Карына КЛЯНОВІЧ,

Былы намеснік міністра ўнутраных спраў генерал-маёр Віктар Філістовіч атрымаў новую працу. Ён прызначаны афіцыйным прадстаўніком МУС у Расіі.

Віктар Леанідавіч ужо пераехаў у Маскву і даўно прыступіў да новых абавязкаў.

У міліцэйскіх колах пра магчымасць атрымання Філістовічам новай працы ў Расійскай Федэрацыі пачалі гаварыць неўзабаве пасля з’яўлення інфармацыі аб тым, што Віктар Леанідавіч на бярвенцы разабраў свой дом, пабудаваны ў скандальна вядомым дачным пасёлку МУС “Крынічны”. Увогуле, зрабіў так, як і патрабаваў Аляксандр Лукашэнка ад чыноўнікаў МУС, якія праштрафіліся.

Нагадаем, што Віктар Філістовіч пазбавіўся пасады намесніка міністра ўнутраных спраў амаль год назад — пасля скандальнай антыкарупцыйнай нарады, на якой А.Лукашэнка заявіў, што падначаленыя міністра ўнутраных спраў самавольна захапілі прэстыжныя ўчасткі зямлі ў раёне Заслаўскага вадасховішча пад будаўніцтва сваіх дач. Лукашэнка ультыматыўна заявіў: міліцэйскія дамы знесці.

“Дайце ўласнікам тры месяцы, каб яны знеслі свае пабудовы, — заявіў ён. — Калі не знясуць, то яны бязвыплатна павінны быць адабраны пад дамы для дзяцей-сірот! Выконвайце!”

СЛОВА — НЕ ВЕРАБЕЙ…

Слова генерала


Былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў праз пару месяцаў пасля знакамітай антыкарупцыйнай нарады заявіў, што ўсе яго падначаленыя, якія засвяціліся ў скандале з зямельнымі ўчасткамі, будуць звольнены з органаў унутраных спраў, як таго і патрабаваў прэзідэнт.

“Усе гэтыя супрацоўнікі будуць звольнены з органаў унутраных спраў, а іх катэджы пяройдуць ва ўласнасць дзяржавы”, — заявіў генерал Навумаў у студзені гэтага года.

Слова прэзідэнта

Звяртаючыся да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Уладзімір Уладзіміравіч, я даўно загадаў не перасаджваць чыноўнікаў і іншых вінаватых (вы ведаеце каго) з месца на месца. Трэба навесці тут жалезны парадак!..

Генеральны пракурор правільна адзначыў недапушчальнасць перасаджвання кіраўнікоў, якія праштрафіліся, з аднаго крэсла ў іншае. І я вас не адзін раз, асабліва губернатараў, Прэм’ер-міністра і іншых, папярэджваў аб гэтым...”.

Што ж тычыцца канкрэтна супрацоўнікаў МУС, якія займелі катэджы ў дачным пасёлку “Крынічны” і якіх Лукашэнка на ўсю краіну абазваў карупцыянерамі, то, па яго словах, іх на працягу месяца (!) павінны былі звольніць з органаў унутраных спраў.

“Магу канкрэтызаваць: не ў месячны тэрмін, а на працягу лістапада гэтыя людзі павінны быць звольнены з органаў унутраных спраў!” — такое даручэнне год назад Аляксандр Лукашэнка даў дзяржсакратару Савета бяспекі генералу Юрыю Жадобіну.

Даручэнне Лукашэнкі распаўсюджвалася і на Віктара Філістовіча — яго прозвішча Лукашэнка назваў другім у шэрагу карупцыянераў у міліцэйскіх пагонах. Але... Не прайшло і паўгода, як Філістовіч зноў апынуўся на кані. На гэты раз — дыпламатычным.

ТЫМ ЧАСАМ

Былы першы намеснік міністра ўнутраных спраў генерал Аляксандр Шчурко, які быў суседам Філістовіча па дачным пасёлку “Крынічны”, пакуль не атрымаў новую работу. Але Аляксандр Сямёнавіч па-ранейшаму ўзначальвае Беларускую федэрацыю дзюдо — так бы мовіць, на грамадскіх пачатках.

Пасада прадстаўніка МУС Беларусі пры амбасадах іншых краін прыраўноўваецца да пасады саветніка дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі за мяжой.

Прадстаўнікі МУС Беларусі ў замежных дзяржавах прызначаюцца на тэрмін да трох гадоў. Па службовай неабходнасці гэты тэрмін можа быць прадоўжаны ці скарочаны міністрам унутраных спраў па ўзгадненні з МУС. Прадстаўнікі МУС Беларусі ў замежных дзяржавах размяшчаюцца ў памяшканнях беларускіх амбасад, карыстаюцца дыпламатычнай поштай, тэлефоннай сувяззю, тэлефаксам, у межах сваёй кампетэнцыі выконваюць загады міністра ўнутраных спраў і Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у дзяржаве знаходжання. Аператыўнае кіраўніцтва дзейнасцю прадстаўнікоў МУС у замежных дзяржавах ажыццяўляе намеснік міністра ўнутраных спраў — статс-сакратар (сёння гэта Анатоль Курылец).

Да нядаўняга часу афіцыйным прадстаўніком МУС Беларусі ў Расіі быў экс-начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС палкоўнік міліцыі Валянцін Патаповіч. З 2001 па 2004 год інтарэсы беларускага МУС у Расіі прадстаўляў Фарыд Канцараў, які сёння паспяхова працуе ў “Газпраме”.

Хто зараз працуе разам з Філістовічам?


Ваенным аташэ Беларусі ў Расіі з’яўляецца Юры Бабруйскі. Інтарэсы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь у Маскве прадстаўляе Васіль Гарбаценка. Афіцыйны прадстаўнік Пракуратуры Беларусі — Іван Шкель.
-17%
-10%
-25%
-10%
-60%
-10%
-33%
-10%
-20%
-30%
-15%