Часовы павераны Славакіі ў Беларусі Любамір Рэгак, прэс-сакратар пасольства Польшчы Моніка Садкоўска, саветнік пасла Літвы Дарыус Віткаўткас, пасол Украіны Ігар Ліховы прачыталі ў перакладзе на беларускую вершы паэтаў сваіх краін пра мову. Часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс прачытаў у перакладзе на англійскую мову адзін з санетаў Янкі Купалы.
Дыктоўку яе ўдзельнікам зачытвала выкладчыца беларускай мовы больш чым з 30-гадовым стажам з Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва, намеснік старшыні ТБМ Людміла Дзіцэвіч. У якасці тэксту была выбрана прадмова Францішка Багушэвіча да яго кнігі "Дудка беларуская".
Паводле слоў кіраўніка мінскага аддзялення пасольства Швецыі ў Маскве Стэфана Эрыксана, у яго "вельмі добрае стаўленне да беларускай мовы", якую дыпламат, калі прыехаў у Мінск, адразу пачаў вывучаць. Як прызнаўся С. Эрыксан, удзел у дыктоўцы стаў для яго і цікавым досведам, і добрым урокам беларускай мовы.
Ініцыятар агульнанацыянальнай дыктоўкі, палітолаг Уладзімір Падгол падкрэсліў у інтэрв'ю БелаПАН, што агульнанацыянальная дыктоўка стала "актам салідарнасці людзей з беларускай мовай, актам яе пашаны і сведчаннем таго, што яна неўміручая".
Нагадаем, агульнацыянальная дыктоўка па беларускай мове будзе праводзіцца 23 сакавіка кожную гадзіну з 10.00 да 18.00. Яе пераможцы атрымаюць розныя прызы. Фотавыставу матэрыялаў дыктоўкі мяркуецца прадэманстраваць у Беларусі і ў тых краінах, дзе жывуць беларусы, а таксама экспанаваць у будынку сакратарыята ААН у Нью-Йорку.
Get the Flash Player to see this player.