Кастусь ЛАШКЕВІЧ, / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

6-7 снежня ў Мінску адбудзецца Усебеларускі народны сход. Цяперашні з'езд будзе ўжо чацвёрты ў гісторыі Беларусі і, як і ўсе папярэднія, пройдзе перад самай важнай палітычнай падзеяй пяцігоддзя — выбарамі прэзідэнта.

З гісторыі Усебеларускіх сходаў>>>

Удзельнікі першага і другога сходаў — экс-старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай, кандыдат аб'яднанай апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах-2001 Уладзімір Ганчарык і экс-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук, былы спікер Савета Рэспублікі Аляксандр Вайтовіч — узгадвалі, у якіх абставінах праходзілі папярэднія "народныя веча", ды праецыравалі падзеі мінулыя на дзень сённяшні.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.

Спампваць відэа (120 мб)

Вайтовіч — пра Усебеларускі сход-2001: “Ён прымусіў мяне зацікавіцца палітыкай”

На жаль, па стане здароўя акадэмік Вайтовіч не здолеў прысутнічаць у студыі TUT.BY, аднак адказаў на нашы пытанні па тэлефоне.
 
— Другі Усебеларускі сход адбыўся ў маі 2001 года. Шчыра вам прызнаюся, я быў узгадаваны савецкім
Фото: voitovich.org
Фота: voitovich.org
часам і палітыкай ніколі не цікавіўся. Толькі імкнуўся рабіць сваю справу, не задумваючыся аб высокіх матэрыях. Але першым штуршком, які прымусіў мяне глыбей пра ўсё гэта задумацца, стаў менавіта Усебеларускі сход. Ён быў арганізаваны так, як раней ладзіліся з’езды партыі, з разнарадкай, каго вылучаць. Цяпер так арганізуецца ўсё.
 
На гэтым з’ездзе, як і цяпер, уступны даклад зрабіў Лукашэнка, пасля якога выступалі іншыя. І вось там тагачасны прэм’ер-міністр Уладзімір Ярмошын у сваім выступе сказаў, што трэба праводзіць палітыку па прыцягненні прамых замежных інвестыцый у эканоміку. Я таксама аб гэтым казаў, можа, больш разгорнута і наўпрост.
 
Вельмі паказальнай была рэакцыя Лукашэнкі на два згаданыя выступленні. Гэта цяпер пра замежныя інвестыцыі кажуць усе, а тады ў сваёй прамове ён пра іх нават не ўзгадаў. Затое ў заключным слове сказаў прыкладна наступнае: "Вот тут бывший президент Академии наук про иностранные инвестиции говорил. Так вот, не завоевали нас во время войны, а этими инвестициями завоюют".
 
Мне падалося гэта такім недарэчным, бо было стопрацэнтова зразумела, што замежныя інвестыцыі неабходны для беларускай эканомікі. І я адразу падумаў: чаму ён так адрэагаваў? Ці гэта таму, што ўзнялі пытанне рэспубліканскага маштабу, якое ён сам не закрануў? Тады навошта зусім збіраць сход? Альбо таму, што ён на самай справе лічыў, што замежныя інвестыцыі нам не патрэбны? Калі так, фактычна была зроблена стратэгічная памылка для краіны…
 
— Аб чым людзі размаўлялі ў кулуарах сходу?

— Аб чым казалі ў кулуарах, скажыце, партыйных з’ездаў? Ніхто не абмяркоўваў таго, што там гаварылася. Выйшлі з залы і забыліся.

"Сіла — у інтэлектуальным патэнцыяле, а не ў адным чалавеку"
 
— Прэзідэнт Лукашэнка калісьці назваў Усебеларускі сход “вышэйшай формай дэмакратыі”, дадаўшы пры гэтым, што форум некалі “спыніў развал краіны”. Якое ваша меркаванне на гэты конт?

— Сход не мае ніякага дачынення да спынення развалу. Гэта прыдуманая форма, якую Лукашэнка штораз выкарыстоўвае перад чарговымі выбарамі.
 
Што насамрэч магло б паспрыяць замацаванню незалежнасці краіны і наогул станаўленню Беларусі як дзяржавы, гэта з’яўленне шырокай грамадскай думкі, якая сёння душыцца. Неабходна адкрытае абмеркаванне праблем, шляхоў іх вырашэння, умовы для рэалізацыі нацыянальнага патэнцыялу.
 
Тое, што адбываецца на Усебеларускім сходзе, калі ўсё загадзя спланавана, не мае ніякага дачынення да патэнцыялу. Калі цяпер нават у Акадэміі навук чалавек прамаўляе з трыбуны нешта важнае для краіны, але тое, што супярэчыць "генеральнай лініі", яго могуць спыніць: "Вы не патриот!". Дайшло нават да таго, каб выступіць на агульным сходзе АН, трэба загадзя ўзгадніць з высокім начальнікам змест выступу.
 
— Аляксандр Паўлавіч, калі ўлада настолькі ўпэўненая ў сваёй перамозе, няздольнасці апазіцыі ўплываць на народ, чаму, на вашу думку, яна баіцца прысутнасці на “веча” нават аднаго прадстаўніка апазіцыі? Я тут маю на ўвазе і Аляксандра Казуліна, і Уладзіміра Някляева, якіх не пусцілі ні на мінулы сход, ні на гэты.

— У нас хворая сістэма, падобная на сталінскую, дзе ўсё вырашаюць вярхі. Сістэма працуе такім чынам, каб пераканаць усіх, што яны — самыя мудрыя, найбольш клапоцяцца аб краіне і людзях.
 
Аднак цяпер ужо XXI стагоддзе. Таму і будуецца сістэма крыху інакш. Цяпер трэба гуляць у дэмакратыю. У нас быццам ёсць партыі, аднак яны загнаныя ў гета і ніяк не могуць уплываць на жыццё ў Беларусі. Выбараў, па сутнасці, няма. Але ўлада баіцца. Такія сістэмы заўсёды дэманструюць адзінства народа і партыі, як раней казалі. І таму не дапускаецца ніякая думка, апроч афіцыйнай. Нават калі яна вельмі карысная для краіны. Бо адразу лічыцца, што нехта аказаўся разумнейшы за кагосьці. Але ж сіла якраз у інтэлектуальным патэнцыяле, а не ў адным чалавеку!
 

Ганчарык — пра Ўсебеларускі сход-1996: “Першы і апошні раз нехта прагаласаваў супраць Лукашэнкі”


 
 
— Аляксандр Вайтовіч распавёў пра Усебеларускі сход 2001 года. Вы ж, спадар Уладзімір, удзельнічалі ў самым першым сходзе ў кастрычніку 1996 года. Што тады адбывалася?

— Абстаноўка ў краіне была цяжкая: высокая інфляцыя, не ўсе заводы працавалі, затрымлівалі зарплаты. Першы сход адрозніваўся ад наступных больш крытычным стаўленнем да Лукашэнкі. Калі ён заходзіў у залу, панавала атмасфера напружанасці.
 
Я знаходзіўся ў прэзідыуме сходу і некалькі разоў спрабаваў выступіць, але мне не далі — пабаяліся. Справа ў тым, што ў Федэрацыі прафсаюзаў была адрозная ад Лукашэнкі пазіцыя па прынцыповых пытаннях. Напрыклад, мы выступалі супраць павелічэння ўлады прэзідэнта (тады абмяркоўваліся папраўкі ў Канстытуцыю), супраць стварэння другой палаты парламента — Савета Рэспублікі. Сярод іншага разглядаліся асноўныя накірункі развіцця краіны да 2001 года. Кіраўніцтва краіны тады выказвала ідэю напампоўвання эканомікі пустымі грашыма, якія павінны былі дазволіць прадпрыемствам разлічвацца. Мы ж даказвалі, што гэта выльецца ў інфляцыю, што і атрымалася. Гэтак, наколькі я памятаю, да 2000 года цэны выраслі ў 2,3 раза.
 
Вяртаючыся да сходу, я прагаласаваў супраць гэтай ініцыятывы. У зале павісла паўза. Адбылося гэта ў першы і ў апошні раз у гісторыі сходаў.
 
— Вы адзін галасавалі супраць?

— Мяне падтрымалі яшчэ восем дэлегатаў — у асноўным прафсаюзныя актывісты. Пачаліся выкрыкі з залы. Я вымушаны быў дастаць мандат і падняць руку ў другі раз, каб пацвердзіць сваю пазіцыю. Упершыню некалькі асоб выказалі тое, аб чым думалі многія.
 
— Чаго гэта вам каштавала?

— Праз некалькі дзён да мяне на гутарку прыехалі тагачасны прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Міхаіл Мясніковіч. Яны заявілі, што я хаджу па вастрыі нажа і што я рана пачаў прэзідэнцкую кампанію, хаця ў тым часе я не думаў аб гэтым. Праз некаторы час у мяне была сустрэча з Лукашэнкам. Ну а потым мы на нейкі час памірыліся. Калі ж прафсаюзы пачалі больш актыўна выступаць супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі кіраўніцтва, улады пачалі на нас атаку.
 
"Мне прапанавалі сысці і здаць людзей"

Праз пяць гадоў пасля першага Усебеларускага сходу вы ўжо займалі выразную апазіцыйную пазіцыю да ўладаў. Што падштурхнула вас зрабіць гэты рашучы крок?

— У канцы 2000 года перад чарговым з’ездам Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта зрабіў мне ад імя кіраўніка дзяржавы прапанову: “Вы павінны сысці, на з’ездзе заявіць аб адстаўцы. Аднак перад гэтым маеце зняць сваімі рукамі найбольш апазіцыйных кіраўнікоў шэрагу галіновых прафсаюзаў — Бухвостава, Ярашука і інш”. Наўзамен абяцалі добрую пасаду і ўсе выгоды. Я адмовіўся. Па-першае, не верыў гэтым абяцанням. Па-другое, не мог так зрабіць у адносінах да таварышаў.
 
Адмова была расцэнена як дэмарш, нязгода. Тады я быў вымушаны прыняць прапанову і вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты Беларусі...

"Нядопуск апазіцыі - глупства, якое робіцца ад невуцтва"
 
— На ўсебеларускіх сходах па традыцыі прымаюць праграмы развіцця краіны на наступную пяцігодку. Наколькі гэта мэтазгодна рабіць за некалькі тыдняў да выбараў, дзе тэарэтычна большасць можа падтрымаць іншага кандыдата?

— Гэта выключна прапагандысцкі крок. Затое дзяржаўныя СМІ будуць гаварыць, што Лукашэнка прапаноўвае канкрэтныя справы, а ў ягоных апанентаў, маўляў, ніякіх праграм няма. Аднак хацеў бы нагадаць, што праграмы трэба і выконваць.
 
Я прааналізаваў перадвыбарчую праграму Лукашэнкі 2006 года. У ёй было тры прынцыповыя моманты. Па-першае, за пяцігодку нам абяцалі еўрапейскі ўзровень жыцця (па зарплатах, медыцынскім абслугоўванні і г.д.). Па-другое, жыллё мусіла стаць удвая танней. Па-трэцяе, інфляцыя не павінна была быць вышэй за 5%. Што ж маем насамрэч? Інфляцыя вырасла ў два разы. Жыллё не патаннела. Па ўзроўні жыцця, заробках мы не толькі з развітымі краінамі Еўропы, але з той жа Польшчай не можам раўняцца. Больш за тое, раней мы мелі большыя, чым у Расіі, пенсіі, але цяпер і ў гэтым прайграем. Вось вам і абяцанні, агучаныя на папярэднім Усебеларускім народным сходзе.
 
— Улады сцвярджаюць, што апазіцыя — пустое месца. Чаму ж тады, з вашага гледзішча, яны так баяцца пусціць на сход у 2000 дэлегатаў хаця б аднаго чалавека з альтэрнатыўнай пазіцыяй?

— Па-першае, справа ў тым, што яны баяцца праўды, любой альтэрнатыўнай думкі. Па-другое, паколькі ў апазіцыі няма доступу да дзяржаўных тэлеканалаў, іх з’яўленне будзе выглядаць як нейкі цуд, на які людзі будуць глядзець.
 
Адзін мой таварыш гаворыць, што гэта глупства і робіцца ад невуцтва. Чаго там баяцца? Хай бы Някляеў выступіў. Я, праўда, не разумею, чаго ён туды ідзе. Там няма прыхільнікаў. Там будуць і крычаць, і запляскваць. Колькі там за 10 хвілінаў можна сказаць? Сказаў бы, што ўлада антынародная, што неабходна расследаваць знікненні вядомых палітыкаў. Запытаўся б, дзе грошы ад продажу зброі? Чаму ў краіне такая карупцыя? Дык усё гэта людзі і так ведаюць. Сход асудзіў бы ягоны выступ. Давалі ж у свой час Ельцыну выступіць на партканферэнцыі з крытыкай цэнтральнага апарата, пасля чаго з’явілася знакамітая фраза Лігачова “Борис, ты не прав!”. Ну, сказалі б Някляеву: “Уладзімір, не твая праўда!”.

"За што дзякаваць Лукашэнку?!"
 
— Калі сёння правесці сход фармата 1996 года, дзе хаця б прысутнічала альтэрнатыўнае меркаванне, ці магло б гэта паўплываць на грамадскую думку?

— Вельмі спадзяюся, што ў нас усё больш будзе людзей, якія задумваюцца над тым, што адбываецца ў краіне. Таксама хацеў бы адзначыць дзве рэчы.
 
Калі Лукашэнку дзякуюць за тое, што ён захаваў незалежнасць краіны, я задаю пытанне: ці прэзідэнт гарант Канстытуцыі? Гарант! У галоўным законе запісана, што ён “прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці...” Калі ён гэта не робіць, то становіцца здраднікам. Дык што, Лукашэнка гэтага не разумее? За што тады “дзякуй”?
 
Кажуць, маўляў, захаваў эканоміку, не даў рухнуць. Ён цудоўна разумее, што калі б ён дапусціў абрынанне эканомікі, то ўжо не быў бы прэзідэнтам, бо на плошчы выйшлі б не 4 тысячы, а, можа, 400 тысяч. У што гэта вылілася (інфляцыя і высачэзныя цэны), я ўжо казаў.
 
Падкрэслю, Лукашэнка робіць работу, якую і павінен рабіць. Прычым робіць дрэнна. Магчыма, хтосьці іншы зрабіў бы гэта лепш. Калі ён гаворыць пра слабую апазіцыю, дык без яе было б яшчэ горш, бо рукі ва ўлады тады цалкам развязаныя.
 
Хочацца верыць, што людзі зразумеюць неабходнасць змены ўлады. Не толькі таму, што Лукашэнка дрэнны, а таму што гэтая палітыка “стабільнасці” вядзе да застою.
 
— Што вы чакаеце ад сёлетняга Усебеларускага сходу?

— На мой погляд, любы сход, масавае мерапрыемства мае сэнс, калі на ім трэба нешта абмеркаваць, выслухаць розныя думкі, знайсці вырашэнне праблем. У нашым выпадку ў гэта мерапрыемства ўкладаецца зусім іншы сэнс. Усебеларускія сходы задумваюцца як свайго роду шырма, фігавы лісток, каб прыкрыць нутро аўтарытарнай улады і надаць ёй налёт дэмакратычнасці. Гаварыць тут пра тое, як выбіраюць — прызначаюць дэлегатаў, не мае сэнсу.
 
Таму думаю, што гэты сход будзе больш з’арганізаваны, чым папярэднія. Будзе гучаць яшчэ большы “адабрамс”... Што да выбараў, перад якімі ён праводзіцца. Іх вынікі ўжо вядомыя, лічбы агучаныя, а магчымасці альтэрнатыўных дэмакратычных кандыдатаў абмяжоўваюцца ўсяго двума выступамі ў жывым тэлеэфіры.