Поддержать TUT.BY
Коронавирус: свежие цифры


Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Ад дэмакратычнасці сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў будуць залежаць далейшыя стасункі Беларусі і Еўразвязу, а таксама патэнцыйная фінансавая падтрымка нашай краіны. Аб гэтым па выніках візіту ў Мінск заявілі міністры замежных спраў Германіі Гіда Вэстэрвэле і Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Радаслаў Сікорскі і Гіда Вэстэрвэле адказваюць на пытанні журналістаў. Фота: Юлія Дарашкевіч, "Наша ніва"/nn.by
Радаслаў Сікорскі (злева) і Гіда Вэстэрвэле адказваюць на пытанні журналістаў ў Мінску. Фота: Юлія Дарашкевіч, "Наша ніва"/nn.by


“Не вынік, а якасць”


“Сумленныя, дэмакратычныя, празрыстыя выбары” — гарантыя далейшага развіцця адносін паміж Беларуссю і Еўразвязам. Такі быў галоўны пасыл Сікорскага і Вэстэрвэле ў Беларусі. Падчас аднадзённага візіту ў Мінск кіраўнікі МЗС Германіі і Польшчы правялі перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімірам Макеем, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым і апазіцыйнымі кандыдатамі на будучых прэзідэнцкіх выбарах.

“Дэмакратычныя выбары маюць на ўвазе дэмакратычны падыход. Гэта працэс, які займае тыдні і месяцы перад выбарамі, — заявіў Радаслаў Сікорскі, падкрэсліўшы, што іх “цікавіць не вынік, а якасць”. Згадваючы папярэднія выбары, польскі міністр прызнаўся, што для яго яны не былі дэмакратычнымі. “Сумленныя выбары — тыя, вынік якіх не вядомы загадзя”, — удакладніў ён ацэначны крытэр.

“Для таго каб выбары былі свабоднымі і сумленнымі недастаткова проста магчымасці падтрымаць альтэрнатыўнага кандыдата ў дзень галасавання. Галоўнае, каб можна было свабодна, сумленна і без перашкод даносіць свае ідэі да выбарцаў, мець доступ да СМІ, — дапоўніў яго Гіда Вэстэрвэле. — Прадстаўнікі апазіцыі перадалі нам сваю заклапочанасць адносна таго, што ў іх няма дастатковых магчымасцяў, каб уключыць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ды патрапіць у дзяржаўныя СМІ".

Палітыкі паведамілі, што па вяртанні дамоў накіруюць супольную тэлеграму вярхоўнаму прадстаўніку ЕЗ па знешніх сувязях і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, у якой параяць стымуляваць прыезд прадстаўнікоў краінаў-сяброў Еўразвязу на выбары ў Беларусі ў якасці назіральнікаў.

Лукашэнка паабяцаў  


Падчас сустрэчы з высокімі еўрагасцямі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што выбары ў Беларусі пройдуць “без сучка и задоринки”.

“Як дзеючы прэзідэнт ад імя ўлады хачу паабяцаць, і я гэта ўжо не аднойчы гаварыў усім людзям у Беларусі, і хачу вас запэўніць у тым, што выбары пройдуць па самых дэмакратычных стандартах, — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што “легітымнасць выбараў для нас сёння важней, чым для каго-небудзь іншага на гэтай планеце”.

“Мы ловім на слове прэзідэнта Лукашэнку, — заявіў журналістам Радаслаў Сікорскі. — Нам, дасведчаным палітыкам, зразумела, якая палітычная сістэма ёсць у Беларусі. Але мы прыехалі, каб выказаць салідарнасць з усім беларускім народам, у якога ёсць такія самыя правы, як у ва ўсіх еўрапейцаў. Мы даем шанец і ўладам. Будуць сумленныя выбары, будзе падтрымка ад Еўразвязу. Не будзе сумленных выбараў па ўсёй працэдуры, усё застанецца так, як было дагэтуль”.

“Сумленныя і свабодныя выбары будуць у цэнтры нашай ўвагі ў бліжэйшы час, бо для нас важна, каб наш непасрэдны сусед жыў паводле дэмакратычных прынцыпаў”, — адзначыў Вэстэрвэле.

Нібыта адказваючы на крытыку, што цяперашні візіт у разгар выбарчай кампаніі можа быць разгледжаны як падтрымка Еўропы дзеючай уладзе, міністр замежных спраў ФРГ сказаў, што момант быў абраны правільна.

“Пасля сустрэчы з апазіцыйнымі кандыдатамі я яшчэ больш пераканаўся ў тым, што наш візіт — правільнае рашэнне і для яго абраны правільны час, бо менавіта цяпер усталёўваюцца паказальнікі ў накірунку свабодных і сумленных выбараў”, — сказаў палітык.

Паводле ягоных словаў, выбар моманту, ад якога ў палітыцы шмат залежыць, правільны таксама і таму, што цяпер “вядуцца дыскусіі паміж Беларуссю і Расіяй”. "Упэўнены, што беларускім інтарэсам адпавядае, каб мост у накірунку Еўропы будаваўся больш сур’ёзна. Апоры гэтага мосту — прававая дзяржава, дэмакратыя і правы чалавека”, — патлумачыў Вэстэрвэле..

Некалькі дзён назад, падчас нядаўняй паездкі ў Брэсцкую вобласць кіраўнік Беларусі адзначыў, што наўрад ці еўрапейцы бачаць у ім “ідэальнага партнёра”. “Але калі народ выбера таго ж Лукашэнку, то еўрапейцы не дурні: яны ж выдатна разумеюць, што ёсць такая краіна ў цэнтры Еўропы, з якой трэба мець справу", — сказаў ён, дадаўшы, што палітыка ізаляцыі не прынесла плёну і галоўнае сёння — эканоміка.

Прыз — 3 млрд?


Пасля перамоваў з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым Радаслаў Сікорскі ўпершыню ацаніў памер патэнцыйнай фінансавай выгоды для нашай краіны ад збліжэння з Еўропай. "У выпадку правядзення сумленных выбараў і паляпшэння супрацоўніцтва з Еўразвязам Беларусь можа разлічваць больш чым на 3 млрд еўра на працягу наступных трох гадоў", — заявіў польскі міністр.

Што маецца на ўвазе пад гэтай сумай? Адказваючы на пытанне журналістаў, Сікорскі патлумачыў, што пры выбары дэмакратычнага шляху развіцця Беларусь атрымае ўвесь спектр выгодаў як партнёр Еўразвяза. Канкрэтызуючы, ён назваў падтрымку па лініі Сусветнага банка, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, Еўрапейскага банка развіцця і рэканструкцыі, а таксама праграмы макрафінансавання Еўразвяза. “Малдова сёння карыстаецца ўсімі гэтымі выгодамі і атрымала па розных каналах 2 мільярды еўра на два гады. Беларусь як краіна большая магла б прэтэндаваць на большую дапамогу”, — удакладніў Сікорскі.

Гіда Вэстэрвэле падтрымаў свайго польскага калегу, але канкрэтных лічбаў называць не стаў.

Міністры-дыпламаты падкрэслілі, што прыехалі ў Беларусь “не з-за эканомікі”, але адзначылі, што “ў тых краінах, дзе выконваюцца правы чалавека, інвестары пачуваюцца больш упэўнена”.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


Спампаваць вiдэа

TUT.BY вёў жывую трансляцыю выніковай прэс-канферэнцыі міністраў.


Як Вэстэрвэле паправіў Сікорскага


Ці ўздымалася падчас перамоваў з кіраўніцтвам Беларусі пытанне неафіцыйнага Саюзу палякаў, запытаўся ў Сікорскага польскі журналіст. Той адказаў, што пытанне закраналася, аднак “яно ляжыць у сферы двухбаковых стасункаў, а наша галоўная мэта — данесці пасланне Еўразвязу, і мы не жадаем, каб гэта пытанне згубілася сярод іншых”.

Цікава, што адразу пасля гэтай рэплікі Вэстэрвэле ўзяў слова і паправіў калегу, што “абарона меншасцяў — частка еўрапейскай сістэмы каштоўнасцяў. Гэта тычыцца і праблемнай сітуацыі з польскай меншасцю ў Беларусі, якая абмяркоўвалася на перамовах". 

"Нашэсце" еўрапалітыкаў 


Нагадаем, што напярэдадні візіту Гіда Вэстэрвэле заявіў у інтэрв’ю нямецкім СМІ, што яны не будуць умешвацца ў перадвыбарчую барацьбу, "аднак з усёй выразнасцю дамо зразумець, што мы з вялікай заклапочанасцю ўспрымаем дзяржаўныя рэпрэсіі напярэдадні выбараў”. Пры гэтым міністр дадаў, што пры ўмове выбару Беларуссю дэмакратычнага курса стане магчымым яе далейшае збліжэнне з Еўропай.

Падкрэслім, што гэта першы візіт міністра замежных спраў ФРГ у Беларусь за апошнія 15 год. Перад Мінскам Вэстэрвэле пабываў у Маскве і Вільні, дзе падчас перамоваў на ўзроўні МЗС таксама закраналася беларускае пытанне. Па дарозе ў Беларусь Літву наведаў і ягоны польскі калега.

Супольны ж прыезд у Мінск Сікорскага і Вэстэрвэле стаў працягам своеасаблівага “нашэсця” еўрапейскіх палітыкаў на Беларусь. Гэтак, у кастрычніку Мінск наведала прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, якая заявіла, што Літва гатова “супрацоўнічаць і абараняць інтарэсы Беларусі ў Еўразвязе настолькі, наколькі Беларусь будзе гэтага хацець”.

У лістападзе ў Мінску таксама чакаюць Еўракамісара па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфана Фюле. Мяркуецца, што ён прывязе ўжо гатовы Сумесны прамежкавы план — “дарожную карту” далейшых узаемадачыненняў Беларусі і ЕЗ. Мэта плана, аб намеры скласці які Фюле ўпершыню заявіў пасля двухдзённага візіту ў Мінск ў ліпені, — правядзенне ў нашай краіне рэформаў у сферы палітыкі, дэмакратыі і правоў чалавека, судовай сістэме і эканоміцы.

Таксама згадаем, што 25 кастрычніка Рада Еўразвяза працягнула замарозку санкцыяў у дачыненні да 36 беларускіх чыноўнікаў уключна з прэзідэнтам Беларусі. У выніковай рэзалюцыі Рады ЕЗ адзначалася, што развіццё адносінаў з Беларуссю будзе залежаць ад прагрэсу ў галіне развіцця ў краіне дэмакратыі, у тым ліку выканання правоў чалавека і прынцыпу вяршэнства закона. Разам з тым была выказана занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека і канстатавана “адсутнасць прагрэсу" па шэрагу пытанняў, у тым ліку па далейшаму рэфармаванню Выбарчага кодэкса, выкананню права на свабоду слова, СМІ, сходаў і асацыяцый.

“Мне здаецца, што тыя крокі, якія сёння прадпрымаюцца ЕЗ, я, вядома, разумею ўсё гэта, але яны не спрыяюць хуткаму паляпшэнню нашых адносін, да прыкладу санкцыі, абмежаванні ў палітыцы і эканоміцы. Мне здавалася, што гэтыя метады павінны былі сысці з нашых адносін", — заявіў сёння на сустрэчы з Вэстэрвэле і Сікорскім прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Рэзюмэ эксперта: візіт на карысць Лукашэнкі


Аб выніках візіту еўрапейскіх міністраў і тым, што засталося па-за афіцыйнымі заявамі і кадрам тэлекамер, TUT.BY распавёў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

— Адразу адзначу, што міністры сустракаліся з кіраўніцтвам Беларусі не толькі ў прысутнасці СМІ. Таму, мяркую, у хуткім часе мы пачуем інтэрпрэтацыю як беларускага боку, так і гасцей. Агучанае ж публічна пацвердзіла мае ранейшыя меркаванні адносна таго, што гэты візіт пайшоў на карысць дзеючага прэзідэнта.

Нехта чакаў, што Радаслаў Сікорскі будзе гаварыць у Мінску пра двухбаковыя справы Польшчы і Беларусі, але ён падкрэсліў, што найперш прадстаўляе тут Еўразвяз. Па неафіцыйнай інфармацыі, афіцыйнае запрашэнне ў Мінск мела былая кіраўніца незалежнага Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс. Аднак, быццам, у апошні момант яна адмовілася. Напэўна, гэты факт нейкім чынам звязаны з сустрэчай Сікорскага і Макея. Мяркую, па гэтым пытанні варта чакаць удакладненняў ад польскіх медыяў.

Таксама хачу заўважыць, што афіцыйная Варшава і сам Сікорскі пайшлі на вялікую рызыку. У Польшчы, якая налета будзе старшынстваваць у Еўразвязе, на чарзе мясцовыя, а за імі і парламенцкія выбары. Той жа, хто перамагае на апошніх, фармуе ўрад. Таму, калі надзеі польскага боку на гэты візіт не спраўдзяцца, гэта можа наўпрост адбіцца на палітычнай кар’еры Сікорскага і ягоных аднапартыйцаў, сярод якіх прэм'ер-міністр з маршалкам Сейму.

Разам з тым, сённяшні візіт мае важнае значэнне і для нямецкага боку. Нагадаю, год назад сваю першую замежную паездку на чале нямецкага МЗС Вэстэрвэле зрабіў у Польшчу. Апошняй жа краінай Еўразвязу, якую ён наведаў (учора), стала Літва. Сам факт, што паміж Масквой і Вільняй ён знайшоў час і для Мінска, сведчыць: Берлін і Брусель ускладаюць вялікія спадзяванні на сітуацыю ў Беларусі. Тут да месца ўзгадаць словы Лукашэнкі: не важна, што будзе 19 снежня, важна, што пасля выбараў. А будзе павышэнне коштаў як на расійскі газ для Беларусі, так і на ягоны транзіт для Расіі...
-45%
-10%
-15%
-30%
-10%
-5%
-10%