/ фото: Игорь Матвеев,

Што аб'ядноўвае ўсіх сапраўдных беларусаў? Бульба! Яе любяць землякі рознага ўзросту, полу, прафесій, сацыяльнага статусу, фінансавага становішча, месцажыхарства, веравызнання і г.д. Гэта яшчэ раз даказаў фэст, які прайшоў у мінулыя выходныя ў вёсцы Германавічы непадалёк ад Шаркаўшчыны.

Фото: Игорь Матвеев

"На бульбу" ўсіх да сябе запрасіла Ада Райчонак - былая настаўніца, вядомая ў Беларусі грамадская дзеячка, ініцыятарка шматлікіх мастацкіх пленэраў, бардаўскіх фестываляў, навуковых канферэнцый, заснавальніца культурна-адукацыйнага цэнтра імя Язэпа Драздовіча, лаўрэат прэміі "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава (2010 год).

На запрашэнне Ады Эльеўны адгукнуліся жыхары Германавіч і навакольных вёсак, барды Таццяна Матафонава (Мінск), Георгій Станкевіч (Бешанковічы), журналісты віцебскай суполкі БАЖ.

Фото: Игорь Матвеев
Ада Райчонак

"У Германавічах шмат гадоў ладзіліся бардаўскія фэсты, а сёлета  вырашылі правесці свята, прысвечанае бульбе.  Дапамаглі яго правесці мае вучні і сябры", — распавяла Ада Райчонак.

Бульбяныя шэдэўры гатавалі каля дзясятка мясцовых жанчын. Свой унёсак зрабілі і гаспадыні з Глыбокага.

Чаго толькі ні было на гэтым піры, хіба бульбяных цукерак! А так - і клёцкі з "душамі", і бульба, фаршыраваная мясам, і піражкі з рознымі начынкамі, і "дранка" ці "таркаванка" (гэтак мясцовыя жанчыны называюць бабку). Ну і, зразумела, дранікі. Іх гаспадыні смажылі проста ў двары на вачах ўва ўсіх, напрацягу амаль цэлага свята.

Адзін рэцэпт - "дранкі" - мы запісалі ў жыхаркі вёскі Радзюкі, паэткі Людмілы Ардынскай:

- Бульбу надзіраем на тарцы, крыху адціскаем сок, дадаем падсмажаную злёгку цыбулю (на алеі ці сметанковым масле, як каму падабаецца). Можна таксама дадаць ячневыя крупы - ёсць і такі варыянт прыгатавання "дранкі", а можна - смажанае сала. Выкласці ўсё ў рондаль - і ў духоўку, а лепей у печ.

Фото: Игорь Матвеев
Пётр Баравік

А яшчэ была неверагодна смачная юшка. Яе гатаваў, як водзіцца, мужчына - Пётр Баравік з Шаркаўшчыны. 

- Юшку зварыў з ліня і карасёў. Не, лавіў не сам, адмыслова папрасіў іншых людзей, - распавёў кухар. - Сакрэт добрай юшкі ў тым, каб гатаваць яе з душой.

Мужчына цудоўна размаўляе па-беларуску. Прызнаўся, што ён - маёр міліцыі, зараз на пенсіі. Гэты факт здзівіў:

- І так добра родную мову вывучылі...

- А пачаў вывучаць... у войску. Служыў у Літве. Зямляк быў усяго адзін - паляшук. Дык адзін саслужывец, літовец, ніяк не мог зразумець, чаму мы паміж сабой па-свойму не размаўляем. А аднойчы проста ўзяў ды, на правах "дзеда", загадаў: размаўляйце!

Пачаў паляшук, а ў іх жа такі дыялект своеасаблівы. Тады я. І так было нязвыкла нам. І сорамна, што мы, беларусы, на сваёй мове не размаўляем. Паступова стала даходзіць, што мы - асобны народ і ўсё ў нас сваё - мова, культура, гісторыя. Стаў гэтым ганарыцца. Дарэчы, беларусаў у інтэрнацыянальным савецкім войску паважалі.

Выявілася, што гэта быў не адзін прадстаўнік праваахоўных органаў на свяце. Прыехаў і больш маладзейшы калега Пятра - у якасці госця Ады Райчонак, а не па службовым абавязку.

Пакаштаваўшы бульбяных прысмакаў, госці танчылі, слухалі бардаў, падпявалі ім, адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў краязнаўчым конкурсе, выйгравалі прызы. Было вельмі душэўна і вольна.

Фото: Игорь Матвеев
Фото: Игорь Матвеев
Фото: Игорь Матвеев
Фото: Игорь Матвеев
Фото: Игорь Матвеев

Вёску Германавічы ў Беларусі ведаюць дзякуючы музею мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча і прыватнаму літаратурна-мастацкаму музею імя Міхася Райчонка. Абодва стварыла Ада Эльеўна. Апошні з іх - у гонар сына, які заўчасна, зусім маладым, у росквіце літаратурнага таленту, пайшоў з жыцця.

Для гэтых музеяў Ада Райчонак выкупіла хату на дзве паловы. Жанчына прызналася, што ўтрымліваць іх нялёгка. Сама яна ўжо ў сталым веку, а сын хворы. Двор каля музея сваімі сіламі цяжка касіць і даглядаць. А мясцовыя жыхары не надта імкнуцца дапамагчы. Між тым гэтыя ўстановы наведваюць шматлікія замежнікі, у тым ліку амбасадары.

Фото: Игорь Матвеев
Фото: Игорь Матвеев
Фото: Игорь Матвеев

Сёння ў вёсцы жыве блізу 600 чалавек. А ўпершыню яна ўзгадваецца ў 1563 годзе пад назвай Ерманавічы як сяло ВКЛ на мяжы з Полацкім ваяводствам. Верагодна, належала яно да маёнтка Сапегаў. 3 1782 да 1939 года мястэчка было ўласнасцю роду Шырынаў. Ігнацій Шырын заснаваў тут касцёл. Ён захаваўся дасюль і з'яўляецца сапраўднай пярлінай дойлідскага мастацтва.

Фото: Игорь Матвеев
Фото: Игорь Матвеев
Касцёл Перамянення Гасподняга, XVIII стагоддзе

Фото: Игорь Матвеев

Сімвалам свята стала кветка бульбы. А наконт назвы ўдзельнікі не вызначыліся. Гаспадыня - Ада Райчонак, называла яго "Германавіцкі бульбяны калейдаскоп", іншыя казалі "Бульба-фэст", "Бульбяны фэст". Але ці ж гэта важна?! Галоўнае, што бульба зрадніла нават незнаёмых дагэтуль людзей. Дамовіліся, што імпрэза будзе не апошняй.
-20%
-20%
-12%
-50%
-50%
-10%
-45%
-10%
-27%