмесяцы на работу, і ўсё. Закон пойдзе да прэзідэнта. І там ужо будуць разглядаць”.

У любым выпадку, калі прэзідэнт ні падпіша закон аб сацыяльных ільготах, указ аб адраснай дапамозе ўступіць у сілу раней за гэты закон. Такім чынам, яшчэ да адмены льготаў пэўны час беларусы будуць атрымліваць і льготы, і адрасную дапамогу. Аднак усё яшчэ невядома, каму дакладна будзе аказаная гэтая дапамога.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльнай абароне Сяргей Камянецкі, да прыкладу, сказаў “Еўрапейскаму радыё”, што адрасная дапамога будзе аказвацца сем’ям, чые даходы не перавышаюць 80% бюджэту пражытковага мінімуму.

А людзей, якія зарабляюць менш за пражытковы мінімум (гэта 170 тысяч), сёння ў Беларусі каля 8%. Атрымліваецца, што б там і ў якія тэрміны ні вырашалі, на адрасную дапамогу шмат хто прэтэндаваць не зможа.

Віталіна Грахоўская
-15%
-20%
-10%
-10%
-20%
-20%
-17%
-25%