Ігнат ЧАКАЦКІ,

Падчас аналізу фактараў кволасці пратэстных настрояў у Беларусі многія аналітыкі кажуць пра “сацыяльны кантракт” паміж уладай і грамадствам.

Негатыўныя наступствы фінансавага крызісу, які пацягнуў за сабой абясцэньванне нацыянальнай валюты і рост коштаў, даюць падставу зрабіць выснову наконт таго, што ўлады распачалі сур’ёзны перагляд гэтага самага “сацыяльнага кантракту”. А першыя зандажныя крокі ў гэтым кірунку былі зробленыя год таму, калі былі скасаваныя многія льготы.

Напачатку крыху паліталагічнай тэорыі наконт таго, як звычайна трактуецца паняцце “сацыяльнага кантракту” ў беларускіх экспертных колах. Вось што піша ў часопісе “Архэ” аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Кірыла Гайдук.

“Сацыяльны кантракт”, - кажа ён. - уключае ў сябе не толькі забавязанне ўладаў падтрымліваць пастаянны рост даходаў насельніцтва, але і пэўныя “маральныя аспекты”, якія вызначаюць актуальныя паводзіны і чаканні бакоў. Характар кантракту з цягам часу змяніўся па меры пераходу ад харызматычнай да рацыянальнай падтрымкі палітычнага рэжыму. Такі пераход быў абумоўлены тым, што ўлада перыядычна задавальняе пэўныя чаканні насельніцтва, таму праўдападобнымі выглядаюць меркаванні, што аўтарытарная палітыка рэжыму грунтуецца не толькі на прымусе, але і на згодзе”.

“Сацыяльны кантракт” акрэсліваецца “як існуючыя агульнапрынятыя сацыяльныя практыкі і нормы, якіх бакі (дзяржава і асноўныя сацыяльныя групы) свядома прытрымліваюцца дзеля захавання сацыяльнай і палітычнай стабільнасці. Гэты кантракт не ёсць нязменным, але можа быць перагледжаны толькі са згоды бакоў, хоць размеркаванне ўлады паміж імі не з’яўляецца раўнамерным”.

Па сутнасці, логіка "сацыяльных кантрактаў" - гэта мікраэканамічная логіка, даводзіць эксперт: “Іх выкананне грунтуецца на прызнанні галоўнымі сацыяльнымі групамі інтарэсаў дзяржавы і наадварот. Такое прызнанне можа быць акрэслена як "лаяльнасць". Яе таксама можна вызначыць як пазбяганне адкрытых пратэстаў, чаму апошнім часам, магчыма, спадарожнічае пераход ад харызматычнай да рацыянальнай падтрымкі рэжыму. Аднак лаяльнасць не можа заваёўвацца пры дапамозе прымусу, паколькі на ўжыванне апошняга існуе пэўны ліміт. Замест гэтага патрабуецца такая палітыка (напрыклад, забеспячэнне пэўных ільгот або стымуляцыя росту заработнай платы і пенсій), якая б забяспечыла грамадскую згоду і такім чынам дазволіла ўстанавіць кантроль над праявамі "голасу", ці пратэсту ў яго разнастайных формах. У той жа час застаецца прастора для альтэрнатыўных дзеянняў, або клапан для выпускання нездаволенасці ў выпадку нелаяльнасці. Найбольш тыповы прыклад такой прасторы — недзяржаўны сектар, у прыватнасці часовая працоўная міграцыя. Гэты клапан можа быць ахарактарызаваны як "сыход", які аслабляе маштабы "голасу".

Кірыла Гайдук заўважае, што шэраг істотных прымет, характэрных для “сацыяльнага кантракту” ў Беларусі, утрымліваюцца ў "кантрактнай сістэме найму" (пад якой у Беларусі маецца на ўвазе пашырэнне тэрміновых працоўных дагавораў замест звычайных бестэрміновых): “Так, маюць месца а) моцная залежнасць ад волі працадаўца (дзяржавы), якая стварае б) пачуццё няўпэўненасці ў заўтрашнім дні; в) аператыўнае ўжыванне санкцый у выпадку нелаяльнасці (пагроза звальнення ці само звальненне) і г) узнагароджання за лаяльнасць (прэміі, захаванне працоўнага месца). Хоць гэта вельмі спрошчаная і фрагментарная карціна, але яна здольная праілюстраваць агульную абстаноўку”.
“Выглядае, што працэс перагляду “сацыяльнага кантракту” сапраўды пачаўся са скасавання льготаў. Тады многіх назіральнікаў здзіўляла, чаму дзяржава ідзе на такую безумоўна балючую і непапулярную меру пры параўнальна невялікім фінансавым выйгрышы ў некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў. То бок, тая мера мела не столькі эканамічны, колькі ідэалагічны характар”, - такую думку ў інтэрв’ю “Мы” выказаў палітолаг Юрый Дракахруст.

Справа ў тым, кажа аналітык, што “сацыяльны кантракт” узору пачатку стагоддзя накладаў на дзяржаву даволі вялікія абавязкі: стабільны курс рубля, няспынны рост даходаў, захаванне сістэмы сацыяльнага забеспячэння савецкага ўзроўню, адносна невялікі ўзровень беспрацоўя - усё гэта можна было забяспечваць пры выключна спрыяльных эканамічных абставінах: “Пэўны час такімі яны і былі. А потым змяніліся. Ці, дакладней, стала зразумела, што ў бліжэйшыя гады зменяцца такім чынам, што выкананне ўсяго пакету абавязкаў дзяржаўнага боку стане немагчымым”.

Іншым матывам, які падштурхоўваў да перагляду кантракту, стала, са словаў Юрыя Дракахруста, змена пакаленняў ва ўладнай эліце краіны: “Новыя людзі не абавязкова лепшыя, але гэта ўжо пастсавецкія, а не савецкія людзі. Усе ж ранейшы “сацыяльны кантракт” з яго моцным механізмам выраўноўвання даходаў і кантролю за імі быў не надта да спадобы “маладым ваўкам”, якія з зайздрасцю глядзелі на тое, як жывуць іх украінскія і расійскія калегі”.

А яшчэ верагодна таксама, “што пастсавецкім прагматыкам сталі больш відавочнымі магчымасці для краіны ў цэлым, страчаныя ў выніку выканання кантракту: шматгадовы шматмільярдны расійскі нафтагазавы “грант” пайшоў не на мадэрнізацыю эканомікі, а на выкананне тых самых абавязкаў па кантракце. Але, як той казаў, “страўнік дабра не памятае”: абавязкі, выкананыя калісьці, спараджалі не столькі ўдзячнасць, колькі няяўнае чаканне, што яны будуць выконвацца і надалей, што звужала калідор магчымасцяў для ўлады. Ідэалагічная парадыгма ўлады рабіла гэтае чаканне яшчэ больш абгрунтаваным”.

Хто будзе бенефіцыярамі новага, больш лёгкага для ўлады “сацыяльнага кантракту”, абрысы якога ўзнікаюць на нашых вачах?

“Калі казаць пра сацыяльныя групы, то гэта - рабочыя буйных, найперш экспартнаарыентаваных прадпрыемстваў, а таксама сярэдні клас. Першыя атрымаюць дзяржаўную падтрымку і высокія заробкі, другія - абяцаную лібералізацыю. Астатнім, папросту кажучы, бедным, перагляд “сацыяльнага кантракту” будуць тлумачыць сусветным крызісам, надыходам “благіх гадоў” ва ўсім свеце”, - лічыць палітолаг.

Пакуль апазіцыя, якая шмат казала пра тое, што займее шанцы ў барацьбе за ўладу з надыходам эканамічных праблемаў у краіне, сітуацыю гэткім чынам не эксплуатуе, перабываючы ў некаторай прастрацыі ад зменаў, на якія пайшлі ўлады. Цяпер, як нам здаецца, дэмсілы занятыя не камунікацыямі з насельніцтвам у новых умовах, а ў асноўным змаганнем за крэслы хаця б каля стала перамоваў паміж Захадам і ўладамі і кааліцыйнымі перафарматаваннямі на перспектыву прэзідэнцкіх выбараў.

Юрый Дракахруст лічыць, што перапісванне “сацыяльнага кантракту” адкрывае для апазіцыі пэўнае поле дзейнасці, але, магчыма, зусім не тое, на якое яна спадзявалася: “Перазаключэнне кантракту і ягоныя наступствы спародзяць даволі вялікія групы незадаволеных. І незадавальненне іх будзе грунтавацца не на ідэйным, а на матэрыяльным падмурку. У пэўным сэнсе ўлада апынецца закладнікам сваёй шматгадовай прапаганды: незадавальненне гэтых людзей будзе асабліва горкім і злосным не толькі ад таго, што іх дабрабыт пагоршыцца, але і ад таго, што яны будуць лічыць гэтае пагаршэнне гранічна несправядлівым. Апазіцыя атрымае шанец нарэшце стаць выразнікам, прадстаўніком не ідэалаў, а інтарэсаў - інтарэсаў дастаткова шырокіх масаў сваіх суграмадзянаў. Гэта ў пэўнай ступені можа стаць і выхадам з замкнёнага кола: мэта - барацьба за ўладу, ва ўмовах дыктатарскага рэжыму яе дасягнуць немагчыма, дык і што ж тады рабіць? Мэтай апазіцыі можа стаць адстойванне матэрыяльных інтарэсаў тых групаў насельніцтва, выразнікам якіх яна можа паспрабаваць стаць. Нават не маючы месца ў сістэме, апазіцыя можа нарасціць мускулы, бо шум, які яна ўсё ж здольная рабіць, будзе шумам не наконт лепшай пабудовы Беларусі, а наконт канкрэтнай долі нацыянальнага “пірагу”, якую яна будзе патрабаваць для тых, чые інтарэсы прадстаўляе”.

То бок, пэўныя змены мусяць адбыцца ў складзе электарату як Лукашэнкі, гэтак і апазіцыі. Але што да дэмсілаў, то іх задача, на нашую думку, абцяжарваецца якраз ідэйнымі момантамі. Рэформы, на якія нарэшце нібыта пайшлі ўлады, апазіцыя можа крытыкаваць за нюансіроўкі, а не прынцыпова. Нават лібералізаваны Лукашэнка - бадай, самы левы палітык у краіне. Электаральны плён можа прынесці хіба што акцэнтаванне на такіх каштоўнасцях, як нехлуслівасць, справядлівасць і празрыстасць.
-10%
-20%
-20%
-40%
-30%
-30%
-20%
-35%
-10%
-30%