/ /

Правацэнтрысцкая кааліцыя правяла агітацыйныя пікеты каля ЦУМа і будынка Белтэлерадыёкампаніі, а таксама зладзіла шэсце па праспекце Незалежнасці. Мерапрыемства наведаў лідар кіруючай партыі Еўрасаюза Жозэф Доль.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

Пікет каля ЦУМа сабраў некалькі дзясяткаў правацэнтрыстаў. На ім былі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Алесь Лагвінец, Юрась Губарэвіч і іншыя палітыкі з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і Руху «За Свабоду», якія ў лістападзе 2015 года аб’ядналіся ў кааліцыю.

Прыкладна на 20 хвілін пікет наведаў Жозэф Доль, кіраўнік Еўрапейскай народнай партыі, які знаходзіцца ў Беларусі з працоўным візітам. Палітык у пікеце ўдзел не прымаў, з журналістамі не размаўляў.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY
Жозэф Доль

Кандыдат у дэпутаты па Каліноўскай акрузе Юрась Губарэвіч нагадаў мінакам галоўныя пункты сваёй праграмы: неабходнасць стварэння новых працоўных месцаў, прыватызацыі прадпрыемстваў, нармальнай пенсійнай рэформы і г. д.

— Ніякія рэформы немагчымыя без свабодных выбараў, — сказаў ён. — 11 верасня пройдзе чарговае галасаванне, але месцы ў Палаце прадстаўнікоў ужо размеркаваныя.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY
Юрась Губарэвіч

Палітык дадаў, што ў працавітага народа, які жыве ў цэнтры Еўропы мусіць быць годны ўзровень жыцця.

— Чаму нашыя людзі не маюць еўрапейскіх заробкаў?, — гучна выкрыкнуў Губарэвіч праз гукаўзмацняльнік.

Пасля слова ўзяў калега Губарэвіча па Руху «За Свабоду» незарэгістраваны кандыдат Алесь Лагвінец.

Ён растлумачыў, чаму дэмакратычныя сілы ўдзельнічаюць у выбарах, хаця і не вераць у справядлівы падлік галасоў:

— Вы можаце ўявіць, каб людзі маглі спакойна казаць пра тыя праблемы, што ёсць у краіне, калі б не было гэтай гульні ў выбары? Трэба карыстацца магчымасцю. Мы ўдзельнічаем у кампаніі, каб казаць пра праблемы, якія мы не чуем з дзяржаўнага ТБ, — сказаў палітык.

Лідар АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што прызначаныя дэпутаты — гэта адметнасць Беларусі:

— Прызначаны дэпутат націснуў на кнопку — і вашыя 250 мільёнаў долараў пайшлі на будаўніцтва дванаццатай рэзідэнцыі Лукашэнка. Яны націснулі другі раз — і вашыя 100 мільёнаў еўра пайшлі на будаўніцтва клінікі для чыноўнікаў.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY
Анатоль Лябедзька

Палітык дадаў, што гэтыя грошы можна было накіраваць на стварэнне новых працоўных месцаў і тады б беларусы не станавіліся гастарбайтарамі.

— Праблему можа вырашыць толькі адно — уладу, як і падгузнікі, трэба рэгулярна мяняць.

Ён заклікаў мінакоў дапамагаць дэмсілам у назіранні за выбарамі.

Прыкладна пасля паўгадзіны ўдзельнікі пікета пайшлі па праспекце ў накірунку будынку БТРК.

Падчас руху палітыкі таксама агітавалі галасаваць за альтэрнатыўных кандыдатаў і казалі пра праблемы ў краіне.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY
Віталь Рымашэўскі

Лябедзька прызваў ігнараваць датэрміновае галасаванне і аддаць свой голас толькі 11 верасня. Гэтую думку дапоўніў Губарэвіч:

— Кожны раз, калі вы ідзеце галасаваць датэрмінова — ваш голас выкідваюць у сметніцу. Трэба патрабаваць сумленнага падліку галасоў, інакш гэтая ўлада ніколі не будзе мяняцца. Яна прызначае сама сябе і не нясе адказнасці за тыя законы, якія пагаршаюць жыццё людзей.

Губарэвіч таксама нагадаў, што за 4 гады па ініцыятыве дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў было прынята толькі 3 законы.

Калі правацэнтрысты праходзілі каля дома № 80 па праспекце Незалежнасці, Губарэвіч нагадаў пра ўчорашнюю акцыю. У рамках сустрэчы з выбаршчыкамі ён арганізаваў пратэст жыхароў дома, якія некалькі гадоў не могуць дамагчыся ад уладаў завяршэння капітальнага рамонту дома.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

Насупраць будынку БТРК ён выказаў абурэнне малым эфірным часам на выступы перад тэлегледачамі і запатрабаваў пастаяннай прысутнасці альтэрнатыўнай пазіцыі на дзяржаўным ТБ, «таму што яно фінансуецца за грошы падаткаплатнікаў».

Экс-кандыдат у прэзідэнты хрысціян-дэмакрат Віталь Рымашэўскі адзначыў, што беларускае тэлебачанне неканкурэнтнае ні да еўрапейскага, ні да расійскага.

— Сёння БТРК — гэта цэнзура і сорам, — гучна прамовіў ён да яе супрацоўнікаў.

Апошнім слова ўзяў Лябедзька.

— БТ — гэта не інфармацыя, а прапаганда, — сказаў палітык.

Ян спытаў праз гукаўзмацняльнік у супрацоўнікаў БТРК ці не сорамна ім за тое, што ў эфір не трапілі выступы правацэнтрыстаў Міколы Уласевіча і Паўла Стэфановіча, а выступ Юрыя Хашчавацкага выдалілі з Youtube.

— Гэта сведчаць, што у нас ёсць палітычная цэнзура, — падсумаваў лідар АГП.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

Пасля прамоваў Лябедзька, Рымашэўскі і Губарэвіч аднеслі у БТРК петыцыю. У ёй адзначана, што у Беларусі дзяржава цалкам манапалізавала грамадска-палітычнае тэлебачанне. Сярод патрабаванняў - рэгулярны доступ апазіцыі да эфіру, стварэнне незалежнага ад дзяржавы грамадскага тэлебачання.

{banner_819}{banner_825}
-50%
-20%
-20%
-13%
-50%
-35%
-20%
-30%