Коронавирус
Выборы-2020
Отдых в Беларуси


Сябры, прапаноўваем вам пакінуць свае справы на пару хвілінак і ў рамках праекта "Фотаадпачынак" далучыцца да вандроўкі на Балтыйскае мора разам з нашай чытачкай Дашай Ліс.

Тэкст і фота: Даша Ліс
 
Усё мінулае лета было спякотным, хатне-працоўным. Крыху анамальным, крыху віртуальным. Не маім. І вось – рэальнае падарожжа напрыканцы сонечнага сезону. Польшча. Гданьск – Сопат – Гдыня. Троймяста. Транзітам па версе польскай карты. Прыгажэнныя азёры і Грунвальдскае поле засталіся ззаду і нарэшце… Прывітанне, польская Балтыка! Ура, мы сустрэліся, я так цябе чакала!

 
Збіраючыся ў чарговае падарожжа, я ў галаве пракладаю маршруты да мора… Інакш – навошта?! Беларусь – цудоўная краіна, але нам катастрафічна не хапае выйсця да марской прасторы і свежага паветра з прысмакам солі на вуснах. Да таго ж некаторым авантурысткам жудасна не хапае мора. Яны могуць з гэтым жыць, могуць… Але дрэнна атрымліваецца. Дрэнна.
 
Збіраючыся ў чарговае падарожжа, я ў галаве пракладаю безбар'ерныя маршруты да мора. Інакш – як?! Перамяшчаючыся ў прасторы з дапамогай інваліднай каляскі і адзінага мужчыны, які носіць цябе на руках з 35 кг усіх тваіх вар’яцінак незалежна ад настрою, вашых спрэчак і надвор’я, пажадана прадумваць безбар’ерныя маршруты. Татку шкада, а то б я і ў горы рванула.
 
Польшча – краіна еўрапейская, асаблівых цяжкасцей не было… Вырашылі жыць менавіта ў Гданьску па прычыне ўдала знойдзенага жытла і запланаванай сустрэчы з цікавым чалавекам, з якім мы размінуліся ў чарговы раз… Вось так… Ром, мож, іншым разам?
 
1500 км у абодва бакі - падумаеш! Турысты-авантурысты… Адным цёплым жнівеньскім днём выехалі з дому ў накірунку Беластока. Пабачыцца з калегамі з Радыё Рацыя і атрымаць ганарары – гэта ж заўжды дарэчы! Паколькі прыехалі раней, чым разлічвалі, а ўсе пытанні вырашылі пазітыўна-аператыўна, то адразу ж рванулі ў Гданьск. Яшчэ 400 км. Рванулі. Прыехалі. Хоць і не адразу, але знайшлі нашу вілу “Эла”, дзе я па інэту замовіла нумар. Гаспадары-пенсіянеры (вельмі таварыскія і гасцінныя!) частку свайго агромістага дома скарыстоўваюць як гатэль, што дазваляе мець прыбытак і ўтрымліваць дом халоднай зімой, калі кошты на газ дасягаюць 2000 даляраў за месяц.
 
Размясціліся, заснулі, кааайф… Наступным ранкам пасля смачнага сняданка і гарачай кавы нас чакала мора. Летняя гарачыня дарма не прайшла: Балтыка была цёплай, здзіўляючы нават месцічаў!





У першы ж дзень па дарозе на пляж мы сустрэлі вуліцу Янкі Купалы (літаральна па суседству з нашым жытлом!) і помнік-валун класіку.


Мы жылі побач з вуліцай Янкі Купалы.


Помнік-валун Янку Купалу.


Першы дзень быў спякотны, але спёка не адчувалася: Гданьск надзіва зялёны, тут шмат малых і вялікіх паркаў, рэк, ставоў… Палякі малайцы: змаглі ўсё гэта захаваць і добраўпарадкаваць, а можна было б таксама спілаваць усе старыя дрэвы, рачулкі схаваць пад асфальтам… Навошта яны, калі мора ёсць?! Некаторыя грамадзяне некаторых немарскіх дзяржаў ажыццявілі сей праект без згрызотаў сумлення.


Проста прыгожы дамок у Гданьску.
 
Варта зазначыць, тратуары ў Гданьску падчас паршывыя, яшчэ “савецкія”, але паўсюль маюцца з’езды для каляскі. Шмат сабачнікаў і веласіпедыстаў. Калясачнікі таксама сустракаліся.

За 10 няпоўных дзён у Гданьску было шмат харошых рэчаў… Быў бар на пляжы, блізка-блізка да салёных хваляў, піва, марозіва, кава… Была рэгата ў Сопаце, “Крывы дамок”, з якім немагчыма было сфоткацца з-за вялікай колькасці народу на вуліцы Герояў Монтэ-Касіна, і званочкі ў калекцыю, забытыя тамсама…


Сопат. Рэгата



Была Гдыня, порт і маякі… І Старое Места падчас кірмашу св. Дамініка…


Вуліцы Гдыні.


Не турыстычная вуліца.

 

Старое места. Мастакі.

Але найбольш мне спадабаўся вечаровы Аліўскі парк. І Моцарт.


Аліўскі парк.


Ноты.



Тут шмат цікаўных дзетак.


Сталая жыхарка Аліўскага парка, што зусім не баіцца турыстаў.
 
Вы любіце класічную музыку? Вось я думала, што – не, але фестываль “Мацарціяна” ў Гданьску мяне пераканаў, што люблю… Таму што Моцарт можа быць розным – сур’ёзным і не вельмі… І сучасным – у джазавых варыяцыях.
 
Вечар. Дождж. Агеньчыкі вялікага горада. Мінакі спяшаюцца кудысьці… І ты “ідзеш” у незнаёмым горадзе ва ўжо знаёмы прыгожы парк. Да Палаца абатаў. І раптам схаладала, штарміць… І – навошта? Лепш пасядзець ва ўтульнай кавярні… Прыходзіш. І забываешся пра ўсё: свае праблемы-жарсці-спрэчкі. Супярэчнасці. Што холад і дождж. Што нельга гуляць пад дажджом на электракалясцы. Стаіш пад старым агромністым каштанам. Утульна. Утульна слухаць музыку старэчы Моцарта. А побач стаіць хлопец у джынсах ды акулярах і дырыжыруе ў такт… І не першы раз ён слухае гэты твор у адрозненне ад цябе! І прымружвае вейкі ад задавальнення. Факт. Хораша… І заўтра, і паслязаўтра ты зноўку ідзеш сюды, на “Мацарціяну”. І ўжо не адчуваеш сябе чужынкай сярод меламанаў розных узростаў. І горад гэты ўжо трошкі твой.


Моцарт і дождж.


"Мацарціяна".


Аліўскі парк. Вечар "Мацэрціяна".

Сябры, на працягу года многія з вас вандруюць па свеце. У вас ёсць цікавыя фотаздымкі з адпачынку і жаданне расказаць пра любімае месца наведвальнікам TUT.BY? З нецярпеннем чакаем вашы гісторыі с фотаздачай на адрас: media@tutby.com з пазнакай "Фотаадпачынак"!
-10%
-10%
-25%
-20%
-25%
-10%
-5%
-20%
-30%
-21%
-10%