Ганна ГЛАДЫШАВА,

Аляксандр Іванкоў. Фота
Аляксандр Іванкоў. Фота "Рэспубліка"
Былы міністр гандлю чакае новага прызначэння. Праўда, пакуль Аляксандр Іванкоў (бацька знакамітага гімнаста Івана Іванкова) адпачывае дома. Карэспандэнт “Тут і цяпер” расшукаў Аляксандра Іванавіча і задаў яму некалькі пытанняў.
 
— Аляксандр Іванавіч, Ваша адстаўка для многіх была даволі нечаканай. Раскажыце, чым Вы цяпер займаецеся?
— Адпачываю.
 
— І якія планы на будучыню?
— Працаваць буду.
 
— Дзе, калі не сакрэт?
— А гэта ўжо не нам вырашаць…
 
— Спадзяецеся, што Вам нешта прапануюць?
— Не спадзяюся, а так яно і будзе.
 
— А чаму Вас адправілі ў адстаўку? Альбо Вы самі прынялі рашэнне сысці?
— Дзяржслужба ёсць дзяржслужба. Тут нічога вечнага не бывае.
 
— Хочаце сказаць, што былі гатовы сысці?
— Я заўсёды гатовы. На тое яна і дзяржслужба. Паўтаруся, нічога вечнага і свайго там няма.
 
— Але ж Вы адпрацавалі ў Міністэрстве гандлю даволі працяглы час…
— Нічога, трэба ж і іншым паспрабаваць.
 
— І тым не менш, калі не сакрэт: самі пісалі заяву аб сыходзе з пасады ці…?
— Я ўжо дваццаць гадоў нікуды не пішу ніякіх заяў. Але нечаканасцю адстаўка для мяне не стала. Усё, што робіцца, робіцца да лепшага.
 
— Значыць, калі казаць па-прастому, стрэсавага стану пасля таго, як страцілі “высокае крэсла”, у Вас не было?
— Не, не было. Я проста ведаю, што не трэба прызвычайвацца і прыкіпаць да высокіх пасад.
 
— Аляксандр Іванавіч, а працаваць Вы будзеце, як і раней, — у сферы гандлю?
Я ўжо казаў: гэта не мне вырашаць.
 
— У Беларусі, звычайна, калі міністр сыходзіць, то яго альбо ў тыраж спісваюць, альбо паслом некуды адпраўляюць, ці на нары кідаюць - за карупцыйныя справы…
— Я нічога з пералічанага не баюся…
 
ПОГЛЯД ЗБОКУ
 
Аляксандр САСНОЎ: “Да міністраў трэба ставіцца з павагай…”
 
Былы міністр працы Беларусі раіць кіраўніцтву краіны не перашкаджаць самастойнай працы кіраўнікоў міністэрстваў.
 
— Мне здаецца, многае залежыць ад прычыны, па якой чалавек пакінуў высокую пасаду, — выказвае сваю думку Аляксандр Віктаравіч. — Калі, напрыклад, параўноўваць мой сыход і сыход Іванкова, то гэта зусім розныя рэчы, бо я сам напісаў заяву з просьбай звольніць мяне па ўласным жаданні. А гэты чыноўнік, мяркуючы па ўсім, нават і не ведаў пра сваю хуткую адстаўку. Магчыма, на яго проста ўсклалі ўсе памылкі сістэмы, якую, між іншым, пабудаваў прэзідэнт краіны. І таму я лічу, што за ўсе памылкі міністраў павінен адказваць менавіта Аляксандр Лукашэнка, бо ніводны міністр у нашай краіне не мае такіх шырокіх паўнамоцтваў і такой свабоды ў прыняцці рашэнняў, як ён.
На мой погляд, міністраў трэба здымаць за канкрэтныя хібы ў рабоце альбо крадзёж, карупцыю. За канкрэтныя і зразумелыя рэчы. А калі чалавек усё жыцце адпахаў на сістэму, і яго вось так, без тлумачэнняў, выкідваюць, — гэта проста здзек. Але самае смешнае, што многія з тых, з каго так здзекваюцца, нават не разумеюць гэтага. Альбо не хочуць разумець. Магчыма, у іх ёсць падобныя думкі, але многія чыноўнікі настолькі перапалоханы сваёй будучыняй, што не ведаюць, як ім жыць далей. І сістэма, дарэчы, стымулюе былых чыноўнікаў на адпаведную манеру паводзін. Звярніце ўвагу: міністра здымаюць, некаторы час ён застаецца сам-насам са сваімі думкамі, перажываннямі. Увесь гэты час спецыяльныя людзі назіраюць за ім, і калі ім падабаюцца яго паводзіны, калі яны бачаць, што былы міністр не сунуўся ў апазіцыю, не спрабуе зрабіць нейкіх гучных заяў, а проста ціха плача на кухні, то праз некаторы час яму прапаноўваюць іншую, не менш (а ў некаторых выпадках — нават і больш) высокую, прэстыжную, “хлебную” пасаду. Дарэчы, наконт “хлебнасці”. Лічу, што сёння заробкі міністраў не такія ўжо і малыя. Напрыклад, я, калі прыйшоў на пасаду міністра працы, атрымліваў 160 долараў, калі сыходзіў — 120.
 
Адзін высокапастаўлены чыноўнік, які не зусім задаволены тым, што зараз адбываецца ў дзяржаве, не так даўно мне заўважыў: маўляў, у цябе былі запасныя “аэрадромы”, а мне проста няма куды сысці. Дык і мне не было куды падавацца! Я каля двух гадоў перабіваўся выпадковымі падпрацоўкамі, бо нідзе не мог працаўладкавацца. І нічога, выжыў…
 
Я параіў бы кіраўніцтву краіны ставіцца да міністраў з павагай. Ім не варта перашкаджаць, іх не трэба звязваць па руках і нагах. Бо часам з Адміністрацыі прэзідэнта яны атрымліваюць даволі супярэчлівыя ўказанні, якія проста немагчыма выканаць. Дайце ім магчымасць свабодна працаваць, свабодна прымаць рашэнні. Інакш яны проста будуць набіваць свае кішэні.
 
З АСАБІСТАЙ СПРАВЫ
 
Аляксандр Іванкоў нарадзіўся ў 1950 годзе ў Мінску. Скончыў Маскоўскі кааператыўны інстытут, Мінскую вышэйшую партыйную школу.
 
У 1972—1974 гадах працаваў намеснікам старшыні праўлення Бярэзінскага райспажыўсаюза (Мінская вобласць).
 
У 1975—1994 гадах займаў пасады намесніка старшыні праўлення, старшыні праўлення Маладзечанскага райспажыўсаюза, інструктара аддзела гандлю і бытавога абслугоўвання Мінскага аблвыканкама, інструктара сацыяльна-эканамічнага аддзела Мінскага абкома КПБ, загадчыка аддзела рыначных тавараў, каардынацыі гандлю і бытавога абслугоўвання Мінскага аблвыканкама; казначэя Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. На працягу чатырох гадоў працаваў у прыватных камерцыйных структурах.
 
З 2003 года - намеснік міністра гандлю Беларусі.
 
У лютым 2004 года быў прызначаны першым намеснікам міністра гандлю; у чэрвені 2005 года - міністрам гандлю.
 
9 студзеня 2009 года ўказам А.Лукашэнкі новым міністрам гандлю прызначаны Валянцін Чаканаў. 10 студзеня новы міністр быў прадстаўлены калектыву міністэрства.
 
Пакуль Аляксандр Іванкоў па-ранейшаму ўзначальвае Беларускую федэрацыю каноэ.
-10%
-21%
-20%
-10%
-10%
-20%
-50%
-50%