56 дней за решеткой. Катерина Борисевич
Коронавирус: свежие цифры


Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Развітанне Валдзіса Затлерса. Фота: Reuters via TUT.BY
Развітанне Валдзіса Затлерса. Фота: Reuters via TUT.BY
У выніку палітычнага крызісу суседняя Латвія атрымала на днях новага прэзідэнта, восьмага ў гісторыі. Заміж прафесійнага хірурга і дзейнага прэзідэнта Латвійскай асацыяцыі рэўматалогіі і артапедыі Валдзіса Затлерса, які займаў прэзідэнцкую пасаду з 2007 года, дэпутаты Сейму абралі былога банкіра Андрыса Берзіньша. TUT.BY пацікавіўся, што гэтая замена значыць для Беларусі і ў якім кірунку будуць развівацца двухбаковыя стасункі між краінамі.
 
Затлерс і Берзіньш
 
Чым Затлерс мог запомніцца беларускім экспертам за чатыры гады? Хіба што двума сустрэчамі з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым падчас пацяплення ў стасунках паміж Беларуссю ды Еўрасаюзам (2009-2010) ды парай стрыманых заяваў у СМІ.
 
Гэтак, на запуску праграмы ЕС “Усходняе партнёрства” увесну 2009-га Затлерс адзначыў, што Беларусь “нельга пакінуць адну, як востраў на кантыненце”, бо гэта “ўсім стварае нязручнасці”.

Летам 2010-га тагачасны прэзідэнт Латвіі акрэсліў стасункі паміж краінамі як “не надта развітыя”. “Мы будзем працаваць на прагматычнае развіццё нашых двухбаковых адносін, і я думаю, што ў гэтым зацікаўлены абодва бакі", - адзначыў кіраўнік суседняй дзяржавы ў эфіры беларускага тэлебачання.
 
Варта згадаць таксама, што Латвія яшчэ ў лістападзе (следам за Польшчай) завяршыла са свайго боку ратыфікацыю дамовы аб спрошчаным памежным руху з Беларуссю.
 
Андрыс Берзіньш напрыканцы савецкай эры паспеў папрацаваць намеснікам міністра бытавых паслуг. У першыя гады незалежнасці ўзначаліў фонд прыватызацыі пры Банку Латвіі. Доўгі час быў прэзідэнтам "Latvijas Unibanka" (1993-2004), кіраўніком савету "Latvenergo" і прэзідэнтам Гандлёва-прамысловай палаты. Пасля вяртання ў вялікую палітыку мільянер прадстаўляе Саюз зялёных і сялян.
 
Што прынясе Беларусі новы прэзідэнт Латвіі?
 
Ці паўплывае змена ў прэзідэнцкім крэсле на стасункі Беларусі і Латвіі?
 
Журналіст-міжнароднік, рэдактар Латвійскага публічнага тэлебачання Арыс Янсанс перакананы, што абранне новага прэзідэнта  не можа паўплываць на знешнюю палітыку краіны ўвогуле і латвійска-беларускія стасункі ў прыватнасці.
 
“Латвія - парламенцкая рэспубліка, і прэзідэнт выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі. Ён прадстаўляе краіну на міжнародным узроўні, з'яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі, можа склікаць пазачарговыя паседжанні ўраду, а таксама ініцыяваць прыняцце законаў і роспуск парламента, мілаваць асуджаных”, - кажа ў інтэрв’ю TUT.BY Арыс Янсанс.
 
Андрыс Берзіньш у першыя хвіліны пасля абрання прэзідэнтам. Фота: Reuters via TUT.BY
Андрыс Берзіньш у першыя хвіліны пасля абрання прэзідэнтам. Фота: Reuters via TUT.BY
 
Эксперт адзначае, што Андрыс Берзіньш ніколі не выяўляў цікавасці да знешняй палітыкі і не мае досведу прыняцця знешнепалітычных рашэнняў. “Таму, прынамсі ў першай частцы прэзідэнцтва ад яго не варта чакаць якіх-кольвек значных крокаў у гэтым накірунку”, - кажа эксперт. 
 
“Прагматычная пазіцыя”
 
Характэрна, што нават пасля падзеяў 19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці ў Мінску, якія выклікалі крытыку і абурэнне Еўропы і Амерыкі, Латвія абмежавалася вельмі стрыманым заявамі.
 
20 снежня пасля сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым Валдзіс Затлерс адзначыў, што выбары - "ўнутраная справа Беларусі”. “Галоўнае, каб выбары былі дэмакратычнымі, каб народ лічыў іх сумленнымі, трэба спрыяць таму, каб не было ніякай рэакцыі (у выглядзе) беспарадкаў на вынік выбараў. Гэта заўсёды паказчык дэмакратычнай сталасці канкрэтнай краіны", - заявіў латвійскі кіраўнік.
 
Потым яшчэ быў выступ у Сейме латвійскага пасла ў Беларусі Міхаіла Папкова, які падкрэсліў, што ўвядзенне эканамічных санкцый супраць Мінска неэфектыўна, і нагадаў пра гандлёвае партнёрства Беларусі і Латвіі.
 
Пытанне эканамічных санкцыяў у дачыненні да беларускіх уладаў, магчымасць увядзення якіх ужо не першы месяц разглядаюць у Бруселі, ёсць лакмусавай паперкай што да характару адносінаў той ці іншай краіны-сябра Еўрасаюза з афіцыйным Мінскам.
 
У параўнанні з Эстоніяй, якая традыцыйна найбольш крытычна сярод Балтыйскіх краін ставіцца да падзеяў у Беларусі (1 чэрвеня прэзідэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвес заклікаў ЕС да кропкавых эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму), і Літвой, якая хоць і супраць эканамічных санкцыяў, але ў той жа час стаіць на прынцыповых пазіцыях па пытаннях правоў чалавека і абмежавання іншых свабодаў, пазіцыя Латвіі найбольш нейтральная.
 
“Палітыку Латвіі ў адносінах да афіцыйнага Мінска прынята называць прагматычнай, - кажа ў інтэрв’ю TUT.BY палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. - Яна катэгарычна выступае ў ЕС супраць увядзення эканамічных санкцый, матывуючы гэта вялікімі інтарэсамі латвійскага капіталу ў Беларусі. У Эстоніі таксама ёсць уласныя інтарэсы ў Беларусі, але краіна ўжо знаходзіцца ў еўразоне, а значыць яе еўрапейская інтэграцыя дасягнула найбольшай ступені сярод краінаў Балтыі. Апошняя заява прэзідэнта Эстоніі сведчыць аб тым, што Талін займае выразную праамерыканскую пазіцыю”.
 
Арыс Янсанс пацвярджае, што рэакцыя Латвіі на падзеі ў Беларусі, як правіла, стрыманая і прыпозненая.
 
“Афіцыйныя асобы знаходзяцца ў няпростай сітуацыі, калі, з аднаго боку, павінны рэагаваць на драматычныя падзеі ў суседніх краінах, а з іншага - імкнуцца паляпшаць з імі двухбаковыя адносіны. Палітыкі заахвочваюць развіццё бізнесу з Беларуссю. Супярэчнасці жа ўзнікаюць пры ацэнцы палітычных працэсаў у вашай краіне. Спрычыняецца да гэтага і адсутнасць належнага інтарэсу ў Латвіі да ўнутранай палітыкі суседзяў”, - кажа Янсанс. Эксперт акцэнтуе ўвагу на тым, што нярэдка менавіта СМІ правакуюць рэзкую рэакцыю палітыкаў, большасць з якіх “абыходзіць складаныя пытанні развіцця адносінаў з суседнімі краінамі”.
 
Раман Якаўлеўскі дадае, што пэўны ўплыў на палітыку Латвіі ў беларускім накірунку аказваюць тамтэйшыя алігархі, якія і ажыццявілі цяпер нечаканую змену прэзідэнта. “Такі ж уплыў алігархаў на адносіны з Беларуссю прысутнічае і ў Літве”, - мяркуе аналітык.
 
Нафта вырашае ўсё
 
Якія ж эканамічныя інтарэсы вызначаюць лінію паводзінаў Рыгі ў дачыненні да Мінску?
 
Эканамічны аглядальнік TUT.BY Вольга Лойка адзначае, што Латвія стабільна знаходзіцца ў дзесятцы найбуйнейшых беларускіх знешнегандлёвых партнёраў, прычым з выключна спрыяльнай для Беларусі структурай таваразвароту (94,6% - экспарт). З іншага боку, беларускія грузы забяспечваюць, па самых сціплых ацэнках, 20% таваразвароту Вентспілскага порта.
 
“Сярод ключавых экспартных пазіцый - чорныя металы, прадукцыя лясной галіны, трактары, аўтамабілі, але аснову складаюць нафтапрадукты. Праўда, змяненне ўмоваў паставак у Беларусь расійскай нафты і дэфіцыт сыравіны на двух беларускіх НПЗ выклікаў зніжэнне аб'ёмаў экспарту. Вынікам, у 2010 годзе ў гандлёвых адносінах Беларусі і Латвіі быў правал: беларускі экспарт знізіўся на 44% да 930,6 млн долараў. Цяпер Беларусь дамовілася аб пастаўках нафты з Венесуэлы, і Латвія зацікаўлена прыцягнуць частку гэтай транзітнай плыні”, - тлумачыць Вольга Лойка.
 
Да таго ж на фоне правальнага 2010 года ў першым квартале 2011-га сітуацыя з таваразваротам пачала выпраўляцца. Беларускі экспарт у Латвію вырас у 4,1 разы (да $475,6 млн), імпарт - на 36,5% (да 27 млн ​​даляраў).
 
“Двухбаковае супрацоўніцтва паміж краінамі палепшылася шмат у чым дзякуючы эфектыўнай дзейнасці беларускага амбасадара ў Рызе Аляксандра Герасіменкі і яго эканамічнага дарадцы Ігара Назарука, - дадае Арыс Янсанс. - Беларуская амбасада ўваходзіць у лік трох самых актыўных дыппрадстаўніцтваў у Рызе”.
 
“Рыга не будзе стаяць у баку ад Еўропы”
 
Раман Якаўлеўскі засяроджвае ўвагу на тым, што апошнія месяцы Еўрасаюз выпрацоўвае і ажыццяўляе адзіную пазіцыю ў дачыненні да Беларусі, якая “нічога добрага афіцыйнаму Мінску не абяцае”.
 
“Тое, што эканамічныя санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў, не былі прынятыя на травеньскім паседжанні Савету міністраў замежных спраў ЕС, не азначае зняцце пытання з парадку дня, - адзначае палітычны аглядальнік. - Галоўнае патрабаванне Еўропы (безумоўнае вызваленне ўсіх палітвязняў) і бескампрамісная пазіцыя афіцыйнага Мінска толькі павялічваюць верагоднасць увядзення еўрапейскіх санкцыяў, якія павінны адпавядаць амерыканскім. Пазіцыі ЗША і ЕС па Беларусі, якія раней выяўлялі адрозненне ў тактыцы і адзінства ў стратэгіі, цяпер набліжаюцца. Таму, калі Брусель урэшце прыйдзе да рашэння аб кропкавых санкцыях, Рыга не будзе стаяць у баку”.
 
Нагадаем, што ЗША ўвялі, а дакладней аднавілі эканамічныя санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў "Полацк-Шкловалакно" і "Лідская лакафарба" яшчэ 31 студзеня. 24 траўня “за супрацоўніцтва з Іранам” пад санкцыі ЗША трапілі яшчэ дзве беларускія кампаніі - БЕЛОМА і "Белтэхэкспарт".
 
Пазіцыю мінскага эксперта падзяляе і рыжскі. “Складваецца ўражанне, што латвійскія палітыкі з задавальненнем дэлегуюць сваю ўладу і паўнамоцтвы ў прыняцці рашэнняў Еўразвязу ў рамках адзінай знешняй палітыкі. Апошнім часам, калі параўноўваць з той жа Эстоніяй, нашы палітыкі былі надта занятыя ўнутранымі палітычнымі падзеямі (прэзідэнцкімі выбарамі і лёсам парламента), каб рэагаваць на падзеі ў Беларусі”, - падсумоўвае Арыс Янсанс.
-15%
-20%
-50%
-40%
-25%
-20%
-40%
-15%