/ /

Сёння экс-кандыдату ў прэзідэнты Міколе Статкевічу споўнілася 60 гадоў. Мы завіталі да яго ў госці і паразмаўлялі пра насычанае жыццё. Чытайце ў нашым інтэрв'ю, што выхавала ў ім беларускасць, прывяло ў апазіцыю і чаму ён пакуль не піша пра гэта кнігі.

«Жыццё тут — рай». Пра дом у Лошыцы, бакал віна і дзяцей

Дом, у якім жыве Мікола Статкевіч пасля вызвалення, знаходзіцца ў Лошыцы. Цішыню вуліцы з прыватнымі дамамі толькі зрэдку парушаюць машыны і сабакі.

— Жыццё тут для мяне — рай, — кажа палітык. — Людзі, як статныя жывёлы: ім патрэбна, каб пер’яў было багата, хвост даўжэйшы. Але насамрэч для шчасця неабходна мала: усё ўнутры нас.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

Кожную раніцу ён стараецца босымі нагамі хадзіць па траве, займацца фізкультурай і атрымлівае ад гэтага асалоду.

Смяецца і паказвае на жывот: адкармілі, кажа, бо доўга не было нармальнай ежы.

— Часам садзімся тут з жонкай, запальваем ліхтарык і выпіваем па бакальчыку добрага віна, — працягвае суразмоўца.

На ўчастку прыходзіцца і працаваць: касіць траву, вывозіць яблыкі на сметніцу.

— Жонка варыць павідла на два гады, бо ў наступным ураджаю не будзе, але ўсё роўна так шмат яблыкаў не трэба — каб яны не акіслялі зямлю, вывожу іх, — кажа Статкевіч і прапануе забраць па некалькі кілаграмаў дадому, збівае іх граблямі.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

Свой дзень народзінаў ён плануе правесці з калегамі па палітыцы («па сутнасці, пашыранае бюро») і блізкімі, але як свята гэта не ўспрымае гадоў трыццаць.

Сваім дзецям Статкевіч пакуль забараняе прыязджаць у Беларусь. Яны атрымалі тут вышэйшую адукацыю, але «з-за дрэннага прозвішча» не змаглі знайсці добрай працы і з’ехалі ў Заходнюю Еўропу, завялі там сем'і. Апошні час яны бачыліся ў Бельгіі ў сакавіку.

— Заўсёды хаваеш свае слабыя месцы, але гэтае не схаваеш. За дзяцей можна ўхапіцца і зрабіць правакацыю. Адна з дачок пісала, што хоча атрымаць нямецкае грамадзянства і пасля гэтага прыехаць. Я адказаў, што калі ў яе кішэні знойдуць белы парашок, ніякае грамадзянства не выратуе, — распавядае палітык.

Са старэйшым братам, які займаецца бізнэсам ва Украіне, і бацькам, які жыве ў Баранавічах, Статкевіч бачыцца рэгулярна.

— Я б хацеў прывезці бацьку ў Мінск, здароўе таму дазваляе, кожны дзень зарадку робіць — усяго 90 гадоў «хлопчыку», — але той не хоча, — дадае ён.

Пра генетычную абумоўленасць і пратэст у савецкім вучылішчы

Позірк перахопліваюць два вялікія сцягі: перавернуты дзяржаўны і савецкі. Іх усталяваў на сваім участку сусед — усяго ў некалькіх метрах ад дома, дзе жыве Статкевіч. Ён смяецца, сцягі яго не бянтэжаць. Кажа, што пакуль пазнаёміцца не атрымалася.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

Мы пачынаем разглядаць фотаздымкі з палітыкам і размаўляць пра яго жыццё.

— Шмат што ў чалавеку абумоўлена генетычна, — пачынае Мікалай Віктаравіч, — я належу да старога шляхетнага роду, і ад продкаў мне дасталіся ўпартасць і пачуццё адказнасці.

Бацькі многае хавалі ад сына, бо ў савецкія часы гэта было небяспечна, але на пачатку 1990-х гадоў гісторыкі пазнаёмілі Статкевіча з мінулым яго роду.

Нарадзіўся ён на Случчыне, недалёка ад радавой вёскі. Паступіў у Мінскае вышэйшае інжэнернае зенітна-ракетнае вучылішча.

— Не зусім задавальняла альтэрнатыва — ісці ў інжынеры ці эканамісты, каб праціраць стул. Хацелася рамантычнага. Я і атрымаў гэтую рамантыку, — кажа Статкевіч пра свой выбар.

Мікола Статкевіч, курсант другога курса МВІЗРВ.

Скончыць вучылішча з чырвоным дыпломам яму не дазволілі: прыпомнілі арганізацыю галадоўкі супраць новага начальніка, які скараціў час звальненняў (тады пратэст скончыўся перамогай — звальненні падоўжылі, начальніка перавялі на іншую пасаду). Разам з гэтым, ён быў пазбаўлены права выбара месца размеркавання і трапіў у Запаляр’е.

Яго аб’яднанне супрацьпаветранай абароны ахоўвала поўнач еўрапейскай часткі СССР. Служыў Статкевіч добра, у парушэнне нормаў (раней за неабходны час) яго зрабілі майстрам баявой кваліфікацыі.

— Мы ведалі, што ў выпадку вайны праз нас паляцяць ядзерныя бамбардзіроўшчыкі. Нам казалі, што калі паваюем 20 хвілін, то апраўдаем усё, што ў нас укладзена, — дадае ён.

Пасля вяртання ў Беларусь Статкевіч абараніў кандыдацкую дысертацыю і выкладаў у вучылішчы, якое раней скончыў, напісаў болей за 60 навуковых прац у галіне кіравання, эрганомікі і сацыяльнай псіхалогіі. Пачаў пісаць доктарскую дысертацыю, але планы змяніла палітыка. Савецкі Саюз дажываў апошнія гады.

Пра «вызовы на ковер» да сілавікоў і расстрэльны артыкул за здраду Савецкаму Саюзу

— У мяне было вялікае абурэнне, калі я пазнаёміўся з беларускай версіяй беларускай гісторыі: я зразумеў, што ў нас адмыслова выхоўвалі комплекс непаўнавартасці, хлусячы пра мінулае, — кажа палітык.

Ён шмат чытаў беларускіх кніг Уладзіміра Караткевіча, Канстанціна Тарасава, пачаў шукаць аднадумцаў.

Падпалкоўнік савецкай арміі Мікола Статкевіч стварае на пачатку 1990-х «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў».

— Вядома, што калі грамадства губляе агульную ідэю, яно распадаецца. СССР аб’ядноўвала камуністычная ідэя, галоснасць яе забіла. Было зразумела, што гэта дзяржава ў хуткім часе распадзецца, — успамінае Статкевіч.

Разам з аднадумцамі яны вырашылі прасоўваць канцэпцыю беларускага войска. У 1990 годзе газета «ЛіМ» надрукавала некалькі яго артыкулаў на гэту тэму. Ён выступаў на мітынгах і пазней увайшоў у камісію пры Вярхоўным Савеце па рэфармаванні войска.

Прыход Міколы Статкевіча ў палітыку. Мітынг супраць ГКЧП, 1991 год.

— Пасля студзеньскіх падзей у Вільні, калі на людзей направілі танкі, я выйшаў з КПСС. Старэйшы афіцэр павінен быў быць камуністам. Выхад з партыі падпалкоўніка савецкай арміі — гэта ЧЗ. Прыязджаў генерал з Масквы. Я тады пераканаўся, што мая гіпотэза пра развал СССР правільная. Ён адчытаў у прысутнасці калег, а калі засталіся сам-насам сказаў: «Как я вас понимаю». Я зразумеў тады, што насамрэч гэтую сістэму ніхто бараніць не будзе, — працягвае палітык.

Падобны выпадак здарыўся пасля скандальнай перадачы на Беларускім радыё. Журналіст Віталь Сямашка запрасіў Статкевіча на сваю праграму, і той звярнуўся да вайскоўцаў, каб яны не выконвалі загадаў і не выступалі супраць народа.

— Начальнік Віталя забягаў, крычаў, што нас заб’юць сапёрнымі лапатамі (імі разганялі антысавецкія мітынгі ў Тбілісі). У аператара дрыжалі рукі, і таму тры разы рвалася стужка. Але мы запісалі мой выступ, і яго пусцілі ў эфір, — кажа Статкевіч.

Гэта стала падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы — расстрэльны артыкул за падрыў абароназдольнасці. Справа праіснавала два дні.

— У вучэльні выклікалі да кіраўніцтва. Начальнік палітаддзела і намеснік начальніка вучэльні па стралявой падрыхтоўцы прылюдна спрабавалі штосьці данесці, але потым патэлефанавалі і абодва сказалі: «Ты же понимаешь, извини».

Нягледзячы на абвяшчэнне суверэнітэту, сапраўдную незалежнасць, па словах Статкевіча, прыйшлося бараніць ажно да 1999 года.

Адно з дзясяткаў затрыманняў Міколы Статкевіча. 1999 год, акцыя з нагоды Дня незалежнасці.

— Вулічная вайна за незалежнасць скончылася 17 кастрычніка 1999 года Маршам Свабоды. Некалькі дзясяткаў тысяч чалавек выйшлі ў цэнтр Мінска, але супраць дэманстрантаў было кінута каля пяці тысяч міліцыянтаў і нават салдат. Мітынг скончыўся сутыкненнямі. З абодвух бакоў пацярпелі больш за сотню чалавек. Пасля гэтага Лукашэнка знік амаль на тыдзень, кажуць, ён хаваўся ў бункеры ў Астрашыцкім Гарадку, але пасля ён стаў прамаўляць як патрыёт, — кажа палітык.

Пра дзяржаўны калгас і вайну з Расіяй

— Вельмі складаная сітуацыя ўплываць на ўладу знізу, праз вуліцу. Але пэўныя ўплывы аказаліся дзейснымі. Мы спынілі гандаль незалежнасцю. Гэта найвялікшая каштоўнасць. Яна ўмацоўвае нацыю па факту існавання. Мы не пакінулі ўладзе ідэалагічнай альтэрнатывы, апроч нашай, — працягвае Статкевіч.

Ён дадае, што не з’яўляецца прыхільнікам змены ўлады праз рэвалюцыю, бо гэта можа мець непрадказальныя наступствы, але пакуль не бачыць іншага выйсця.

— Зараз задача грамадства — вярнуць выбары і ўладу. Патрэбна, каб любога палітыка, які не задавальняе, можна было мяняць праз выбары на іншага. А Лукашэнка гатовы нават і на мове загаварыць, і «Пагоню» вярнуць, але калгас чапаць не будзе. Ён разумее, што гэта забяспечвае яму ўладу. І не важна, што гэты калгас будзе нішчаць і калгаснікі будуць хадзіць у гумовых ботах, — дадае Статкевіч.

Зараз амаль усе думкі — пра парламенцкія выбары. Яго не зарэгістравалі ў якасці прэтэндэнта ў кандыдаты («як я і хацеў»), і ён рыхтуецца да акцыі пратэсту.

— Спадзяюся, што сіл пабыць у палітыцы яшчэ хопіць. Калі ўжо іх не стане — сяду кніжкі пісаць, — кажа Статкевіч.

Ужо праважаючы нас, Мікола Віктаравіч выказвае занепакоенасць. Баіцца, што Расія пачне вайну і супраць Беларусі.

— Непрыемная навіна: у 2017 годзе рэзервовы фонд Расіі будзе вычарпаны, калі кошты на нафту не зменяцца. А яны не зменяцца, амерыканцы пастараюцца. Калі ў Расіі няма грошай, яна ваюе. Вось пра гэта галава баліць.

— Ну яго нафіг, — дадаў Статкевіч праз паўзу.

Фото: Александр Васюкович, TUT.BY

-10%
-30%
-5%
-30%
-10%
-25%
-20%
-20%
-10%
-50%