Поддержать TUT.BY
61 день за решеткой. Катерина Борисевич
Коронавирус: свежие цифры


Кастусь ЛАШКЕВІЧ, Марына ШКІЛЁНАК,

фотоРоўна 20 год назад, 27 ліпеня 1990 года, Вярхоўны Савет тады яшчэ Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Гэта быў першы крок да ўзнаўлення гістарычнай справядлівасці ды атрымання Беларуссю незалежнасці, за якую нашы дзяды і прадзеды пралівалі кроў не адно стагоддзе.

"Першая інфармацыя аб прыняцці Дэкларацыі аб суверэнітэце пачыналася словам "Свершилось!">>>


Яшчэ праз год, 25 жніўня 1991 года, дэпутаты надалі Дэкларацыі статус канстытуцыйнага закона, аформіўшы паўнавартасную дзяржаўную незалежнасць суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Да рэферэндуму 1996 года 27 ліпеня было ў нашай краіне галоўным нацыянальным святам — Днём Незалежнасці. Сёння ў Беларусі гэтую гістарычную дату, якой прынята ганарыцца ва ўсім свеце, не ўзгадваюць. З 1997-га Дзень Рэспублікі святкуецца 3 ліпеня.

Успомніць пра тое, як прымаўся эпахальны дакумент, мы запрасілі дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання Мечыслава Грыба (на фота - у цэнтры), які потым узначаліць ВС, і Валянціна Голубева (на фота - злева) — аўтара праекта Дэкларацыі, прапанаванага апазіцыяй Беларускага Народнага Фронту.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.

Спампаваць відэа

“Дэкларацыя 1990 г. стала працягам трох Грамат БНР і Маніфеста БССР”

 
— Што для кожнага з вас азначае гэтая Дэкларацыя?
 
Мечыслаў Грыб (М.Г.): Для мяне асабіста — вельмі шмат, бо на працягу 20 гадоў Беларусь існуе як суверэнная і незалежная краіна. Праўда, адразу гэта выглядала фармальна: трэба было рабіць вялікую працу, каб незалежнасць і суверэнітэт увесці ў рамкі заканадаўства, стварыць асноўны закон — Канстытуцыю.
 
З іншага боку, калі падумаеш, за гэты час у Беларусі мала што змянілася. Цяперашняя сімволіка — герб, сцяг і гімн — мала чым адрозніваецца ад савецкай. Палітычны рэжым — таксама. Як мне здаецца, свабоды дзеянняў у апазіцыі і ўсіх тых, хто мае ўласнае меркаванне, нават менш, чым было ў 1990 годзе.
 
На той час я быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, узначальваў камісію па нацыянальнай бяспецы і барацьбе са злачыннасцю і быў сябрам прэзідыума Вярхоўнага Савета. У мяне было шмат працы ў гэтым накірунку, і непасрэднага ўдзелу ў распрацоўцы Дэкларацыі я не браў. Але як дэпутат удзельнічаў у абмеркаванні і прыняцці гэтага важнага дакумента.
 
Валянцін Голубеў (В.Г.): Я бачу ўсё гэта трохі па-іншаму. Дэкларацыя, прынятая 27 ліпеня 1990 года, — гэта працяг гістарычнага імкнення беларускіх палітычных сіл і беларускага народа да незалежнасці. Дэкларацыя стала лагічным працягам трох Грамат Беларускай Народнай Рэспублікі і Маніфеста аб утварэнні Беларускай ССР.
 
Я трошкі паспрачаюся з Мечыславам Іванавічам, бо лічу, што за гэтыя дваццаць гадоў адбыліся значныя змены. Пасля Другой сусветнай вайны БССР стала сябрам ААН і была зафіксавана сярод міжнароднай супольнасці як дзяржава. Аднак дэ-факта мы былі палітычнай калоніяй Савецкага Саюза, і наша Канстытуцыя магла толькі дубляваць савецкую.
 
Ад самага пачатку працы Вярхоўнага Савета я быў сябрам рабочай групы, якая пісала новую Канстытуцыю будучай Рэспублікі Беларусь. Прыняццё Дэкларацыі было для нас вельмі важна, бо ў ёй былі выкладзены асноўныя прынцыпы пабудовы новай дзяржавы. Спецыяльны пункт абвяшчаў, што рэалізацыя палажэнняў, выкладзеных у Дэкларацыі, а гэта значыць, вяршэнства Беларусі ва ўсім, павінна быць закладзена ў новую Канстытуцыю краіны. Такім чынам, гэты дакумент даў нам магчымасць пачаць пісаць новы Асноўны закон на новых прынцыпах.
 
Потым, калі адбыліся падзеі путчу 1991 года, і 25 жніўня Дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закона, вялікая значнасць гэтага дакумента стала зразумела ўсім. 
 

“У сейфах ЦК КПБ мы знайшлі аб’ектыўкі на ўсіх дэпутатаў”


— Сёння ёсць дзве версіі, з чыёй ініцыятывы была разгледжана дэкларацыя: дэпутатаў з апазіцыі БНФ ці партнаменклатуры, якая атрымала каманду з Масквы, дзе падобную дэкларацыю ўжо прынялі.
 
М.Г.: Трэба сказаць адназначна, што ініцыятарам прыняцця Дэкларацыі была фракцыя Беларускага Народнага Фронту, якая ў той час існавала ў складзе Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Яны ініцыявалі гэтае пытанне, распрацоўвалі і прадставілі свае напрацоўкі. Не хачу сказаць, што ўсё залежала толькі ад іх — час быў такі, але яны былі наперадзе іншых.
 
В.Г.: Першы праект апазіцыя прапанавала яшчэ ў канцы траўня 1990 года, і некаторыя з акадэмікаў далі на яго адмоўнае заключэнне. Той праект для таго Вярхоўнага Савета быў занадта радыкальным: спасылаўся на пастановы Рады БНР 1918 года, прапаноўваў адразу адмяніць дагавор аб утварэнні Савецкага Саюза 1922 года. Большасць Вярхоўнага Савета складала партыйная наменклатура. Іх вучылі па-іншаму, і чыста прынцыпова гэтыя людзі ў той час не маглі прагаласаваць за наш праект.
 
М.Г.: Дадам, што Вярхоўны Савет 12-га склікання, куды было абрана 345 чалавек (15 чалавек мы недабралі), на 87% складаўся з сяброў партыі КПСС. Зразумела, яны кіраваліся сваімі падыходамі. Усе старшыні райвыканкамаў, аблвыканкамаў былі дэпутатамі. Старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей таксама дагэтуль быў сакратаром ЦК КПБ. ЦК так ці інакш рабіла спробы кіраваць Вярхоўным Саветам праз камуністаў. Для іх пісалі тэксты выступленняў, на кожнага народнага абранніка было дасье. Гэтак, калі пазней мы пераехалі ў будынак на Карла Маркса, 28 і ўскрылі сейфы, то знайшлі ў бюро ЦК КПБ аб’ектыўкі на ўсіх дэпутатаў. Таму прапановы апазіцыі БНФ, вельмі радыкальныя на той час, былі адсунуты на другі план. Хаця многае з іх урэшце было ўзята.
 
В.Г.: Перад перадачай я праглядаў дакументы таго часу і вось на што звярнуў увагу. 12 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет Расійскай Федэрацыі прымае Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР. У гэты час у Маскве існуюць, па сутнасці, ужо два прэзідэнты — Ельцын і Гарбачоў, паміж якімі ідзе змаганне. Гарбачоў на Савеце Федэрацыі СССР, куды ён запрасіў старшынь Вярхоўных Саветаў саюзных рэспублік, дае рэкамендацыю насуперак таму, што зроблена ў Расіі: прыняць ва ўсіх саюзных рэспубліках дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, у якіх было б пажаданне аб падпісанні новага саюзнага дагавора.
 
Большасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета была за тое, каб перадапошнім пунктам у Дэкларацыі аб суверэнітэце было запісана, што БССР выступае за заключэнне новага саюзнага дагавора. Фракцыя ж БНФ лічыла, што гэта можа вельмі пашкодзіць. І, сапраўды, калі б у жніўні 1991-га не адбыўся той путч, ніхто не ведае, да чаго б усё прыйшло.
 

“Нам убівалася думка, што савецкія рэспублікі не здольны быць самастойнымі”

 
— Атрымалася, што Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце ўжо пасля таго, як падобнае зрабілі ў Маскве, Кіеве і многіх іншых рэспубліках. Часам даводзіцца чуць, што ў 1990-91 незалежнасць упала беларусам з неба. Ці можна пагадзіцца з гэтым?
 
В.Г.: Як гісторык, скажу вам: нішто не падае само, калі няма жадання палітычных сіл і народа. Беларусь ніколі не выпадала з рэчышча агульнаеўрапейскіх дзяржавабудаўнічых працэсаў. Першая наша дзяржава — Полацкае княства — утварылася паралельна з дзяржавамі на тэрыторыі Англіі, Францыі, Германіі. Калі пасля Першай сусветнай вайны імперыі пачалі распадацца, а на іх месцы сталі з’яўляцца новыя дзяржавы, у нас была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. На жаль, яна не змагла стаць паўнавартаснай дзяржавай, але і ўзнікнуць проста так не магла. Яшчэ ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі пачалі з’яўляцца палітычныя партыі. Самая вялікая з іх — Беларуская Сацыялістычная Грамада — упершыню выказала ідэю аб утварэнні незалежнай беларускай дзяржавы. Як толькі склаліся спрыяльныя ўмовы, гэта было зроблена.
 
Нямецкая, потым савецкая, польская, ізноў савецкая акупацыі не далі развівацца Беларускай Народнай Рэспубліцы, але ідэя не прапала. Засталіся беларускія нацыянал-камуністы, якія 1 студзеня 1919 года ўтварылі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку.
 
Калі б у 1990 годзе не было палітычных сілаў, якія выступалі за незалежнасць Беларусі, калі б беларусы не выказаліся за незалежнасць краіны, ніхто нічога зверху не прынёс бы. Пры гэтым адзначу, што прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей былі больш асцярожнымі ў гэтым, бо ўжо быў досвед шэрагу іншых рэспублік, дзе дзяржавабудаўнічыя працэсы справакавалі канфлікты на нацыянальнай глебе.
 
М.Г.: Згодны з тым, што Беларусь заўсёды, калі гістарычныя ўмовы давалі хоць нейкія падставы для гэтага, імкнулася быць незалежнай і суверэннай. Можна казаць, што і ўкраінцам, малдаванам і іншым незалежнасць звалілася на галаву. Толькі прыбалты пачалі заяўляць пра яе раней за ўсіх.
 
В.Г.: Але калі б не было тых агульнаеўрапейскіх працэсаў і той галоснасці, адкрытасці, што распачаў Гарбачоў, магчыма, і ў Прыбалтыцы так хутка не адбыліся б змены.
 
М.Г.: Паўтаруся, уся гісторыя сведчыць аб тым, што Беларусь імкнулася да сваёй незалежнасці. На мой погляд, любая краіна можа быць незалежнай. Хаця ў СССР нам у галовы ўводзілася думка, што савецкія рэспублікі не здольны быць самастойнымі дзяржавамі, бо апошнія павінны мець межы з замежнай дзяржавай і свабодны выхад да мора.
 
В.Г.: І ўсё рабілася для ўмацавання гэтай думкі. Узяць хаця б эканамічныя сувязі. Напрыклад, пластмасавыя дэталі для Мінскага трактарнага завода рабіліся ў Армавіры. Памятаю, як літоўская парламенцкая дэлегацыя папрасіла ў нас рабіць на “Тэрмапласце” нейкія пластмасавыя дэталі для іх халадзільніка “Taurus”, якія ў савецкі час рабіліся ў Расіі. Так было ва ўсім Савецкім Саюзе, і калі б хтосьці пажадаў выйсці з яго складу, рваліся ўсе сувязі.
 
М.Г.: Палітычна, эканамічна і ідэалагічна ўсё зводзілася да таго, каб ніхто не мог вызваліцца. Хаця ў дагаворы аб стварэнні СССР было запісана, што кожная рэспубліка мае права самастойна выйсці з яго складу.
 

“Пасля паседжання на вуліцы дэпутата маглі і за каўнер узяць!”

 
— Вяртаючыся да Дэкларацыі аб суверэнітэце, ці было асэнсаванне гістарычнай значнасці зробленага, разуменне таго, што зроблены першы крок да паўнавартаснай дзяржаўнай незалежнасці Беларусі?
 
М.Г.: Мяркую, большая частка дэпутатаў у той час так не думала.
 
В.Г.: Мне таксама так здаецца. Калі Дземянцей сказаў, што Дэкларацыю трэба прымаць, большасць была яшчэ за Савецкі Саюз. “Трэба - значыць, зробім”, — думалі яны, не задумваючыся, куды гэта можа завесці.
 
Мы, дэпутаты фракцыі БНФ, разумелі, як можна скарыстацца гэтым дакументам, і таму вельмі баяліся, што ён будзе прыняты. Перад галасаваннем за апошні пункт дэкларацыі ў зале пачалі гаварыць аб пераглядзе некаторых папярэдніх пунктаў. Менавіта тых, дзе гаварылася, што ўсё, што ёсць у Беларусі, належыць не Маскве, а беларускаму народу. Тады мы рызыкнулі і пайшлі на авантуру. Заявілі, што Вярхоўны Савет не гатовы прыняць Дэкларацыю і на знак пратэсту пакінулі залу паседжанняў. І тут спрацавала адваротная рэакцыя. Пракамуністычная большасць абвінаваціла апазіцыю ў нежаданні незалежнасці Беларусі ды зрабіла насуперак нам. Выніковае галасаванне сабрала столькі галасоў “за”, колькі не было ні ў аднаго папярэдняга пункта.
 
— Удакладню. З вашага гледзішча, Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю нібыта насуперак апазіцыі?
 
В.Г.: Разумееце, Вярхоўны Савет ужо быў гатовы прыняць гэтае рашэнне. Але некаторыя моманты пэўныя колы не задавальнялі, нехта хацеў нешта паправіць. Многія дэпутаты падалі асабістыя папраўкі да пэўных артыкулаў гэтай дэкларацыі. Такія дробныя змены вельмі зацягвалі прыняццё Дэкларацыі і нават змянялі яе першапачатковы сэнс.
 
М.Г.: Хачу адзначыць, што праца Вярхоўнага Савета 12-га склікання праходзіла вельмі дэмакратычна, адкрыта і галосна, з трансляцыяй на ўсю Беларусь. Многія людзі гадзінамі не адыходзілі ад тэлеэкранаў. Канешне, працаваць у такіх умовах было вельмі складана: ты баішся зрабіць памылку, вельмі засяроджваешся...
 
В.Г.: Увечары, калі выходзіш з Дому Ураду, табе могуць выказаць усё, што думаюць...
 
М.Г.: Ды і не толькі выказаць. Маглі і за каўнер узяць! Таму кожны дэпутат імкнуўся паказаць сваю значнасць перад выбаршчыкамі, давесці, што не проста праседжвае штаны. Любую прапанову абмяркоўвалі з усіх бакоў. Людзі працавалі вельмі актыўна. Не тое, што сёння, калі дэпутат 1,5-2 гады адпрацаваў у парламенце, а дагэтуль не ведае, дзе кнопка “Супраць”. “Дык няма пытанняў, — кажуць. — Усё так добра распрацоўваецца, што я за ўсё галасую”.
 
В.Г.: Па кожным пытанні ў нас, як правіла, было тры праекты закона. Адзін уносіць камісія Вярхоўнага Савета, другі — Саўмін, трэці — апазіцыя. Потым абмяркоўваюцца тры праекты, і на іх аснове ствараецца адзін.
 
М.Г.: Дык і якія людзі, абраныя дэмакратычным шляхам, працавалі ў Вярхоўным Савеце! Прайшло 20 гадоў, але больш за 30 дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання дагэтуль займаюць высокія пасады ва ўладзе.
 

“Для святкавання Кебіч выдзяліў бутэльку шампанскага”

 
— Якія настроі панавалі ў Авальнай зале пасля прыняцця гістарычнага дакумента?
 
В.Г.: У дзень прыняцця Дэкларацыі на плошчы Леніна сабралася некалькі тысяч чалавек. Першае святкаванне адбылося вечарам. Мы з дэпутатам Пятром Садоўскім хацелі адзначыць гэтую падзею шампанскім, але ў Вярхоўным Савеце нічога не было. Тады ён пайшоў да старшыні Савета міністраў Вячаслава Кебіча, які з нейкіх запасаў выцягнуў бутэльку ці то шампанскага, ці то сухога віна. Яе мы і падзялілі чалавек на дваццаць.
 
На плошчы людзі спявалі песні. Вуліца, народ, спевы — менавіта гэта пераканала многіх (нават тых, хто яшчэ не ўсведамляў ці сумняваўся) у слушнасці прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце.
 
М.Г.: На мой погляд, людзі ўспрымалі добра. Не было заяў, што мы здраднікі, развалілі Саюз. У нас, паміж дэпутатамі, не было такога, каб людзі розных перакананняў не размаўлялі паміж сабой. Выступаюць, крытыкуюць, ледзь не за чубы хапаюцца на трыбуне, але ў перапынку стаяць разам, паляць, размаўляюць. Тады мы дараслі да гэтага ўзроўню.
 
А галоўнае, што ў той час мы навучыліся слухаць адзін аднаго. Не важна, прыемна табе гэта ці не, супраць тваіх меркаванняў альбо не. Гэтая адкрытасць, наяўнасць крытыкі, апазіцыі аўтаматычна змяншала колькасць памылак пры прыняцці рашэнняў.
 
В.Г.: Нашы дэпутаты вучыліся на вачах. Дагэтуль усе Вярхоўныя Саветы працавалі па сцэнары ЦК, і мы атрымалі такі сцэнар на першыя дні. Але калі нам пачалі навязваць прозвішчы тых людзей, якіх мы павінны былі абіраць, мы пачалі пытацца: “А чаму? Нас не партыя выбірала, а народ”.
 

“Лукашэнка выступіў супраць увядзення камуністычнай дыктатуры”

 
— На тое, каб Дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закона, спатрэбіўся цэлы год. Наколькі вялікай у гэты прамежак часу — ад ліпеня 1990 года да канца жніўня 1991 года — была верагоднасць адкату назад? Ці мог гэты крок насустрач незалежнасці быць змарнаваны?
 
В.Г.: Канешне. Успомніце сакавік 1991 года, правядзенне рэферэндуму аб захаванні СССР, унясенне фракцыяй камуністаў закона аб увядзенні надзвычайнага становішча ў Беларусі. Дарэчы, дэпутат Аляксандр Лукашэнка тады выступіў супраць гэтай спробы ўвядзення камуністычнай дыктатуры з велізарным артыкулам у газеце “Звязда”.
 
М.Г.: Калі ўсе рэспублікі СССР аб’весцілі аб сваім суверэнітэце, перад намі паўстала вялізная задача зрабіць уласнае заканадаўства. Зразумела, у нас былі заканадаўчыя акты, былі Крымінальны, Грамадзянскі, Працоўны кодэксы, была свая Канстытуцыя, але цэлы накірунак дзейнасці — асабліва што да нацыянальнай абароны, барацьбы са злачыннасцю — рэгуляваўся заканадаўствам Саюза. Тады мы распрацавалі законы аб Міністэрстве абароны, Міністэрстве ўнутраных спраў, аб пракуратуры — усё рабілі з нуля.
 
Магчымасці звароту назад і адмены Дэкларацыі былі, але большасць дэпутатаў за гэты год стала на бок незалежнасці і суверэнітэту.
 
В.Г.: Сітуацыю магло змяніць любое прымяненне сілы. Нагадаю, пасля таго, як у красавіку 1995 года група дэпутатаў ад апазіцыі распачала галадоўку супраць абвешчанага прэзідэнтам рэферэндуму, іх проста збілі і сілай выкінулі з будынка Вярхоўнага Савета. Астатнія, мякка кажучы, усё гэта праглынулі, а некаторыя яшчэ і парадаваліся. Калі б прадстаўнікі Масквы зрабілі падобнае ў 1991-м, таксама ніхто б не зварухнуўся. Таму, думаю, пагроза была вялікай.
 

“Прэзідэнта трэба было выбіраць у Вярхоўным Савеце”

 
— Азіраючыся на тыя падзеі сёння, што на сённяшні розум варта было зрабіць інакш?
 
М.Г.: Пра памылкі можна казаць, калі ацэньваць усю дзейнасць Вярхоўнага Савета 12-га склікання.
 
Многае рабілася так, як належала. Вельмі добра, што ў снежні 1991-га было падпісана Пушчанскае пагадненне, бо без гэтага на тэрыторыі Савецкага Саюза, магчыма, была б грамадзянская вайна.
 
Калі мы прымалі Канстытуцыю, мабыць, трэба было больш асцярожна падыходзіць да інстытуту прэзідэнцтва. Гэтая форма можа быць больш аператыўнай у кіраванні краінай, але трэба было паасцярожнічаць і ўзяць прыклад з нашых прыбалтыйскіх суседзяў: хаця б на першыя два тэрміны абіраць прэзідэнта ў Вярхоўным Савеце і толькі потым пераходзіць да ўсеагульных выбараў. Але, як той казаў, заднім розумам усе хітрыя.
 
В.Г.: Я таксама лічу найвялікшай памылкай тое, што мы паддаліся ціску Савета міністраў і пайшлі на змены ўжо падрыхтаванай Канстытуцыі парламенцкай дзяржавы з шырокімі паўнамоцтвамі Вярхоўнага Савета, дзе магло быць прадугледжана існаванне прэзідэнта, але з прадстаўнічымі функцыямі. Літаральна за два з паловай месяцы нам прыйшлося змяніць гэтую Канстытуцыю. Вынікам, не ўдалося збалансаваць узаемадзеянне розных галін улады, і прэзідэнт стаў прадстаўніком выканаўчай улады. Потым у Канстытуцыю былі ўнесены змены ў 1996 годзе. Цяпер мы не маем збалансаванай Канстытуцыі. Тут я падзяляю выказванні Аляксандра Лукашэнкі, што ў Беларусі існуе аўтарытарная дзяржава з аўтарытарным кіраваннем. Магчыма, у пэўны час гэта было карысна, але сёння трэба вяртацца да дэмакратыі.
 

Vox Populi 

А што для беларусаў значыць прыняццё Дэкларацыі аб суверэнітэце з наступным абвяшчэннем дзяржаўнай незалежнасці? Адказ на гэта глядзіце ў апытанні, якое журналісты TUT.BY правялі на вуліцах Мінска напярэдадні гістарычнай даты. 

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.

-50%
-10%
-25%
-50%
-15%
-25%
-20%
-35%