Коронавирус
Выборы-2020
Отдых в Беларуси


Віталь Ругайн,

Журналіст тэлеканала Russia Today Аляксандр Гурноў распавёў Еўрарадыё, як змянілася атачэнне Лукашэнкі і чаму кіраўнікам такі важны спорт. 



Еўрарадыё: Як хутка Лукашэнка пагадзіўся на інтэрв'ю? Ад каго ішла ініцыятыва?

Аляксандр Гурноў: "Я не ўпершыню сустракаюся з Лукашэнкам. А як мне вядома, ён любіць журналістаў, з якімі раней размаўляў і ведае іх, якія для яго не з'яўляюцца сюрпрызам. Колькі часу дамаўляліся, не ведаю, але, напэўна, пару тыдняў".

Еўрарадыё: Хто акрэсліў тэмы гутаркі? Нейкія абмежаванні былі?

Аляксандр Гурноў: "Натуральна, я акрэсліў тэмы інтэрв'ю. Абмежаванняў ніякіх не было. Чакалі мы іх амаль 6 гадзінаў праз затрымку на абедзе з нашым кіраўніцтвам. Людзі з яго атачэння самі вельмі хацелі, каб я з ім пагутарыў пра саміт ЕўрАзЭС. І яшчэ яны прапанавалі: а вось вы Аляксандру Рыгоравічу скажыце пра біятлон і як выдатна беларусы там выступілі. Але пра гэта я не стаў казаць, бо мне падалося, што гэта не галоўная тэма. Хаця гэта звыклая практыка, калі намагаюцца прапанаваць тэмы для размовы з першай асобай, якія шэфу будуць прыемныя. У Лукашэнкі адно з самых прыемных для зносінаў атачэнне, у параўнанні з атачэннямі іншых прэзідэнтаў. Заўжды адкрытыя і гатовыя дапамагчы". 
 
"Мы з ім практычна палову інтэрв'ю размаўлялі пра Бога"

Еўрарадыё: Вам падалося, што Лукашэнка быў шчыры?

Аляксандр Гурноў: "Учора ён быў гранічна шчыры. Мы з ім практычна палову інтэрв'ю размаўлялі пра Бога. Пра тое, як ён мяркуе, ці даруе яму Бог за тое, што ён рэгулярна пасылае людзей на смерць. Я быў здзіўлены, ён сказаў: штораз падпісваць адмову на прашэнне аб памілаванні, вы, Саша, не паверыце, гэта самае цяжкае ў працы прэзідэнта. А адмяніць смяротнае пакаранне мы не можам, таму што народ не зразумее.

Я яго спытаў, ці даруе яму Бог гэта. Ён сказаў: "За гэтых даруе. Я падпісваю толькі па тым, па якім я перакананы на 100 адсоткаў, што яны здзейснілі тыя злачынствы, за якія нашым законам прадугледжанае смяротнае пакаранне. Але не ведаю, ці даруе мне Бог за іх маці". Вось гэта было вельмі моцна пачуць ад Аляксандра Лукашэнкі, якога ўсе лічуць чалавекам досыць жорсткім і прагматычным, калі ён сказаў, што за маці ён адчувае адказнасць перад Богам". 

"Такой беганіны атачэння вакол першай асобы, якая была тры гады таму, я не заўважыў"

Еўрарадыё: Зразумела, што кіраўнік краіны не з тых, хто проста так пагаджаецца на інтэрв'ю. Як вы думаеце, ён намагаўся праз вас перадаць нейкі пасыл, напрыклад, на Захад?

Аляксандр Гурноў: "Безумоўна, Аляксандр Лукашэнка не з тых людзей, які дае інтэрв'ю, калі іх пра гэта просяць. Яны даюць інтэрв'ю, калі ім гэта трэба. Вядома, яму штосьці было трэба. Мая мэта была паказаць яго, як чалавека. Я лічу, што Лукашэнка - асоба, вартая вывучэння. Калі меркаваць па тэмах, на якія ён вельмі разгорнута адказваў, то іх было тры: саміт ЕўрАзЭС, апазіцыя і санкцыі. Мне здаецца, чыста па-людску, яму была б вельмі непрыемная адмена чэмпіянату свету па хакеі 2014 года. Гэта будзе вялізны ўдар па ягонай рэпутацыі і рэпутацыі краіны. І ён разумее, што для беларусаў гэта будзе непрыемна. Мяне заўсёды здзіўляе, чаму для кіраўнікоў так важны спорт? Можа, таму што гэта імітацыя вайны, але мірная? Можна ваяваць адно супраць аднаго або ваяваць зброяй адно аднаго ў Афрыцы. Але і тое, і іншае становіцца менш рэальнае, вось і застаецца біятлон".

Еўрарадыё: Вы не ўпершыню сустракаецеся з кіраўніком Беларусі. Як ён змяніўся апошнім часам?

Аляксандр Гурноў: "Ён стаў больш шчыры, можа быць, таму, што даўно мяне ведае. Але, з іншага боку, ён чамусьці вельмі нервова рэагуе на Шушкевіча і ўсю апазіцыю. Раней ён неяк спакойна да іх ставіўся. А ўчора ён неяк завёўся на Шушкевіча. Я ў яго спытаў: чаму Шушкевіча не выпусцілі з краіны? Ён гэта блізка да сэрца ўспрыняў і мы доўга пра яго размаўлялі.

Калі казаць наогул, ён становіцца больш упэўнены ў сабе. Вельмі ўмела ўключае абаянне. І гэта нават перадаецца ягонаму атачэнню. Калі раней вакол бацькі бегалі, бы заведзеныя, то цяпер сталі спакайнешыя. Такой беганіны вакол першай асобы, якая была тры гады таму, я не заўважыў".

Еўрарадыё: Ад адказаў на якія пытанні ён сыходзіў?

Аляксандр Гурноў: "Ён не сыходзіў ад адказаў і адказваў падрабязней, чым таго патрабавалі абставіны. У мяне інтэрв'ю вельмі жорсткае - 30 хвілінаў. І мы яго робім у рэжыме прамога эфіру: як паразмаўлялі, гэтак яно і выходзіць без купюр. Праз яго падрабязныя адказы я, мабыць, і не паспеў задаць яму некаторыя пытанні, напрыклад, пра эканоміку". 

"Калі ўжо скончыўся час інтэрв'ю, мне прыйшло ў галаву папрасіць яго сфармуляваць паняцце дыктатуры"

Еўрарадыё: Наколькі, як вам падалося, Лукашэнка рашуча настроены ў адносінах да санкцый?

Аляксандр Гурноў: "Ён мне недвухсэнсоўна даў зразумець, што не гатовы на здзелкі. Ідэя ў тым, што факт увядзення санкцый не азначае, што за зняцце яны могуць разлічваць на гандаль. Ён гатовы дамаўляцца. Гэта як адна краіна напала на іншую і прапануе дамаўляцца. Вы спачатку войскі выведзіце. Вось і ён лічыць: спачатку скасуйце санкцыі, потым будзем дамаўляцца.

Пры ўсіх мінусах, ён малайчына ў тым, што размаўляе з Еўропай з пункту гледжання кіраўніка вялікай дзяржавы. Ён адмаўляецца ўлазіць у той імідж, які яму малююць на Захадзе. Яго там намагаюцца прадставіць нейкім пацешным дыктатарам аскепку былой Расійскай імперыі".

Еўрарадыё: Якое ключавое пытанне вы яму задалі?

Аляксандр Гурноў: "Ключавое пытанне я яму не паспеў задаць. Калі ўжо скончыўся час інтэрв'ю, мне прыйшло ў галаву папрасіць яго сфармуляваць паняцце дыктатуры і як ён сам вызначае форму кіравання, што існуе ў Беларусі".
-12%
-21%
-10%
-21%
-20%
-25%
-20%
-10%
-17%