Тэкст і фота: Алесь Дубовік

На поўначы Гродзенскай вобласці знаходзяцца такія маляўнічыя мясціны ў складзе трох раёнаў – Смаргонскага, Ашмянскага і Астравецкага, ад наведвання якіх пачынаеш ганарыцца за сваю краіну. Аказваецца, і ў нас ёсць помнікі гісторыі і культуры, не менш прывабныя за заходнееўрапейскія. А гарады – дзякуючы мясцовым уладам, падобны на кветкі. Камяніцы ззяюць новымі фарбамі, падстрыжаны газоны і высаджаны кветкі, чыста і светла на вуліцах.

Мястэчка Смаргонь вядома з ХVI ст., з’яўлялася рэзідэнцыяў князёў Зяновічаў. У 1503 годзе Юры Зяновіч выдаткаваў сродкі на будаўніцтва парафіяльнага касцёла з плябанню і зямельным надзелам. У выглядзе невялікай драўлянай капліцы ён праіснаваў да 1866 года, калі згарэў і больш не аднаўляўся. З другім прадстаўніком роду Зяновічаў звязваюць будаўніцтва ў 1555 годзе кальвінскага збора. Другой святыні пашанцавала больш і цяпер там размяшчаецца касцёл св. Міхаіла Арханёла. Дарэчы, пад самім храмам знаходзіцца радавы склеп сям’і Зяновічаў.

Касцёл св. Міхаіла Арханёла (былы Кальвінскі збор) 1553-1555 гг.

Касцёл св. Міхаіла Арханёла

У 1590 годзе Мікалай Багуслаў (Крыштоф) Зяновіч заснаваў у Смаргоні папяровую мануфактуру, якая вырабляла паперу для Віленскіх друкарняў. На лістах прастаўляўся вадзяны знак у выглядзе герба рода Зяновічаў – “Дэспат”.

Пры Зяновічах Смаргонь была невялікім мястэчкам, якое прымыкала к княскай рэзідэнцыі – Смаргонскаму двару. У 1628 годзе Ганна Соф’я Зяновіч выйшла замуж за Альбрэхта Уладзіслава Радзівіла і Смаргонь амаль на 170 год перайшла ва ўладанні гэтага рода. Пры Радзівілах тут у ХVII ст. заснавана школа дрэсіроўкі мядзведзяў – “Смаргонская акадэмія”. Асаблівую вядомасць яна набыла пры Каралі Станіславе Радзівіле па мянушцы “Пане Каханку”. “Акадэмія” праіснавала да канца ХVII ст., а па іншым крыніцам – да пачатку ХIХ ст.

Умацаванае паселішча, якое стала асновай Ашмян, узнікла ў пачатку ХI ст., але ў дакументах Ашмяны згадваюцца значна пазней. Незадоўга да смерці князь Гедымін (памёр у 1341 годзе) пакінуў Ашмяны малодшаму сыну Яўнуту. З 1382 года - ва ўладанні Ягайлы. Статус горада Ашмяны атрымалі дзякуючы Вітаўту пасля бітвы з татарамі ў 1399 годзе на рацэ Ворскле. У 1413 годзе горад стаў адным з самых вядомых гандлёвых цэнтраў у межах Віленскага княства. У ХVI ст. Ашмяны атрымалі Магдэбургскае права, а ў 1792 годзе згодна з прывілеем караля Станіслава Аўгуста Панітоўскага і свой герб.

Панарама Ашмян

У 1505 годзе ў Ашмянах з’явіліся манахі-францысканцы. Рэшткі мураванага касцёла, збудаванага імі ў 1822 годзе, зберагліся:

Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі (францысканскі), 1822 год.



Сярод помнікаў архітэктуры: дзеючыя касцёл св. Міхаіла Арханёла (1900-1910 гады) і царква Уваскрэшання Хрыстова (1875 год). У добрым стане сінагога 1912 года, захаваліся роспісы на сценах. У цэнтры горада шмат камяніц канца ХIХ - пач. ХХ стст. Будынкі карчмы і вадзянога млына канца ХIХ ст. на рацэ Ашмянка прыстасаваны пад кавярні.

Царква Ўваскрашэння Хрыстова, 1875 год

Касцёл св. Міхаіла Арханёла, 1900-1910 гады

Гістарычная забудова Ашмян (камяніцы канца ХIХ - пач. ХХ стст.)

Музей ім. Францішка Багушэвіча

Вадзяны млын канца ХIХ ст.

Упершыню Астравец згадваецца ў дакуменце, у якім уладальнік Геранёнаў Юры Гаштольд у 1468 годзе вызначыў касцёлу Найсвяцейшай Панны Марыі і Ўсіх Святых фундуш у дзве меры мёду са свайго маёнтка штогод. У 1542 годзе пасля смерці Станіслава Гаштольда Астравец перайшоў ва ўладанне да караля Жыгімонта I Старога, які перадаў яго сыну Жыгімонту II Аўгусту. 1600 год – маёнтак Аставец с прыналежнымі яму фальваркамі і вёскамі на 185 год становіцца ўласнасцю аднаго з найстарэйшых родаў Вялікага Княства Літоўскага – Корсакаў. У 1616 годзе Ян Корсак зрабіў фундушавы запіс на будаўніцтва ў Астраўцы дамініканскага кляштара і касцёла Св. Космы і Даміяна. У 1785 годзе касцёл перабудаваны ў стылі класіцызм, у такім выглядзе і захаваўся да нашых дзён.

Касцёл св. Космы і Даміяна 1785 г.

Касцёл Адшукання св. Крыжа, 1910-1911 гады

У 2008 годзе ў цэнтры Астраўца з’явіліся незвычайныя каменныя скульптуры. Паспрабуйце іх знайсці!





Але не ўсё сканцэнтравана ў саміх раённых цэнтрах. Не менш велічныя помнікі архітэктуры знаходзяцца ў навакольных вёсках. І вось толькі некаторыя з іх.

Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах, 1926-1934 гады

Касцёл св. Юр’я ў Варнянах з плябаніяй (злева) і аптэкай (справа), 1767-1769 гады

Касцёл св. Тройцы ў Гервятах, 1903 год, і сад





P.S. Ахапіць усё за адзін раз немагчамы. Таму тут толькі тое, што ўдалося ўбачыць па дарозе. Дзякую, што знайшлі час прачытаць гэтыя радкі. Спадзяюся, фотаздымкі вам спадабаліся.

***
Дарагія чытачы, прымайце ўдзел у праекце "Народныя 100 дорог"! Кожнаму з вас ёсць што расказаць пра сваю малую радзіму! Толькі вы здольныя патлумачыць, чаму менавіта гэта месца - самае прыгожае і важнае для вас у нашай краіне. Дасылайце нам свае тэкставыя, фота-, аўдыё- і відэаматэрыялы на адрас media@tutby.com з пазнакай "Народныя 100 дорог"! Мы апублікуем іх і дадамо вашу гісторыю ў наш інтэрактыўны атлас Беларусі.
-10%
-10%
-10%
-50%
-50%
-10%