![]() |
Аляксандр Стуб |
“Мы ганарымся сваёй паўночнай дзяржавай, якая ў 1917 годзе ў адгалоссі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі здабыла незалежнасць, змагалася за яе ў гады Другой сусветнай вайны і развілася з беднай сельскагаспадарчай у адну з найбольш заможных краінаў свету. Сёння мы шануем памяць тых, хто загінуў у войнах, і выказваем падзяку тым ветэранам, якія яшчэ жывуць”, - адзначае ў артыкуле "Фінляндыя, Беларусь і Еўрапейскі звяз" Аляксандр Стуб.
Закранаючы адносіны Фінляндыі і Беларусі, аўтар заўважае, што гісторыя абедзвюх краін “мае цікавыя паралелі. У мінулым яны ўваходзілі ў склад магутных заходніх дзяржаў: Беларусь - у склад Вялікага княства Літоўскага, а Фінляндыя - цягам амаль 700 гадоў у склад Швецыі”.
“Па меры паслаблення гэтых заходніх дзяржаў нашы краіны патрапілі пад уплыў магутнай дзяржавы, якая зараджалася на ўсходзе, - Расіі: у 1795 годзе - Беларусь, а ў 1809-м - Фінляндыя. Падчас рэвалюцыйных падзеяў у Расіі 1917-1918 гг. абедзве краіны дамагаліся незалежнасці. Фінляндыя дасягнула незалежнасці ў 1917 годзе і здолела яе захаваць. Лёс Беларусі склаўся па-іншаму, пакуль распад Савецкага Саюза ў 1991 годзе не змяніў сусветны парадак”, - піша фінскі палітык.
Ён сцвярджае, што Беларусь - "еўрапейская дзяржава, якая мае права на еўрапейскую будучыню".
“Беларусь - частка Еўропы дзякуючы свайму геаграфічнаму палажэнню, гісторыі і культуры, а таксама - што яшчэ больш важна - дзякуючы асабістай волі. Спадзяемся, што Беларусь будзе эфектыўна праводзіць рэформы для забеспячэння больш шчыльнага супрацоўніцтва з Еўрапейскім звязам. Прыклад Фінляндыі мог бы служыць свайго кшталту арыенцірам, бо інтэграцыя нашай краіны ў еўрапейскія структуры праходзіла паступова і стала часткай доўгатэрміновага працэсу", - сцвярджае Аляксандр Стуб.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Фінляндыі адзначае, што прамежак паміж удзелам Суомі ў Генеральным пагадненні па тарыфах і гандлі (ГПТГ) і ўдзелам у Еўрапейскім звязе склаў 39 гадоў. Гэтак, сябрам ГПТГ - папярэдніцы Сусветнай гандлёвай арганізацыі - Фінляндыя стала ў 1956 годзе. Інтэграцыя скандынаўскай краіны ў Еўропу пачалася ў 1961-м, калі яна зрабілася асацыяваным сябрам Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю. У 1972-м было падпісана пагадненне аб свабодным гандлі з Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю (ЕЭС) і адначасова з ім пагадненне аб супрацоўніцтве з Саветам эканамічнай узаемадапамогі. У 1986 годзе Фінляндыя - паўнавартасны сябар Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю. У 1992 годзе краіна падала заяву на сяброўства ў Еўрапейскім звязе, якая была задаволена праз тры гады.
Праводзячы паралелі з Беларуссю, Стуб падкрэслівае, што інтэграцыйны шлях Фінляндыі быў “доўгім і часам складаным”. Дзякуючы свабоднаму гандлю і еўраінтэграцыі Фінляндыя здолела мадэрнізаваць эканоміку і выйсці шырокім фронтам на еўрапейскія рынкі. З прычыны працяглага падрыхтоўчага перыяду сам працэс атрымання статусу сябра ў ЕЗ у 1990-я гады прайшоў хутка і адносна бязбольна.
![]() |
Фота: MDL.hu via Flickr |
Аўтар звяртае ўвагу на тое, што інтэграцыя Фінляндыі ў еўрапейскія структуры праходзіла з адначасовым захаваннем добрых стасункаў з Савецкім Саюзам, а потым - з Расіяй. Гандаль з усходнім суседам, які і сёння ёсць буйнейшым гандлёвым партнёрам Фінляндыі, заўсёды быў для краіны надзвычай істотным.
"На падставе фінскага досведу магу з перакананасцю рэкамендаваць Беларусі сур'ёзна абмеркаваць прапановы Еўрапейскага звяза, максімальна выкарыстоўваючы ўсе наяўныя магчымасці, здзяйсняючы рэформы хуткімі тэмпамі і выконваючы неабходныя патрабаванні. Гэта магло б шматкроць павялічыць аб’ёмы гандлю і інвестыцый паміж Беларуссю і краінамі ЕЗ, - упэўнены Аляксандр Стуб. - Фінляндыя выступае прыхільніцай вольнага перамяшчэння грамадзян і спадзяецца, што Беларусь можа рухацца ў бок увядзення бязвізавага рэжыму. Вольнае перамяшчэнне людзей уваходзіць у лік базавых прынцыпаў Еўразвяза”.
Міністр заўважае, што Фінляндыя актыўна падтрымлівае праграму “Усходняе партнёрства” і жадае зрабіць унёсак у працэс, які спрыяе збліжэнню Украіны, Малдовы і Беларусі, а таксама Арменіі, Азербайджана і Грузіі з Еўразвязам. Суомі перакананыя, што надалей ЕЗ мусіць ажыццяўляць больш адчувальную падтрымку рэформам краінаў-партнёрак. На думку скандынаваў, рэформы адпавядаюць інтарэсам абодвух бакоў. Таму яны падтрымліваюць бягучыя перамовы аб заключэнні пагадненняў аб асацыяцыі, заяўляючы аб тым, што "бязвізавы рэжым з'яўляецца мэтай доўгатэрміновай перспектывы ў дачыненні кожнай з шасці краін-партнёрак".
"На падставе сваёй уласнай гісторыі мы, фіны, непарушна верым у прынцыпы дэмакратыі, вяршэнства закону і грамадзянскай супольнасці. Мы высока ацэньваем грамадскую ролю няўрадавых арганізацый і СМІ. Мы спадзяемся, што няўрадавыя арганізацыі будуць шырока далучаныя да сферы дзейнасці Усходняга партнёрства, - заключае міністр замежных спраў Фінляндыі Аляксандр Стуб. - Гэтымі словамі я хацеў бы заахвоціць Беларусь да далейшых рэформаў. Беларусы, якія прайшлі праз цяжкую гісторыю, маюць усе падставы, каб ганарыцца сваімі дасягненнямі. На іх падмурку краіна можа будаваць стабільную еўрапейскую будучыню. Мы, фіны, жадаем і надалей заставацца сябрамі Беларусі як у межах Еўрапейскага звяза, так і праз нашы наўпроставыя кантакты".