Ася Паплаўская,

Ася Паплаўская. Журналіст
Ася Паплаўская. Журналіст
“Беларуская літаратура падзеленая на зоны!”, “Пісьменнікі перасвараныя паміж сабой!”, “Калі вы зразумееце, што вам няма чаго дзяліць і будзеце працаваць на карысць сваёй літаратуры, забыўшыся на вялікае і тоўстае “Я!”?” Такія “вечныя” пытанні чуеш, калі апынаешся ў любым з літаратурных асяродкаў, калі пераходзіш па тэгу “літаратура” на TUT.BY, калі чытаеш блогі літаратараў.

Хто іх задае? Найчасцей - тыя, хто і разрывае (наўмысна альбо не) прастору сучаснай беларуска літаратуры. Падзелаў шмат. Беларускамоўныя і рускамоўныя, “правільныя” і “няправільныя”, сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў і чыргінцоўскага саюза, ПЭН-цэнтраўскія і астатнія, тусоўка Вішнёва, кампаніі іншых “цыганскіх баронаў”… Калі далучыць літаратараў з рэгіёнаў, якія, як правіла, не хаўрусуюцца са сталічнымі “заможнымі” пісьменнікамі (не хочуць? Альбо хочуць ды не прымаюць?), атрымаецца вельмі стракаты кілім, які распадаецца, рассыпаецца, развальваецца.
 
Па-сапраўднаму вольных літаратараў, якія самі па сабе, не імкнуцца ў саюзы ды тусоўкі – адзінкі. Як правіла, гэта самадастатковыя, задаволеныя жыццём ды самімі сабой людзі, якім для самасцвярджэння ня трэба быць з кімсьці. Праўда, дзеля справядлівасці, трэба адзначыць, што і ў хаўрусах ёсць вельмі прыстойны людзі, якія прынамсі не падстаўляюць падножак “ворагам” з іншага асяродку. Для іх прыналежнасць да нейкай кампаніі – хутчэй патрэба быць са сваімі па духу, бо гэта – важна, неабходна. Але іх не так і шмат…
 
Усе астатнія нешта дзеляць. Усім нечага не стае. Адным – грошай, другім – увагі, трэцім – лаўраў і славы, чацвёртыя прымыкаюць, каб быць “у тэме”, а не на ўскрайку літаратурнага жыцця, пятыя прымазваюцца, каб “тусовачка” калі што іх абараніла ды дружна зацкавала крыўдзіцеля.
 
Дарэчы, накідвацца гурбой, мэтанакіравана цкаваць і пляжыць “чужога” – любімая забаўка пісьменнікаў. Большасць “літаратурных” дыскусій, якія з’яўляюцца на старонках газет і часопісаў, у блогах ды ў каментарах да артыкулаў, зусім нелітаратурныя ды неэстэтычныя. Наконт таго, што мы не ўмеем (не хочам?) палемізаваць прыгожа, вытанчана, з густам – гэта асобная сур’ёная тэма. Калі адзін пісьменнік з “тусоўкай” за плячыма нязгодны з меркаваннем літаратара з іншага асяродку – гэта не проста сценка на сценку, гэта вайна, на якой усе сродкі добрыя. Пра прадмет спрэчкі апаненты забываюць недзе на дваццатым каментары, а часцей – розум і якая-ніякая аргументавансць пакідае прадстаўнікоў “прыгожага пісьменства” значна раней. Далей – па прывычным сцэнары: “ты дурань” – “сам такі”. І гэта – самае бяскрыўднае з таго, што выкарыстоўваюць за “зброю праўды” людзі ад літаратуры…
 
Таму не дзіва, што сучасная беларуская літаратура ўспрымаецца як нешта вельмі несімпатычнае, скандальна-пафаснае, брудненькае і дробнае. У беларуса, які вельмі апасродкавана ведае пра падзеі, што адбываюцца ў нашай літаратуры, складваецца прыкладна наступнае ўражанне. З аднаго боку, гэта “нецікава-школьныя” класікі, а з іншага – скандалы паміж нейкімі там людзьмі, якія называюць сябе пісьменнікамі. Каму захочацца чытаць кнігі чалавека, які публічна пасылае свайго апанента “на” і вылівае на яго вядро памыяў?.. Немагчыма запэцкаць іншага і застацца чыстым самому.
Людзі збоку глядзяць на такія сваркі-спрэчкі як на вясёлыя міжсабойчыкі. Я ведаю тых, хто падчас літаратуных “мачылаваў” закупаюцца папкорнам (у прамым сэнсе!) і сядаюць пазручней перад маніторамі, прыгаворваючы: “Так яму, так! Мачы яго! Давай выцягвай ягоную брудную бялізну! Ага, так, кульна!” Рэаліці-шоў ні ў якае параўнанне не ідуць з “лядовымі пабоішчамі” нашых пісьменнікаў.
 
Калі назіраеш за працэсамі гніення нашай літаратуры знутры, а пасля адыходзіш на нейкі час у бок, мяняючы сферу дзейнасці, скандалы літаратараў усё адно даганяюць цябе. І ты ідзеш па папкорн. Бо некаторыя нашыя асабліва актыўныя літаратары лепей, чым самыя дарагія клоўны. Вось толькі смех атрымліваецца не радасным.
 
Наагул, калі глядзіш на падобныя беларускія сваркі, думаеш: ШТО можа вас усіх, па-асобку адэкватных, мілых і файных людзей, аб’яднаць? Чаму літаратары, кожны індывідуальны і непаўторны сам па сабе, збіраючыся ў групоўкі, якія няспынна драбняцца і перасварваюцца, становяцца такімі хамаватымі, грубымі і часта наагул губляюць чалавечае аблічча?.. Дзе тая вытанчанасць і ўзнёсласць, з якой яны выступаюць перад чытачамі?
Што можа прымірыць нашых пісьменнікаў, якім, па вялікім рахунку, няма чаго дзяліць? Я пакутліва шукаю адказ. І не магу знайсці. Часам вельмі хочацца падысці да прадстаўнікоў розных берагоў (якія робяць адну справу, але па-рознаму), узяць іхнія мезенцы і сказаць: “Мір, сяброўства, жуйка!” Але нешта мяне стрымлівае… Мабыць, я проста не хачу раздуць чарговы скандал.
-51%
-16%
-50%
-5%
-20%
-13%
-50%
-55%
-10%
-20%