Сёньня вядучыя газэты Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Вугоршчыны надрукавалі карыкатуры Аляксандра Лукашэнкі на знак салідарнасьці з аўтарамі малюнкаў і мультфільмаў пра кіраўніка беларускай дзяржавы, якім пагражае турэмнае зьняволеньне.

"Мы хочам паказаць прэзыдэнту Беларусі, што сьмех — гэта зброя дэмакратыі", — гэтымі словамі пачынаецца тэкст пад карыкатурамі на Аляксандра Лукашэнку, што надрукаваў сёньня найбольш масавы польскі штодзёньнік "Gazeta Wyborcza".

Акрамя "Газэты Выбарчай" да акцыі салідарнасьці з аўтарамі малюнкаў і сатырычных мультфільмаў, далучыліся папулярная чэская газэта "Lidové Noviny", вугорскі штодзёньнік "Magyar Hirlap" і вядучая славацкая газэта "Sme" (нагадаем, яе карэспандэнту беларускія ўлады нядаўна не дазволілі ўезд на тэрыторыю Беларусі).

У "Газэце Выбарчай" кажуць, што газэта нягледзячы на тое, што ў Беларусь не пусьцілі і яе карэспандэнта, будзе ўсяляк змагацца супраць абмежаваньня права на доступ да інфармацыі ў Беларусі, у тым ліку і празь сьмех, "якога ня любіць і баіцца кожная дыктатура".

- Трэба пратэставаць супраць таго, што адбываецца ў Беларусі. Нельга пагадзіцца з рэпрэсіямі. Таму мы пратэставалі і будзем пратэставаць усімі магчымымі спосабамі, — сказаў Радыё Свабода Пётра Стасіньскі — намесьнік галоўнага рэдактара "Газэты Выбарчай".

Былыя ўдзельнікі антыкамуністычных рухаў у Польшчы таксама кажуць, што сьмех можа быць эфэктыўнай зброяй у барацьбе супраць недэмакратычных уладаў. Гаворыць Генрык Вуец — адзін са стваральнікаў і лідэраў "Салідарнасьці", які ўжо ў вольнай Польшчы стаў дэпутатам і міністрам.

- Гэта, канечне, вельмі добрая зброя. Ва ўмовах рэжыму людзям нярэдка цяжка змагацца адкрыта, бо гэта пагражае турмой ці звальненьнем з працы. У камуністычнай Польшчы было вельмі шмат палітычных анэкдотаў, зьяўленьне якіх улады ніяк не маглі спыніць. Ці знаная "памаранчавая альтэрнатыва" — слова памаранчавы, напэўна, Лукашэнку не спадабалася б — людзі ў памаранчавых кашулях, пераапранутыя ў строі гномаў раздавалі мінакам на вуліцы туалетную паперу, а чалавек, апрануты як міліцыянт — ён называў сябе маёр Фрыдрых — разганяў гномаў. Так сьмяяліся зь міліцыянтаў, якія разганялі дэманстрацыі.. Такія акцыі, як зрабіла "Gazeta Wyborcza", дапамагаюць зразумець, што з гэтага дыктатара можна пасьмяяцца.

Аляксей Дзікавіцкі
{banner_819}{banner_825}
-23%
-50%
-10%
-45%
-50%
-30%
-20%
-20%
-10%
-80%