
Сойм Партыі БНФ меў на мэце абмеркаваць пытанні падрыхтоўкі да наступных парламенцкіх выбараў, а таксама разгледзець дзейнасць камісіі партыйнага кантролю. Трэцім жа пунктам, паводле словаў старшыні партыі Лявона Баршчэўскага, значылася “рознае”.
Пасля вырашэння тэхнічных пытанняў, звязаных з вылучэннем кандыдатаў ад партыі і абрання ў склад камісіі партыйнага кантролю яшчэ двух членаў, старшыня Лявон Баршчэўскі абвясціў, што мае намер зрабіць штомесячную справаздачу.
— Паколькі ў маёй справаздачы могуць гучаць ацэнкі пэўным асобам не зусім станоўчага характару, я б хацеў, каб у залі засталіся толькі прадстаўнікі Сойму, - заявіў ён.
— Ці могуць застацца журналісты? - перапытаў сакратар управы Уладзімір Лабковіч.
— Толькі, калі яны члены партыі, - абвясціў старшыня.
— Спадарыня Зелянкова, папрашу вас выйсці, калі ласка, - звярнуўся выключна да мяне Лабковіч.
Усцешаная такой увагай да сваёй асобы, я без усялякіх пярэчанняў пакінула пасяджэнне.
Як потым высветлілася, за час маёй адсутнасці было пастаўлена пытанне пра выключэнне з партыі намесніка старшыні Алеся Міхалевіча. Адной з прычын стала інтэрв’ю Міхалевіча, дадзенае “Салідарнасці”.
Галасаванне праходзіла таемна. З 47 членаў Сойму, што прынялі ўдзел у галасаванні, 24 выказаліся за выключэнне Міхалевіча.
Трэба заўважыць: напярэдадні пасяджэння нават сам Міхалевіч не ведаў пра тое, што будзе ставіцца пытанне пра ягонае выключэнне. Ніхто з прысутных таксама не мог сказаць, ці збіралася камісія партыйнага кантролю, на вывучэнне якой было аддадзена ўзгаданае інтэрв’ю.
Нагадаем, што пасля дадзенай публікацыі старшыня Лявон Баршчэўскі абяцаў на з’ездзе, які адбудзецца ў жніуні, паставіць ультыматум: “Альбо ў партыі застанецца Міхалевіч альбо я”. Але не дачакаў, а мо вырашыў, што гэтае рашэнне болей шансаў правесці праз Сойм.
Пасля пасяджэння Сойму Лявон Баршчэўскі даў інтэрв’ю “Салідарнасці”, дзе расказаў, за што Міхалевіча выключылі з партыі, чаму ён шкадуе, і навошта выдаліў мяне з залі.
— Дык што стала фармальнай прычынай выключэння Міхалевіча?
— Фактычна Міхалевіч ствараў групоўку ўнутры партыі. Калі ў сацыял-дэмакратаў дазволена фракцыйная дзейнасць, то нашымі дакументамі гэта забаронена. Але чашу цярпення перапоўніла тое, што Міхалевіч абразліва выказаўся ў СМІ пра некаторых кіраўнікоў партыі, у тым ліку і старых. Ён да таго ж разаслаў свой бюлетэнь па сябрах фронту - я таксама атрымаў яго у канверце. Міхалевіч мае права выдаваць такі бюлетэнь, але тое, што ён там напісаў, абразіла многіх. Яго б не выгналі з партыі, калі б не гэтыя ўчынкі.
- Калі падставай сталі абразлівыя выказванні, ці не збіраецеся вы ставіць пытанне пра выключэнне спадара Юрыя Хадыкі, які на адным з нядаўніх пасяджэнняў Сойма назваў Юрася Губарэвіча “прыблудай”?
— Я не буду гэта каментаваць. Узаемныя эмацыйныя выказванні былі і з аднаго і з другога боку. Як гэта будзе разгортвацца, паглядзім. У нас наперадзе з’езд. І, напэўна, там узнікнуць нейкія арганізацыйныя пытанні. Мы будзем у любым выпадку абнаўляць камісію.
- А як атрымалася, што да нядаўняга часу нават невядома было пра пасяджэнне камісіі партыйнага кантролю па пытанні Міхалевіча?
— Я яшчэ месяц таму ў прысутнасці Міхалевіча перадаў на аналіз камісіі вашае інтэрв’ю і выдадзены ім бюлетэнь. Камісія не разглядала, добры чалавек Міхалевіч ці не, - яна разглядала, ці парушыў ён нашыя палажэнні. Я ведаў, што пасяджэнне камісіі адбылося, але ў пісьмовым выглядзе атрымаў іх рашэнне толькі сёння.
— Як вы бачаце далейшую працу з Міхалевічам?
— Ён чалавек малады. Я думаю, што ён зробіць высновы, і яму можна будзе вярнуцца ў партыю. Нават у сойме ў нас ёсць чалавек, якога выключалі з партыі на тры гады.
Так што, калі Міхалевіч навучыцца камандна працаваць, рабіць унёсак у агульную справу, для яго дарога не закрыта. Тым больш ён застаецца намеснікам старшыні грамадскага аб’яднання “БНФ. Адраджэнне”, таму мае магчымасць працаваць на Сядзібе, займацца любымі праектамі. У яго гэтае права ніхто не адбіраў.
Я абсалютна шкадую. Шкадую. Але інтарэсы канкрэтнай працы патрабавалі, каб я гэтае пытанне паставіў.
— Чым мая прысутнасць на пасяджэнні магла перашкодзіць?
— Менавіта, каб не парушыць Палажэнне аб партыйнай этыцы. Мы не маем права ў прысутнасці несяброў партыі крытыкаваць сяброў партыі. Тое палажэнне, якое парушыў Міхалевіч.
— Але ж пасяджэнне не было закрытым
— Лічыце, што на гэты момант мы зрабілі яго закрытым.
Сам цяпер ужо былы намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч ад каментароў устрымаўся, аднак паабяцаў у бліжэйшы час даць інтэрв’ю “Салідарнасці” і выказаць сваё бачанне сітуацыі.