Коронавирус
Выборы-2020
Отдых в Беларуси


Павел Свярдлоў,

Лукашэнка будзе збіраць подпісы адразу за семярых прэтэндэнтаў, за Рыжова па кватэрах пойдзе Долар, а за Цярэшчанку - Цар. Еўрарадыё параўнала спісы ініцыятыўных груп будучых кандыдатаў у прэзідэнты.

Гэтыя спісы здзіўляюць сваёй… аднастайнасцю! Паўсюль адны і тыя ж прозвішчы, часам нават з аднолькавымі імёнамі і імёнамі па-бацьку. Складаецца ўражанне, што некаторыя асабліва ініцыятыўныя грамадзяне збіраюцца хадзіць па пад’ездах з двума, трыма і нават чатырма падпіснымі аркушамі!

“Яны маюць на гэта права. Выбарчы кодэкс такія выпадкі не разглядае, таму гэта пытанне маралі тых кандыдатаў, на вылучэнне якіх яны працуюць”, - распавяла Еўрарадыё старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. І дадала: “Праўда, людзі гэтага не любяць.

Зборшчыкі подпісаў, якія ходзяць з некалькімі аркушамі, кажуць выбарцам: “Вы ж у кожным выпадку зможаце прагаласаваць толькі за аднаго кандыдата, так? Дык давайце хаця б зробім выбары альтэрнатыўнымі, падтрымайце вось гэтага кандыдата і вось гэтага…”. І гэты аргумент часта дзейнічае. Але я разумею, калі ты за вылучэнне двух кандыдатаў подпісы збіраеш. Але калі за трох ці чатырох…”

За Алеся Міхалевіча подпісы будуць збіраць два Бандзюкі: Аляксандр Сяргеевіч ды Александр Сергеевич. Адзін будзе збіраць подпісы па-беларуску, а другі - па-руску? Такія “поўныя цёзкі” сустракаюцца ў ініцыятыўных групах амаль ўсіх вылучэнцаў. Іх няма хіба што там, дзе ўвогуле адсутнічаюць беларускія прозвішчы.

“Значыць, будзе адзін чалавек мець два пасведчанні, - каментуе гэты факт Лідзія Ярмошына. - Але што ў гэтым страшнага? Фізічна ён усё роўна будзе адзін! Натуральна, так быць не павінна, але гэта не парушэнне. Бо пасведчанне ўдзельніка ініцыятыўнай групы не дае аніякіх правоў, акрамя права збіраць подпісы за вылучэнне таго ці іншага кандыдата.

Вось калі б было так, што з двума пасведчаннямі ты можаш бясплатна ездзіць на грамадскім транспарце - тады б была іншая справа. А так… Такія выпадкі ёсць, я сама іх бачыла. Гэта памылкі ў спісах удзельнікаў ініцыятыўных групаў, якія не заўважыў Цэнтрвыбаркам”.


Дзве ініцыятыўныя групы зусім падобныя. 1300 адных і тых жа чалавек мы не паленаваліся і знайшлі ў спісах Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса! Пры тым, што група ў апошняга складае ўсяго 1355 чалавек! Хто ў каго "пазычыў" зборшчыкаў подпісаў - невядома.

“Дзве групы амаль ідэнтычныя ёсць: гэта група Уса і група Статкевіча. Прынамсі, памылкі ў іх былі знойдзеныя аднолькавыя”, - пацвярджае Лідзія Ярмошына.

У Алеся Міхалевіча ў ініцыятыўнай групе Лукашэнка адзін, але які — Дзмітрый Аляксандравіч! У Уладзіміра Някляева аж тры Лукашэнкі. Дзве з іх - Вольгі Аляксандраўны. Гэтая Вольга Аляксандраўна паставіла рэкорд і ўпісалася ажно ў 5 ініцыятыўных груп: да Раманчука, Статкевіча, Саннікава, Някляева і Уса!

Увогуле Лукашэнкі паралельна будуць збіраць подпісы за 7 вылучэнцаў. У тым ліку - Ірына Васілеўна Лукашэнка - за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Дарэчы, у ініцыятыўнай групе дзеючага кіраўніка краіны больш за 80% жанчын!

У групе Сяргея Рыжова - чалавек з незвычайным імем Долар. Долар Мікалаевіч Яневіч. А за Віктара Цярэшчанку будзе збіраць подпісы Цар. Зоя Анатолеўна Цар.

Выбары развялі па розныя бакі барыкадаў дыназаўраў беларускага рока. У ініцыятыўнай групе Андрэя Саннікава - Ігар Варашкевіч, а ў Уладзіміра Някляева - Зміцер Вайцюшкевіч! Цікава, ці будзе Зміцер дапамагаць Уладзіміру Пракоф’евічу збіраць подпісы ў электрычках, з песнямі пад гармонік?

Яшчэ адзін актывіст у ініцыятыўнай групе Някляева - 75-гадовы Рыгор Барадулін.

“Думаю, што гэта выключна для дадатковай рэкламы. Каб узняць прэстыж гэтай групы, - мяркуе старшыня ЦВК. — Напрыклад, яе ўдзельнікі змогуць падчас збору подпісаў казаць, што Някляева падтрымлівае Рыгор Барадулін.

Да таго ж, пасля збору подпісаў для агітацыі не ўтвараецца ніякай іншай групы, акрамя ініцыятыўнай. І лічыцца, што пасля ініцыятыўная група і будзе агітаваць. Гэтым можна займацца і без пасведчання ўдзельніка ініцыятыўнай групы. Але вось гэтая адзіная група і лічыцца афіцыйнай групай падтрымкі на ўсю выбарчую кампанію”.


Нагадаем, на збор подпісаў у ахвочых пазмагацца за пасаду прэзідэнта Беларусі ёсць час да 24 кастрычніка 2010 года. Лягчэй за ўсё давядзецца ініцыятыўнай групе Сяргея Гайдукевіча: кожнаму з 10 тысяч яе чальцоў дастаткова сабраць па 10 подпісаў. А цяжэй за ўсё будзе прыхільнікам Івана Кулікова: іх усяго 107, і, значыць, кожнаму давядзецца сабраць каля тысячы подпісаў.
 
-25%
-15%
-25%
-10%
-10%
-40%
-20%
-40%
-20%
-10%