Яшчэ 150 гадоў таму ў Смаргонi iснавала заснаваная Радзiвiламi "Акадэмiя", у якой дрэсiравалi мядзьведзяў. А сёньня там дрэсiруюць сабак для аховы мяжы. Фотарэпартаж Андрэя Лянкевiча падрыхтаваны рэдакцыяй пасьля затрыманьня фотакарэспандэнта 25 сакавiка падчас выкананьня ягоных прафэсiйных абавязкаў.

Яшчэ 150 гадоў таму ў Смаргонi iснавала заснаваная Радзiвiламi "Акадэмiя", у якой дрэсiравалi мядзьведзяў. Зьвяры цешылi шляхту на забаўляльных мерапрыемствах таго часу, палохалi замежных гасьцей, а Пане Каханку, калi верыць легендзе, на iх нават катаўся. Толькi для аховы межаў iх не ўжывалi. Хоць сёньня на эмблеме Смаргонскага памежнага атраду ‑‑ мядзьведзь. I дрэсiруюць у Смаргонi сёньня сабак для аховы мяжы.

Штогод у пiтомнiку кiналягiчнага цэнтру Смаргонскага памежнага атраду Дзяржкамiтэту памежных войскаў рыхтуюць ад 80 да 100 сабак. Апроч "традыцыйнай" нямецкай аўчаркi тут гадуюць лабрадораў i бэльгiйскiх аўчарак. Працэс падрыхтоўкi службовых сабак складаецца з трох этапаў: падрыхтоўчага, асноўнага (курсу службовай дрэсiроўкi па вiду службы) i трэнiроўкi сабак непасрэдна ў падразьдзяленьнi.

Таму, хто атрымаў "нездавальняюча" на iспыце, даецца шанец працягнуць навучаньне, па сканчэньнi якога выносiцца вэрдыкт — цi годны для службы цi не. Вызначаецца прычына: кепскi зрок альбо нюх, боязь стралянiны. Выбракаваных жывёл з радасьцю купляюць — яны, напрыклад, зьяўляюцца добрымi вартаўнiкамi.

Абвяргаючы стэрэатыпную думку, што службовых сабакаў выхоўваюць злоснымi i наркаманамi, кiнолягi распавялi, што галоўнае ў навучаньнi — гульнявы момант, разьвiцьцё рэфлексу. Напрыклад, калi сабака знаходзiць наркотык, то атрымлiвае на некалькi хвiлiнаў цацку. Каб умовы навучаньня былi наблiжанымi да рэальных, у Цэнтры пабудаваныя заля прылёту пасажыраў i чыгуначны вакзал. У сярэднiм чатырохлапыя памежнiкi служаць восем гадоў.

На 3600‑кiлямэтровай беларускай мяжы ў 2005 годзе затрымалi 66 кг наркатычных i псыхатропных рэчываў i 5,5 лiтры экстракцыйнага опiю. У 2006 — больш за 30 кг. Але для ацэнкi эфэктыўнасьцi работы сабак важна, колькi было выпадкаў выяўленьня. Калi ў 2005 годзе сабачы нос "паказваў на наркакантрабанду 4 разы, то ў 2006 годзе — 12 разоў. Магчыма, з часам беларускiя сабакi навучацца, як iх "калегi" з Аўстрыi, дзе кiналягiчная служба найбольш разьвiтая, вызначаць прычыну пажару — натуральнае было запальваньне альбо наўмысны падпал. Таксама аўстрыйцы працуюць над тым, каб навучыць сабак вызначаць фальшывыя грошы.

Паводле словаў кiраўнiка Цэнтру палкоўнiка памежных войскаў Уладзiмера Жалдыбiна, умовы ўтрыманьня сабак практычна на ўзроўнi сусьветных стандартаў. Напрыклад, для аналiзу крывi набыта унiкальная лябараторыя, што рэдка можна знайсьцi ў "чалавечых" бальнiцах. У Цэнтры ёсьць радзiльнае аддзяленьне, дзе да пэўнага моманту знаходзяцца сукi са шчанюкамi, у вальерах непадалёку сваволяць шчанюкi крыху сталейшыя. Хворыя сабакi накiроўваюцца ў вэтэрынарны пункт, дзе iм могуць паставiць кропельнiцу альбо ў кабiнэце фiзiятэрапii правесьцi неабходныя працэдуры.

sabaki_03-lnk080326 (42K)

sabaki_05-lnk080326 (44K)

sabaki_01-lnk080326 (36K)

sabaki_02-lnk080326 (62K)

sabaki_04-lnk080326 (47K)

sabaki_06-lnk080326 (46K)

sabaki_07-lnk080326 (44K)

sabaki_08-lnk080326 (52K)

sabaki_10-lnk080326 (44K)

{banner_819}{banner_825}
-15%
-10%
-45%
-40%
-50%
-18%
-30%
-50%
-10%