Сябры, у рамках праекта "Фотаадпачынак" мы рады запрасіць вас у віртуальную вандроўку па Заходняй Украіне разам з нашым чытачом Аляксеем Дрыкам.

Тэкст і фота: Аляксей Дрык

Увесну (канец траўня) мы пабывалі ў Заходняй Украіне. Усё вельмі прыгожа і цікава. А зараз падрабязней…

Наш пуць складаў каля 2 600 кіламетраў. Мінск – Мяжа праз Іванава – Камянец Падольскі – Хоцінская крэпасць з вежамі – Чарнаўцы – пуць праз Карпаты на поўдзень бліжэй да мяжы з Румыніяй – гара Гаверла – Івана-Франкоўск – Мукачоўскі замак “Паланок” – Вужгарад – Львоў – Мінск.

У 6 гадзін ранку мы былі на мяжы. Яшчэ праз 10 гадзін ужо спыніліся ў старажытным месцы Камянец-Падольскі (Хмяльніцкая вобласць).



Горад змяшчаецца ў цэнтры Волына-Падольскага ўзвышша. Праз яго цячэ рака Смотрыч, ствараючы скалістым каньёнам свайго рэчышча амега-вобразную завесу.




На тэрыторыі “гарадскога паўвострава” размешчаны Стары горад - старажытны гісторыка-культурны комплекс. Стары горад складаецца са старадаўніх архітэктурных пабудоў, якія адлюстроўваюць культуры народаў, што пражывалі тут у розны час.





Наступнай мэтай нашай вандроўкі быў Хоцін (Хоцінская крэпасць).



Хоцін вядомы з Х ст. У X—XI ст. ён быў у складзе Кіеўскай Русі, у ХІІ ст. – Галіцкага, з 1199 Галіцка-Валынскага княства. З XIV ст. Хоцін у розны час знаходзіўся пад уладаю Малдовы, Генуі, Турэччыны ды Польшчы.



Самае цікавае ў Хоціне гэта стражытная крэпасць над Днестрам! Яна варта таго, каб убачыць!



Пабудову каменных умацаванняў Хоціна прынята звязваць з Галіцка-Валынскім княствам і з імем Данілы Галіцкага. Пры кожных новых заваёвах аблічча замку крыху змянялася...



Пры гасподстве туркаў на тэрыторыі новай крэпасці будуюцца жаўнерні, склады, мячэць.

Пасля агляду гэтага месца намі кіравала жаданне хутчэй пабачыць гістарычны цэнтр Букавіны – горад Чарнаўцы, які лічыцца адным з культурных цэнтраў Заходняй Украіны.



З Чарнаўцамі звязаная дзейнасць шматлікіх дзеячаў гісторыі Украіны: ад пісьменніка і палітыка Яна Франка да першага прэзідэнта Леаніда Краўчука.



Усе назвы вуліц пішуцца на дзвюх мовах - украінскай і румынскай.


Цэнтр горада нагадвае еўрапейскія гарады - ціхія, прыгожыя, гістарычныя.



Тут няма шуму праспектаў, няма саўковасці. На вуліцах – дух свабоды.

Вельмі прыемна было пасядзець у цэнтры горада, паслухаць жывую музыку, выпіць куфаль найлепшага піва і палюбавацца прыгожымі фантанамі. Не хачу казаць дрэнна пра Мінск, але наша сталіца шумная і не настолькі ўтульная.

У самым цэнтры можна вельмі смачна пачаставацца нацыянальнай кухняй. І гэта будзе каштаваць меней, чым у нашых простых кавярнях.


 
Горад увечары выглядае яшчэ больш прыгожым і збірае шмат моладзі. Становіцца так хораша, што забываеш пра ўсе свае турботы.

Наступны дзень цалкам правялі ў гарах. Любаваліся найпрыгажэйшымі відамі:



Адно толькі засмуціла – дрэнныя (вельмі дрэнныя) дарогі.





Ехалі на Віжніца, далей на Ворахта і потым Верхавіна…





Шмат людзей заглядываліся на наш аўтамабільны нумар. Здавалася, што яны ўпершыню бачылі беларускія нумары ў Карпатах. Нават ДАІ развярнуліся і ехалі за намі хвілін пяць, потым ізноў вярнуліся на свой маршрут...



Шмат зеляніны, горныя рэкі, скалы, канатныя масты, вадаспады…







Да самага вечара ехалі сярод вялікай прыгажосці, пакуль не дабраліся да найвышэйшай кропкі Украіны – г. Гаверлы, якая знаходзіцца паміж Ворахтай ды Верхавінай.



Даведка:

Говерла размешчана на мяжы Закарпацкай і Івана-Франкоўскай абласцей, каля 17 км ад мяжы з Румыніяй. Гара прыналежыць да хрыбта Чэрнагора ў Карпатах. Назва Вугарская азначае "снежная гара". Вышыня гары складае 2061 м над узроўнем мора. У падножжа знаходзіцца адзін з вытокаў ракі Пруць. Першы турыстычны маршрут з узыходжаннем на гару быў адчынены ў 1880 гаду. З гарадоў паблізу знаходзяцца Рахов, Ясіня.

Першы турыстычны маршрут на Гаверлу быў пракладзены ў 1880 годзе. Сёння да вяршыні кожны дзень здзяйсняюць узыходжанні сотні турыстаў. З гары пры добрай бачнасці на поўначы можна ўбачыць гарады Івана-Франкоўск, Калым’ю і Сняцін, а ў паўднёвым кірунку - румынскі горад Сігету-Мармаціей. З вяршыні выразна бачны недалёкі ад Гаверлы Петрас (2020 м). На паўднёвым усходзе цягнецца чарада вяршыняў Чарнагорскага хрыбта, а на паўдневым-захадзе ўзвышаецца Мармарашскі хрыбет, па якім праходзіць мяжа Румыніі і Украіны. У падножжа гары знаходзіцца адзін з вытокаў ракі Пруць. Недалёка ад месца, дзе вада знайшла выхад са скал размешчаны вадаспад, вышыня якога складае каля 80 мэтраў.



Спачатку скажу, што ісці трэба ў спартыўнай форме. Браць трэба воду ды тэлефон будзе не лішнім. І лепш ісці групаю. Каб было бяспечна.



Што тычыцца нас, мы не ведалі гэтага - ішлі ўдзьвух ды не ў спартыўным адзенні… Вады не было. А ў тэлефоне грошай меней грыўні.



Падымацца дагары было цяжка. Спачатку на КПП з нас узялі па 30 грывень з чалавека за праезд на базу “Зарасляк”.
Далі карту і нумар тэлефона МНС. Ехалі на “жалезным кані” 8 км. Потым пешшу 4 км.



Першая частка маршруту была праз лес. Ішлі па метках. Меткі ў гору былі бел-чырвона-белымі, што было вельмі прыемна. Мы ішлі ўздоўж вадаспаду і горнай ракі. Усё вышэй ды вышэй…



Выйшлі з лесу. Пачалася другая частка. Праз кусты ды камні вышэй і вышэй... Ніжэй нас было відаць месцамі снег. Прыгажосць да і толькі. Дабраліся да перавалу на ўзвышшы прыблізна 1850 м.



Адкрыўся моцны вецер. Ногі ледзь нас трымалі. Такого ветру я яшчэ не бачыў. Да канца гары заставалася недзе 200-250 м. Было цяжка і страшна, бо сонца знікла, з’явілася смуга. Трохі вышэй былі аблокі. Мы бачылі, як турысты ў экіпіроўцы паўзлі ўверх каля аблокаў! Таму вырашылі спускацца ўніз. Да канца падымемся ў наступны раз. А гэта была падрыхтоўка...



Толькі мы сышлі ўніз, як пачаўся дождж. Гэта было прыгожа… Усё зялёнае, пахне карпацкімі раслінамі. Бяжыць крыніца…



Наступны наш горад павінен быў быць Івана-Франкоўск. Але мы заехалі туды і ён нам не вельмі спадабаўся. Вырашылі паехаць далей у накірунку Закарпацця. Было ўжо цёмна. Таму недзе ў 150 км. ад Івана-Франкоўска засталіся на ноч у матэлі.



У Заходняй Украіне вельмі развіты прыдарожны сэрвіс, у адрозненні ад Беларусі. І цэны малыя, і якасць сэрвісу на вышыні.

А вось дарогі – вельмі дрэнныя, як я ўжо казаў. Вось прыклад. І гэтак вельмі часта, на жаль:



З ранку мы паехалі далей у замак “Паланок” у Закарпацкай вобласці Украіны.



Замак размешчаны на гары вулканічнага паходжання вышынёй 68 м і займае пляц 13 930 кв.м. Дакладная дата падставы замка невядомая, але ў дакументах, якія датуюцца XI ст., ён згадваецца ўжо.

Канешне ў самім Мукачова рабіць няма чаго. Прыгожы невялічкі горад. Насельніцтва недзе 94 тысячы чалавек.



Далей на Вужгарад… Горад на Украіне, адміністрацыйны цэнтр Закарпацця, таксама гістарычны цэнтр Падкарпацкай Русі. Горад знаходзіцца на мяжы за Славакіяй:



Насельніцтва складае каля 117 тыс. чалавек. Жывуць там: украінцы, расейцы, русіны, вугорцы, славакі, цыгане, немцы, габрэі.





У горадзе шмат помнікаў архітэктуры – Вужгарадскі замак (ХІ ст.), біскупскі палац (1646 г.) – цяпер бібліятэка ўніверсітэта, каталіцкі касцёл ў стылі Барока (1762 – 1767), ратуша (1810 г.).







Наступным і канцавым нашым пунктам быў Львоў. Пра Львоў ужо пісалі і паказвалі шмат. Горад вельмі прыгожы. І на гэтым наша вандроўка заканчваецца.


P.S. Паліва ва Украіне, як мне казалі сябры, лепш браць альбо 92-гі (мазырскага заводу) на ОККО, альбо 95 "мустанг" на ВОГ. Старайцеся запраўляцца ў вялікіх гарадах. На дарогах шмат “бадяжаць”. "Лукойл" – не лепшай якасці.


Сябры, на працягу года многія з вас вандруюць па свеце. У вас ёсць цікавыя фотаздымкі з адпачынку і жаданне расказаць пра любімае месца наведвальнікам TUT.BY? З нецярпеннем чакаем вашы гісторыі с фотаздачай на адрас media@tutby.com з пазнакай "Фотаадпачынак"!
-30%
-20%
-20%
-50%
-40%
-20%
-10%
-20%
-21%