Зміцер Лукашук,

У інтэрв'ю Еўрарадыё сакратар ЦВК распавёў пра прэтэндэнтаў, якія дзейнічалі "на мяжы фолу", пра тое, чаму подпісы за Лукашэнку можна было збіраць не толькі сябрам яго групы і адзначыў, што не супраць, калі Някляеў забяспечыць участкі празрыстымі скрынкамі.

Рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты Цэнтрвыбаркам плануе завяршыць раней за пазначаны тэрмін, і агітаваць за сябе кандыдаты змогуць пачаць раней за 24 лістапада. А вось “ліберальнічаць” на другім этапе выбарчай кампаніі ЦВК не будзе. Пра гэта Еўрарадыё заявіў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

29 кастрычніка — апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне прэтэндэнтаў кандыдатамі ў прэзідэнты. Пасля таго, як усе подпісы будуць перададзеныя ў выбарчыя камісіі, ЦВК будзе вырашаць: хто варты таго, каб атрымаць пасведчанне кандыдата. Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік адзначае, што камісія паспрабуе разгледзець подпісы раней за прызначанае 24 лістапада.

Мікалай Лазавік: “Калі ў нас пачатак рэгістрацыі 14 лістапада і па 23, то дзесьці ў сярэдзіне гэтага прамежку і правядзем пасяджэнне камісіі. Мы да апошняга дня цягнуць не зацікаўленыя”.

Паводле яго словаў, ЦВК хоча, каб у кандыдатаў быў як мінімум месяц на агітацыю за сябе. Прычым, сцвярджае Лазавік, хоць у камісіі і ёсць магчымасць рэгістраваць прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі пост па чарзе, але яны выведуць на старт усіх адначасова.

Мікалай Лазавік: “У Цэнтрвыбаркама, зразумела, ёсць права спачатку аднаго разгледзець, потым — другога, за ім — трэцяга. Але мы нічога такога не практыкавалі — каб не было няроўных умоў. Усе кандыдаты павінны быць у роўных умовах. У тым ліку і адначасова стартаваць”.

Першы этап выбарчай кампаніі адзначыўся толькі адным папярэджаннем — ініцыятыўнай групе Ўладзіміра Някляева. Былі, кажа Лазавік, пэўныя парушэнні і ў іншых прэтэндэнтаў. Але — на мяжы фолу. ЦВК ж на гэтых выбарах узяў курс на “ліберальнасць”.

Мікалай Лазавік: “Некаторыя парушэнні дапускалі і іншыя патэнцыйныя кандыдаты. Але мы досыць паблажліва ставімся да гэтых спроб дзейнічаць на мяжы фолу”.

Пад гэтую “паблажлівасць” трапіла і ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі, якую абвінавачвалі ў шматлікіх парушэннях — калі подпісы за кіраўніка краіны збіралі людзі, якія не з’яўляюцца сябрамі яго ініцыятыўнай групы. Нават адпаведнае відэа вывешвалі ў інтэрнэце.

Мікалай Лазавік: “Я глядзеў гэтыя відэаматэрыялы. Гэты выпадак стаў прадметам разгляду на пасяджэнні Мінскай гарадской выбарчай камісіі. Мы давалі тлумачэнні: падчас збору подпісаў запаўняць падпісны аркуш, пісаць прозвішча, імя і імя па бацьку, адрас і пашпартныя дадзеныя мае права і памочнік сябра ініцыятыўнай групы”.

А ўсе скаргі на ЦВК, да прыкладу, у Генпракуратуру Лазавік лічыць сведчаннем палітычнай актыўнасці пэўнай часткі грамадства. Праўда, прызнаўся, што не разумее — што магло пакрыўдзіць людзей, якім Лідзія Ярмошына адмовіла ў далейшай перапісцы па пытанні незаконнасці рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.

Вось толькі, кажа, такога лібералізму, які ЦВК праявіў на першым этапе выбарчай кампаніі, далей не будзе.

Мікалай Лазавік: “Калі мы скажам, што будзем і далей ліберальнічаць, то могуць жа і ўвогуле распусціцца! І выйсці за ўсе рамкі, якія толькі можна ўявіць. Таму — закон ёсць закон. Калі будзе грубае і свядомае ігнараванне патрабаванняў заканадаўства, Цэнтральная камісія будзе рэагаваць жорстка”.

Што тычыцца забеспячэння выбарчых участкаў празрыстымі скрынямі для галасавання, то, згодна са словамі Лазавіка, у ЦВК на гэта грошай няма. Але калі хтосьці захоча аказаць гуманітарную дапамогу, то яе з задавальненнем прымуць.

Мікалай Лазавік: “Мы вітаем, каб выбарчыя скрынкі былі празрыстыя, але мы нікога не прымушаем іх набываць. Гэта справа прадпрыемства, якое абсталёўвае выбарчы ўчастак. У нашым бюджэце на гэта грошай няма. А калі спадар Някляеў паставіць іх на выбарчыя ўчасткі — няхай. Калі ў яго грошай так шмат”.

Еўрарадыё пацікавілася, ці не падштурхнула Мікалая Лазавіка такая падзея, як выбары прэзідэнта, на напісанне чарговай вершаванай нятленкі.

Мікалай Лазавік: “Ёсць замова — пішу, няма замовы — не пішу! Я паэт-прафесіянал, па натхненні не пішу. Ад таго, як ветрык падзьмуў ці з якога боку сонейка засвяціла, у мяне натхненне не з’яўляецца. Прагматычны падыход: давайце замову — напішу”.
{banner_819}{banner_825}
-10%
-20%
-12%
-21%
-20%
-70%
-50%
-10%