Поддержать TUT.BY
Коронавирус: свежие цифры


Не так даўно выдавецтва “Папуры” прадставіла серыю “Мая беларуская кніга”. Серыю склалі 26 тамоў, напісаных класікамі беларускай літаратуры, і зборнік казак і паданняў. На прэзентацыі прагучала пытанне: “А з чаго пачаць? Што лепшае?”
 


Пытанне, на мой погляд, вельмі цікавае, бо добра адлюстроўвае сённяшнюю сітуацыю – у нашай краіне не так многа людзей, якія добра ведаюць уласную нацыянальную класіку. З аднаго боку, кожны беларус чуў імёны Купалы, Коласа, Багдановіча. З другога – мала хто можа адказаць на пытанне: “А якія з іх твораў вам падабаюцца?” Узнікае ўражанне, што сваё беларускае не чытаецца, бо нечытэльнае – няякаснае, нецікавае, незразумелае. І пісьменнікі нашы не творцы, а выключна песняры “касы ды сахі”.
 
Між тым, мы, як правіла, вельмі мала ведаем пра сваю літаратуру і сваіх літаратараў. Нават пра тых, чые творы, здавалася б, вывучалі ў школе. Ці многія ведаюць, што пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, аўтар “Пінскай шляхты”, неаднойчы быў пад судом, і нават сядзеў у турме на Валадарцы ў 1835 годзе? Між іншым, гэты драматург быў вельмі папулярнай асобай Мінска сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Аднак не толькі яго тэатральная дзейнасць – а ён быў яшчэ і выдатным акторам! – прынесла яму вядомасць, але і авантурны характар. Так ён неаднойчы абвінавачваўся ў падробцы дакументаў аб дваранскім паходжанні, для вытворчасці якіх, быццам бы, выкарыстоўваў паперу, штучна састараную з дапамогай тытуню і кавы, а таксама свой талент каліграфа. Не менш цікавая і гісторыя пра тое, як нейкі багаты вораг з помсты заказаў у мінскіх цэрквах пахавальны звон па жывым пісьменніку. Нават жаніўся Дунін-Марцінкевіч з прыгодамі! Нядаўна архівіст Зміцер Дрозд знайшоў дакументы, якія сведчаць пра тое, што сваю зусім юную нявесту пісьменнік выкраў, насуперак волі яе бацькоў, таемна павянчаўся з ёю, а пасля таго, як яе змясцілі ў манастыр па заяве бацькоў, выйграў справу аб выкраданні і ажаніўся з ёю наноў. Прыгоды, вартыя мастацкага фільма!

Не менш цікавым чалавекам быў і Янка Маўр, якога называлі беларускім Жулем Вернам. Мала хто сёння ведае, што акрамя добра вядомых старэйшаму пакаленню “Палескіх рабінзонаў” і “ТВТ”, гэты аўтар напісаў шмат прыгодніцкіх і навукова-фантастычных твораў, якія, між іншым, актыўна перакладаліся за мяжой. Адны іх назвы чаго вартыя! "Вандраванне па Зорках", "Аповесць будучых дзён", аповесць "Фантамабіль прафесара Цылякоўскага"… Не толькі ў творчасці, але і ў жыцці гэты пісьменнік быў вялікім арыгіналам. Вядома, што для таго, каб лепш уяўляць сабе далёкія заморскія краіны, пісьменнік паставіў пісьмовы стол на мастках над Свіслаччу і пісаў, звесіўшы ногі ў ваду. А для напісання кнігі “Амок” Янка Маўр збіраў інфармацыю, выкарыстоўваючы сваё веданне штучнай мовы эсперанта. Але самым неверагодным, з таго, што давялося пра яго прачытаць, выглядае той факт, што дзіцячы пісьменнік і адначасова школьны настаўнік захапляўся спірытызмам пры дапамозе сподачка і стала з алфавітам! Як пішуць, у яго было нават два сшыткі, куды ён запісваў вынікі спірытычных сеансаў, але ў 1938 годзе ён іх спаліў. Эх, многае аддала б за тое, каб у іх зазірнуць! Наогул, жыццё Янкі Маўра (Івана Фёдарава) настолькі цікавае і змястоўнае, што дзіўна, што ніхто яшчэ не напісаў яго біяграфію у серыі ЖЗЛ, бо відавочна, што гэты пісьменнік быў з кагорты людзей, якія апярэджваюць свой час.



Поўнай супрацьлегласцю адказнаму родапачынальніку фантастычнага жанра быў лірычны Міхась Стральцоў. Паэт, празаік, літаратуразнаўца… Ён нарадзіўся ў вёсцы, але для тых, хто яго ведаў, быў увасабленнем арыстакратызму і багемнасці. Багемны лад жыцця ў рэшце рэшт яго і згубіў, але ў памяці сваіх равеснікаў ён застаўся прыгажуном, эталонам элегантнасці, любімцам жанчын. Цікава, што пісаў гэты аўтар пра тыповага беларуса, “сена на асфальце”, які быў ужо не вяскоўцам, але і не да канца гараджанінам. Аднак сама яго творчая манера была вельмі сучаснай, па-еўрапейску рэфлексіўнай. Дастаткова адкрыць яго сапраўды геніяльнае апавяданне “Смаленне вепрука”, каб зразумець, што перад намі пісьменнік, чые творы не хутка страцяць актуальнасць – столькі ў іх высакароднай тонкасці, мастакоўскай назіральнасці, пранізлівай глыбіні. Зноў жа, менавіта ён па-сапраўднаму адкрыў беларускаму чытачу другога выбітнага лірыка Максіма Багдановіча, пра якога Стральцоў напісаў неверагоднае эсэ “Загадка Багдановіча”, дзе разважае не толькі пра творчасць свайго папярэдніка, пра яго лёс, узаемаадносіны з бацькам, але і пра прыроду самога літаратурнага мастацтва.
 
Такім жа гарадскім фацэтам, выкшталцоным кавалерам, на якога не магчыма было не звярнуць увагу, быў і Уладзімір Караткевіч. Гісторык, пісьменнік, паэт, але да ўсяго і аматар сяброўскіх пасядзелак, выдатны апавядальнік, любіцель вясёлых розыгрышаў, ад якіх часта цярпелі пазбаўленыя гумару паплечнікі. Мала хто ведае, што аўтар культавых твораў “Чорны замак Альшанскі” і “Дзікае паляванне караля Стаха” да ўсяго быў і выдатным малявальшчыкам, чый талент праяўляўся нават у такім складаным жанры як комікс. Пра жарты Караткевіча многа пісалі яго сябры, а вось якім быў Караткевіч у адносінах з жанчынамі выдатна напісаў Дзяніс Марціновіч ў сваёй кнізе “Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча”, з якой можна даведацца, каму быў прысвечаны першы зборнік паэта “Матчына душа”, ці існаваў працяг рамана “Каласы пад сярпом тваім”, хто і чаму называў чэчэнскую паэтэсу Раісу Ахматаву жонкай пісьменніка, і што звязвала Караткевіча з арганізатарам знакамітай выставы авангарднага мастацтва ў Манежы ў 1962 годзе.
 
Як бачым, што ні лёс, то прыгода! І гэта толькі пісьменнікі, чые імёны на слыху!
А ёсць жа яшчэ і пісьменнікі, пра якіх не кожны беларус чуў. Напрыклад, Саламея Пільштынова, аўтарка кнігі “Авантуры майго жыцця”, якая не толькі стала знакамітай лекаркай без медыцынскай адукацыі, але і практыкавала пры дварах турэцкага султана, расійскага імператара і беларускіх магнатаў Радзівілаў і Сангушкаў. У Вене яна лячыла членаў турэцкага пасольства, у Стамбуле – жанчын гарэма. Сярод самых вядомых яе пацыентаў быў трансільванскі князь Ёжэф Ракоцкі, галоўны прэтэндэнт на венгерскі прастол. Пасля смерці мужа гэтая доктарка і пісьменніца траціла грошы на вандроўкі і выкуп палонных. Дзе скончылася яе поўнае дзівосных прыгод жыццё – невядома. У 1760 годзе Пільштынова адправілася са Стамбула ў Святую Зямлю і далейшы лёс яе для нас таямніца. Аднак засталіся яе неверагодныя “Авантуры”, якія не толькі адкрываюць малавядомае шырокаму колу чытачоў пісьменніцкае імя, але і мала даследаваную старонку нацыянальнай гісторыі.
 
Дык з чаго ж пачаць чытанне? Якая ж кніга лепшая, які аўтар самы цікавы? Адказ, здаецца, відавочны. Пачынайце з таго, пра што раней не ведалі. Не бойцеся не правераных школьным падручнікам імёнаў. Беларуская літаратура – багатая на сюрпрызы, асабліва тады, калі адносіцца да яе без насцярогі, а з цікавасцю.
 
Ганна Кісліцына
 
Кошт кожнаi кнiжцы складае 55.000 рублёў да першага верасня.
 
Старонка серыi "Мая Беларуская Кнiга" — popuri.ru/belkniga

Група выдавецтва Папуры у Вконтакте и Facebook.
 
Падпішыцеся на e-mail рассылку і выйграйце разам 26 кнiг: popuri.ru/belkniga/#five
 
-25%
-50%
-20%
-25%
-30%
-30%
-30%
-20%